Протарэнесанс (ад стар.-грэч.: πρῶτος — «першы» і фр.: Renaissance — «Адраджэнне») — этап у гісторыі італьянскага мастацтва XIII — пач. XIV ст., які падрыхтаваў глебу для культуры эпохі Адраджэння.

Джота, фрэска «Пацалунак Юды», Капэла Скравеньі

Вытокі Протарэнесансу адносяцца да XI-XII ст. і звязаны з уздымам свабодных італьянскіх гарадоў, дзе хутка развіваліся рамяство і гандаль. Найбольш раннія формы выявіліся ў архітэктуры Тасканы, дзе дойліды надавалі формам готыкі ўраўнаважанасць і спакой. Мастацтву Протарэнесансу характэрны тэндэнцыі нагляднага адлюстравання рэчаіснасці, свецкі пачатак і цікавасць да антычнай спадчыны, пераканаўчасць прасторавых пабудоў, эмацыянальная выразнасць вобразаў. Сярод прадстаўнікоў Протарэнесансу Арнольфа дзі Камбіа, Джота дзі Бандонэ, П’етра Каваліні, Нікола Пізана і інш. Тэндэнцыі Протарэнесансу часта спалучаліся з традыцыямі т.зв. італа-візантыйскага мастацтва і готыкі (творчасць Дуча ды Буанінсенья, Сімоне Марціні, Амброджа Ларанцэці, П’етра Ларанцэці і інш.).