Гістарыягра́фія (ад грэч. словаў ιστορία (гісторыя) і γράφω (пісаць): 1) працэс напісання гістарычных твораў; 2) сукупнасць даследаванняў па гісторыі, аб'яднаных агульнымі рысамі: тэматыкай, праблематыкай, паходжаннем і г. д.; 3) навуковая дысцыпліна, якая вывучае развіццё гістарычнай навукі і гістарычнай думкі. Гэта навука, якая вывучае працэс накаплення ведаў аб развіцці чалавечага грамадства і пераўтварэння іх у навуку, характарызуе розныя погляды на гістарычныя з'явы, разглядае працэс удасканалення метадаў гістарычнага даследавання.

Вальтэр — першы гістарыёграф Францыі

Гістарыяграфія як навуковая дысцыпліна ўключае ў сябе выяўленне такіх важных акалічнасцяў, як: працэс накаплення і тлумачэння фактаў мінулага; ідэі, канцэпцыі, тэорыі і традыцыі, якія існавалі ў гісторыяпісанні; развіцця і распаўсюджання гістарычных ведаў; сувязь гісторыі з грамадскімі працэсамі, навукай і адукацыяй; удасканаленне філасофіі і метадалогіі гісторыі і г. д.

Крытэрыяў вызначэння гістарыяграфіі як самастойнай гістарычнай дысцыпліны — пяць:

  • значныя дасягненні ў галіне тэорыі і метадалогіі гістарычных даследаванняў;
  • фарміраванне цэнтраў па распрацоўцы гістарычных праблем;
  • падрыхтоўка кадраў гісторыкаў, якія прафесійна займаюцца мінулым сваёй навукі;
  • стварэнне навуковых даследаванняў, якія асвятляюць працэс развіцця гістарычнай навукі;
  • фарміраванне асаблівай навуковай лексікі.

Этапы развіцця правіць

Спробы асэнсавання развіцця гісторыі як віду дзейнасці ў межах літаратурнай і агульнафіласофскай традыцыі прадпрымаліся ўжо ў антычны час і эпоху Адраджэння (Цыцэрон, Франчэска Патрыцы, Жан Бадэн і інш.). Аднак само паняцце «гістарыяграфія» ужывалася толькі ў межах першага вызначэння. У XVII—XVIII стст. яно паступова выціскае іншыя тэрміны, якія азначалі занятак гісторыяй (аналістыка, летапісанне), а тых, хто займаўся гісторыяй, называлі «гістарыёграфамі». У XVIII—XIX стст. у Францыі, Расіі і Прусіі існавала афіцыйная пасада гістарыёграфа. Першым у Францыі яе атрымаў Вальтэр. У Расіі яна прысвойвалася вядомым вучоным і пісьменнікам (Г. Ф. Мілеру, М. М. Шчарбатаву  (руск.), М. М. Карамзіну). Пасада давала ім грашовы аклад і доступ у архівы. Такую ж пасаду ў Прусіі займаў і нямецкі гісторык Л. Ранке.

Да пач. XIX ст. з набыццём гісторыяй навуковага статусу склалася традыцыя ўключаць у гістарычныя творы абавязковую крытычную частку, якая прызначалася для разгляду прац папярэднікаў. Распаўсюдзіліся творы, прысвечаныя жыццю і дзейнасці знакамітых гісторыкаў. Такія простыя формы апісання мінулага гісторыі набылі назву гістарыяграфіі, але яны не задавальнялі некаторых даследчыкаў. Таму Ё. Г. Дройзен, М. В. Каяловіч, Дж. Б. Бэры прапаноўвалі разглядаць пераемнасць ідэй, метадаў і спосабаў гісторыяпісання.

Гістарыяграфія як навуковая дысцыпліна сфарміравалася ў XX ст. Дзякуючы працы брытанскага даследчыка Р. Дж. Колінгвуда «Ідэя гісторыі» (1946), яе галоўнай мэтай стала вывучэнне гістарычнай думкі. Заходнееўрапейскія і амерыканскія гістарыёграфы звычайна аддавалі перавагу філасофскаму, тэарэтычнаму і метадалагічнаму аналізу твораў гісторыі. Таму гістарыяграфічныя творы Р. Дж. Колінгвуда, Э. Х. Кара, Г. Г. Ігерса, К. Джэнкінса і інш. разглядаюцца як частка інтэлектуальнай гісторыі.

У першым савецкім падручніку па гістарыяграфіі (1941) яна вызначалася толькі як гісторыя гістарычнай навукі. Ва ўмовах панавання адзінай марксісцкай філасофіі, роля гістарыяграфіі абмяжоўвалася вывучэннем такіх кірункаў, як 1) арганізацыя навукі (структура навуковых і вучэбна-навуковых устаноў, падрыхтоўка кваліфікаваных кадраў, крыніцазнаўчая база навукі, метадалагічная аснова даследаванняў, перыядычныя выданні і выдавецкая база і інш.); 2) дасягненні гістарычнай навукі (абагульняльныя калектыўныя працы, манаграфіі, артыкулы, дакументальныя публікацыі і інш.).

У беларускай гістарычнай навуцы гістарыяграфія як навуковая дысцыпліна ўзнікла толькі ў другой палове XX ст. Прычым, працы прадстаўнікоў беларускай савецкай гістарыяграфіі У. М. Перцава, В. П. Раманоўскага, П. Ц. Петрыкава, У. М. Міхнюка былі скіраваныя пераважна на збор фактаў аб развіцці гістарычнай навукі на тэрыторыі толькі Беларусі. З крахам савецкай ідэалагічнай сістэмы і значнымі зменамі ў стане беларускай навуковай думкі гэтая тэндэнцыя была часткова пераадоленая. У гістарыяграфічных працах сучасных беларускіх гісторыкаў В. Ф. Кушнера, Г. М. Сагановіча, А. М. Нечухрына і інш. назіраецца імкненне пашырыць праблематыку, усталяваць сувязь з філасофіяй і метадалогіяй гісторыі. Вывучэннем сучаснай сусветнай гістарычнай думкі займаюцца В. М. Шутава, В. І. Менькоўскі, Дз. С. Самахвалаў і інш.

Роля гістарыяграфіі ў сучаснай гістарычнай навуцы правіць

З сяр. 1980-ых гг. назіраецца працэс павелічэння цікавасці гісторыкаў да развіцця гістарыяграфіі. Часткова гэта тлумачыцца вялікай колькасцю выдаваемых штогод прац па гісторыі. Па сведчанню Ф. Р. Анкерсміта, у 1989 г. мінуўшчынай займалася болей гісторыкаў, чым за ўсе часы ад Герадота да 1960 г., што стварала праблему для маладых спецыялістаў, якія жадалі арыентавацца ў распрацоўцы тых ці іншых пытанняў. Разам з тым, гісторыя пачала губляць сваё дысцыплінарнае адзінства. Кожны напрамак арыентуецца на пэўную даследчую вобласць, узаемадзейнічае з рознымі дысцыплінамі, а значыцца больш адыходзіць ад адзіна прынятых узораў. Разнастайныя падыходы, якія спавядаюць іх прыхільнікі, усё часцей прыводзяць да непаразуменняў паміж вучонымі. Змяняецца сама мова гістарычнай навукі — тэрміналогія, разуменне розных паняццяў, тлумачэнне доказаў і г. д. Калі раней вызначальнае месца займала крыніцазнаўства (менавіта адзіныя падыходы да гістарычнай крыніцы аб'ядноўвалі большасць гісторыкаў), то сёння яно належыць гістарыяграфіі, якая разам з разглядам ступені вывучанасці даследчых праблем і аналізам гістарычнай думкі вымушаная выступаць у ролі навуковага перакладчыка.

Прынцыпы і метады гістарыяграфічнага пазнання правіць

Вывучэнне гістарыяграфіі прадугледжвае выкарыстанне шэрагу прынцыпаў навуковага пазнання.

Першым з іх ёсць прынцып гістарызму. Ён вызначае аналіз любой гістарыяграфічнай з'явы (канцэпцыі вучонага, навуковага кірунку і г.д.) у развіцці і ў сувязі з фактарамі, якія яе абумовілі. Разглядаючы той ці іншы гістарыяграфічны факт, неабходна ўлічваць узровень развіцця тагачаснай гістарычнай навукі, каб не было неабгрунтаваных заўваг да сваіх папярэднікаў.

Другі прынцып — прынцып сістэмнасці. Ён арыентуе даследчыка на вывучэнне перыядаў і кірункаў гісторыі гістарычнай навукі як сістэмы.

Трэці прынцып — прынцып каштоўнаснага падыходу, які прадугледжвае вылучэнне тых ідэй і з'яваў мінулага, якія маюць значэнне для сучаснага этапа развіцця гістарычнай навукі.

Вылучаецца шэсць асноўных метадаў гістарыяграфічнага пазнання:

  1. Параўнальна-гістарычны метад (параўнанне розных гістарычных канцэпцыяў з мэтай вызначэння іх агульных рысаў, асаблівасцяў, ступеняў параўнання);
  2. Храналагічны метад (аналіз эвалюцыі навуковай думкі, змены канцэпцыяў, ідэй у храналагічнай паслядоўнасці);
  3. Праблемна-храналагічны метад (дзяленне шырокай тэмы на шэраг вузкіх праблем, кожная з якіх разглядаецца ў храналагічнай паслядоўнасці);
  4. Метад перыядызацыі (вылучэнне асобных этапаў у развіцці гістарычнай навукі з мэтай вызначэння вядучых кірункаў навуковай думкі);
  5. Метад рэтраспектыўнага аналізу (вывучэнне развіцця гістарычнай думкі ад сучаснасці да мінулага);
  6. Метад перспектыўнага аналізу (вызначэнне перспектывы будучых даследаванняў, тэмаў, праблем).

У сучаснай гістарыяграфіі гістарыяграфічным фактам прынята лічыць канцэпцыю вучонага, прадстаўленую ў навуковых працах. Гістарыяграфічная крыніца — гэта працы гісторыкаў (манаграфіі, артыкулы, даклады, рукапісы і г.д.), дакументацыя навукова-даследчых устаноў (пратаколы з'ездаў, канферэнцый, «круглых» сталоў, стэнаграмы дыскусіяў і г.д.), рэцэнзіі на гістарычныя даследаванні.

Гл. таксама правіць

Літаратура правіць