Ферара-Фларэнтыйскі сабор

(Пасля перасылкі з Фларэнтыйская унія)

Ферара-Фларэнтыйскі сабор — сабор хрысціянскіх цэркваў (14381445). У 1438—1439 праходзіў у Ферары, у 1439—1442 — у Фларэнцыі, у 1443—1445 — у Рыме. У Каталіцкай царкве лічыцца XVII Сусветным саборам. Праваслаўнымі цэрквамі рашэнні Сабора адпрэчваюцца.

Дата 1438-1445
Прызнаецца Каталіцтва
Папярэдні Сабор Канстанцкі сабор
Наступны Сабор Пяты Латэранскі сабор
Скліканы Яўгенам IV
Колькасць прысутных каля 117 (лацінскі) і 31 (грэчаскі)
Абмеркаваныя тэмы Даданне да Сімвалу Веры філіёквэ (лац.: filioque — «і ад сына»), Папская ўлада, Служэнне на праснаках, Пытанне аб эпіклезе
Дакументы і заявы Папскія булы, прымірэнне з Усходнім Праваслаўем, і Армянскай апостальскай царквой
Храналагічны спіс Сусветных сабораў
Сабор Санта-Марыя-дэль-Ф'ёрэ дзе ў 1439 годзе была падпісана Фларэнтыйская унія

Ферара-Фларэнтыйскі сабор стаў працягам Базельскага сабору і пачаўся з асуджэння яго ўдзельнікаў.

Праваслаўная царква мусіла прызнаць некаторыя каталіцкія дагматыfilioque (зыходжанне Святога Духа не толькі ад Бога-Айца, але і ад Бога-Сына), існаванне чыстца і г.д. пры захаванні абраднасці і богаслужэння на грэчаскай, царкоўнаславянскай і іншых мовах, шлюбу белага духавенства і права простых вернікаў прычашчацца віном з чашы. Скліканы Папам Яўгенам IV для заключэння уніі ўсяленскі сабор (14381445) адкрыўся ў Ферары, працягнуў сваю дзейнасць у Фларэнцыі, а закончыў у Рыме, адсюль назва — Фларэнтыйскі (Ферара-Фларэнтыйскі) сабор. Аднымі з ініцыятараў уніі былі кіруючыя колы Візантыйскай імперыі, у тым ліку імператар Іаан VIII Палеалог і канстанцінопальскі патрыярх Іосіф II, якія спадзяваліся ў абмен на саступкі ў дагматыцы атрымаць дапамогу Захаду ў барацьбе з турэцкай пагрозай. Ідэю уніі з канца XIV стагоддзя паслядоўна спрабавалі рэалізаваць усе вялікія князі літоўскія, у першую чаргу Вітаўт (глядзіце Канстанцкі сабор), разлічваючы ўзмацніць унутранае адзінства дзяржавы. Смаленскі епіскап Герасім, у 14331435 гадах мітрапаліт кіеўскі і «ўсяе Русі», з ведама Свідрыгайлы і канстанцінопальскай патрыярхіі вёў з Яўгенам IV перамовы аб уніі, якая не была рэалізавана з-за пакарання смерцю Герасіма Свідрыгайлам у 1435 годзе.

Дэлегацыю праваслаўнай Кіеўскай мітраполіі (да 1458 года арганізацыйна адзінай у межах ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы) на Фларэнтыйскі сабор узначальваў мітрапаліт Ісідар, пастаўлены Іосіфам II пасля смерці Герасіма. У яе ўваходзілі будучы мітрапаліт Рыгор Балгарын, суздальскі епіскап Аўраамій, аўтар «Аповесці пра Фларэнтыйскі сабор» інак Сімяон з Суздаля і іншыя. 5 ліпеня 1439 года унія была падпісана, а назаўтра ўрачыста абвешчаная ў кафедральным саборы Фларэнцыі. З каталіцкага боку свай подпісы паставілі Папа Яўген IV, 143 прымасы, кардыналы, архібіскупы і біскупы; з праваслаўнага — імператар Іаан VIII, мітрапаліты Антоній, Дасіфей, Ісідар і яшчэ 15 мітрапалітаў. На зваротным шляху, у сакавіку 1440 года Ісідар з венгерскай сталіцы Буды звярнуўся з пастырскім пасланнем да вернікаў Польшчы, ВКЛ, Інфлянтаў і Русі, заклікаўшы падтрымаць Фларэнтыйскую унію. Але нягледзячы на тое, што Ісідар правёў каля 6 месяцаў (паводле іншых крыніц, 11 месяцаў) у ВКЛ, імкнучыся ўмацаваць свай пазіцыі, наведаў Вільню, Полацк, Тураў (паводле Hаўгародскага летапісу, ён «повеле в лячкых божницах рускім попом свою службу служити, а в рускых церквах капланом»), спроба ўвесці унію не ўдалася. Апрача праваслаўнай царквы, яна сабатавалася і каталіцкімі іерархамі Польшчы і Літвы, якія да 1443 года не прызнавалі уніі і яе ініцыятара Яўгена IV і падпарадкоўваліся Феліксу V, абранаму альтэрнатыўным Фларэнтыйскаму Базельскім саборам. Талерантнае стаўленне Фларэнтыйская унія сустрэла толькі ў Кіеве, Смаленску і некаторых іншых землях ВКЛ. Прызнанне яе князем Юрыем Лугвенавічам, які ў 1440—1441 гадах на кароткі час аднавіў незалежнасць былога Смаленскага княства ад ВКЛ, разлічваючы атрымаць падтрымку Рыма, было яшчэ адной прычынай, чаму кіруючыя колы ВКЛ на той час не падтрымалі Фларэнтыйскую унію.

Яшчэ менш прыхільнасці выклікала дзейнасць Ісідара ў Маскве, дзе яго «лацінства» было ў 1441 асуджана царкоўным саборам, а сам ён зняволены. Неўзабаве яму ўдалося ўцячы ў Цвер, адкуль у 1442 годзе ён «поехал в Литву к Казимеру в Hовый Городок и пробыв тамо пойде к Риму», дзе з часам атрымаў ад Папы сан уніяцкага Канстанцінопальскага патрыярха ў рангу кардынала. У рэшце рэшт пацярпела няўдачу і спроба ўвесці унію ў Візантыі.

Пасля аднаўлення ў 1458 годзе асобнай ад маскоўскай Кіеўскай мітраполіі (з рэзідэнцыяй у Навагрудку) Фларэнтыйская унія падтрымлівалася Казімірам IV, які сам, паводле некаторых звестак, быў у маленстве хрышчоны і па праваслаўным, і па каталіцкім абрадах. У 1470-х гадах ён арганізоўваў звароты лаяльных да уніі мітрапалітаў кіеўскіх Рыгора Балгарына і Місаіла да Папы Сікста IV аб гатоўнасці працягнуць справу уніі. Да пачатку XVI стагоддзя кіеўскія мітрапаліты, як правіла, са смаленскіх епіскапаў, (глядзіце Іосіф I). фармальна лічылі Фларэнтыйскую унію сапраўднай на тэрыторыі Польшчы і ВКЛ. Аднак гэта фактычна ніяк не адбівалася на жыцці ніжэйшага духавенства і вернікаў, хаця, напрыклад, зрабіла магчымым выпуск Папам адмысловых індульгенцый, збор ад якіх мусіў пайсці на адбудову Кіева, разбуранага ў 1482 годзе крымскім ханам Менглі-Гірэем. На прынцыпах Фларэнтыйскай уніі была заснавана Берасцейская унія 1596 года, ідэолагі якой, асабліва Іпаці Пацей, часта звярталіся ў палеміцы да прыкладу Фларэнтыйскай уніі. Так, у 1605 годзе Пацей апублікаваў знойдзеную ім быццам бы ў крэўскай царкве рукапісную стараславянскую кнігу, якая ўтрымлівала апісанне Фларэнтыйскага сабора і так званую «эпістолію» мітрапаліта Місаіла да Сікста IV у 1476 годзе, напісаную на старабеларускай мове, сапраўднасць якой пачала аспрэчвацца адразу пасля публікацыі. Сярод паслоў у Рым у ёй названы «благоверный княз Дмитр Вяземский сын князя Константинов з белое Руси».

Напісанае супраць Фларэнтыйскай уніі паміж 14611471 гадамі «Слово избранное от святых писаний еже на латыню» (перапрацоўка «Аповесці» Сімяона Суздальскага) — першая ўсходнеславянская крыніца, у якой згадваецца Белая Русь, што паслужыла адной з падстаў памылковага меркавання пазнейшых гісторыкаў, нібыта «Белая Русь» пры Васілі II і Іване III была афіцыйнай назвай Маскоўскай дзяржавы.

Літаратура правіць

  • Белы А. Фларэнтыйская унія // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2003. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8. — С. 42.
  • Попов А.Н. Историко-литературный обзор дpевнеpусских полемических сочинений пpотив латинян. М., 1875 («Слово избpанное…»).
  • Павлов А.С. Кpитические опыты по истоpии дpевнейшей гpеко-pусской полемики пpотив латинян. СПб, 1878.
  • Архив Юго-Западной России, издаваемый комиссиею для разбора древних актов. Ч. I, Т. VII. Киев, 1887 («эпістолія» Місаіла).
  • Lewicki A. Unia Florenska w Polsce // Rozprawy Akademii umiejetnosci. Wydzial historyczno-filozoficzny. Ser. II, T. 13 (38). Krakow, 1899.
  • митр. Макарий [Булгаков]. История русской церкви. Т. IX, кн. IV (История западно-русской или литовской митрополии). СПб., 1900.
  • Шпаков А.Я. Госудаpство и цеpковь в их взаимных отношениях в Московском госудаpстве от Флоpентийской унии до учpеждения патpиаpшества. Ч. 1. Княжение Василия Темного. Киев, 1904.
  • Пиpлинг О. Россия и папский пpестол. Кн. 1. Русские и Флоpентийский собоp. М., 1912.
  • Грабарь В.Э. Вселенские соборы западно-христианской церкви и светские конгрессы XV в. // Средние века. Вып. 2, 1946.
  • ПСРЛ. Т. 25. М.-Л., 1949.
  • Мощинская H.В. Литеpатуpная истоpия «Повести об Осьмом Феppаpо-Флоpентийском собоpе» Симеона Суздальского // Вопpосы pусской литеpатуpы. М., 1971.
  • Acta Slavica Concilii Florentini // Concilium Florentinum. Documenta et Scriptores. Vol. XI. Roma, 1976.
  • Зимин А.А. Витязь на pаспутье. М., 1991.
  • Halecki O. Od unii Florenckiej do unii Brzeskiej. T. 1. Lublin; Rzym, 1997.

Спасылкі правіць