Іона II (мітрапаліт Кіеўскі)

мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі
(Пасля перасылкі з Іона II)

Іона II, свецкае імя невядома (XV ст. — пасля 9 ліпеня 1507 да лютага 1508) — мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі.

Іона II
мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі[d]
1503 — 9 ліпеня 1507
Папярэднік Іосіф Балгарыновіч[d]
Пераемнік Іосіф Солтан
Дзейнасць святар
Нараджэнне XV стагоддзе
Смерць 9 ліпеня 1507

Пра ранняе жыццё нічога не вядома. Да прыняцця манаства быў сямейны, меў сына Сямёна (Сеньку Крывога).[1]

Выказвалі думкі, што Іона быў праваслаўным святаром у Вільні і, магчыма, пра яго пісала вялікая княгіня літоўская Алена Іванаўна свайму бацьку вялікаму князю маскоўскаму Івану Васілевічу: «А есть со мною другой поп из Вильны, и он добре добр», — як пра свайго новага духоўніка, замест памерлага папа Фамы, што калісьці прыехаў з ёю з Масквы. Аднак, такая тоеснасць толькі гіпотэза. Уніяцкія аўтары XVII ст. называлі Іону маскавітам, што магло сведчыць пра паходжанне з Маскоўскай дзяржавы, але магло і толькі пра нецярпімасць да ідэй царкоўскай уніі.[1]

Пры разглядзе ў 2021 годзе граматы судовага выраку мітрапаліта Іосіфа (Солтана) ад 31.1.1510 года, выяўлена, што ў мітрапаліта Іоны была сястра — жонка менскага святара Валодкі, яе сыны — «сястрынцы» (пляменнікі) мітрапаліта — Пракоп і Грынь, таксама былі святарамі менскай царквы. Валодка таксама быў сынам менскага святара Фёдара, які служыў у менскай царкве яшчэ да 1433 года і сам, магчыма, быў сынам менскага святара, але апошняе няпэўна. Пракоп і Грынь памерлі пры жыцці мітрапаліта Іоны, то-бок паміж 1503 і лютым 1508 года. Грынь пакінуў удаву Апранню і двух дарослых дзяцей — сына Івашку і дачку, якая ў 1510 годзе была ўжо ў шлюбе. Такім чынам, шлюб сястры будучага мітрапаліта з Валодкам адбыўся не пазней за канец 1470-х гадоў. Даследчыкі лічаць рызыкоўным з аднаго сведчання рабіць выснову пра менскае паходжанне мітрапаліта Іоны, але думаюць, што імавернасць гэтага высокая.[2]

У прывілеі караля Аляксандра ад 7.3.1502 года Іона названы ўжо архімандрытам менскага Узнясенскага манастыра. Недзе тым жа часам Іона хіратанізаваны ў епіскапа Уладзімірскага і Берасцейскага. Неўзабаве быў нарачоны і мітрапалітам Кіеўскім, Галіцкім і ўсяе Русі. Праваслаўныя аўтары XVII ст. Сільвестр (Косаў) і Іаан (Дубовіч) сцвярджалі, што ў выбары Іоны на кіеўскую мітрапаліцкую кафедру вызначальную ролю адыграла заступніцтва вял.кн. Алены, якая была і дабрадзейкай менскага Узнясенскага манастыра.[1]

У 1-й палове 1503 года кароль Аляксандр і праваслаўныя князі і паны звярнуліся да канстанцінопальскага патрыярха з просьбай зацвердзіць Іону мітрапалітам кіеўскім, такім чынам аднавіць царкоўныя адносіны Кіеўскай мітраполіі з Канстанцінопальскім патрыярхатам, перарваныя выказаным папярэднім мітрапалітам кіеўскім Іосіфам Балгарыновічам жаданнем перайсці пад уладу Папы. У чэрвені 1503 года канстанцінопальскі патрыярх Пахомій I падпісаў настольную грамату Іоне, аднак яшчэ і ў кастрычніку 1503 года, пры асвячэнні Дабравешчанскай царквы Супрасльскага манастыра, Іона тытулаваны «асвечаным епіскапам, нарачоным мітрапалітам Кіеўскім і ўсяе Русі».[1]

Косаў і Дубовіч называлі Іону набожным і «простым». Паводле царкоўнага гісторыка Я. Кулешы, пры мітрапаліце Іоне «схізма ўзняла галаву» і царкоўнымі справамі сталі цікавіцца не толькі просталюдзіны, але і шляхта, і магнаты. Паводле Ю. Барташэвіча, менавіта пазіцыя Іоны была прычынай адмовы Кіеўскай мітраполіі ад уніі з Рымам, заключанай Іосіфам Балгарыновічам. Іона меў падтрымку праваслаўных магнатаў Вялікага княства Літоўскага.[1]

Падчас вайны 1500—1503 гадоў сын мітрапаліта Сямён трапіў у маскоўскі палон. У 1505 годзе мітрапаліт Іона звяртаўся да маскоўскага мітрапаліта Сімана з просьбай хадайніцтва пра абмен Сямёна на аднаго палоннага маскоўскага сына баярскага, аднак вял.кн. маскоўскі Васіль Іванавіч дазволіў абмен толькі на двух сыноў баярскіх, таму абмен не адбыўся. У 1506 годзе Іона зноў прасіў пра вызваленне сына на ранейшых умовах, гэтым разам вял.кн. маскоўскі пагадзіўся, але і ў 1507 годзе Сямён яшчэ заставаўся ў палоне.[1]

Мітрапаліт Іона перадаў права патранату над гродзенскім Каложскім манастыром вялікаму пісару літоўскаму Богушу Багавіцінавічу (20.7.1506), які аднавіў манастыр і надаў яму землі. У прысутнасці смаленскага епіскапа Іосіфа (Солтана) адмовіўся ад маёмасных правоў на Каложскі манастыр і дазволіў свецкаму кцітару прызначаць ігумена.[1]

Склаў дзве духоўныя граматы, у адной апісана частка маёмасці перадаваная як заўпакойны ўклад у храмы, у другой астатняя маёмасць падзелена паміж сябрамі, слугамі і сынам Сямёнам, яшчэ палонным. Каб забяспечыць выкананне тастаментаў, частку грошай мітрапаліт пакідаў каралю Жыгімонту Старому, які зацвердзіў абодва тастаменты прывілеям ад 9.7.1507 года.[1]

Пэўны час смерці не вядомы, але ў лютым 1508 года нарачоным мітрапалітам кіеўскім названы ўжо Іосіф (Солтан).[1]

Зноскі

Літаратура правіць