Эфузіўныя горныя пароды

Эфузі́ўныя го́рныя паро́ды (ад лац.: effusio — разліццё, расцяканне), ці выліўны́я го́рныя паро́ды — пароды, якія ўтварыліся на зямной паверхні, на дне мораў і акіянаў з лавы, што вылілася пры вулканічных вывяржэннях.

Разам з інтрузіўнымі горнымі пародамі ўтвараюць вялікую групу магматычных горных парод. Адрозніваюць уласна эфузіўныя (узніклі пры свабодным выліванні лаў), экструзійныя (з вязкіх магм, выціснутых на паверхню).

Залягаюць у выглядзе лававых патокаў, покрываў, утвараюць вулканічныя конусы, купалы, шчыты, каскады, абеліскі і іншыя геалагічныя целы. Складзены з вулканічнага шкла (базіс), найдрабнейшых крышталёў — мікралітаў і больш буйных парфіравых украпанікаў — фенакрышталёў. Найбольш характэрныя іх структуры — парфіравыя, мікралітавыя, вітрафіравыя.

Паводле рэчыўнага складу падзяляюцца на кіслыя, сярэднія, асноўныя, ультраасноўныя і шчолачныя.

Пры змене эфузіўных горных парод гіпергеннымі, гідратэрмальнымі, метамарфагеннымі і іншымі працэсамі вулканічнае шкло раскрышталізоўваецца, мікраліты і фенакрышталі замяшчаюцца другаснымі мінераламі. У залежнасці ад гэтага адрозніваюць эфузійныя горныя пароды — кайнатыпныя (нязменныя) і палеатыпныя (змененыя ў рознай ступені).

На Беларусі эфузіўныя горныя пароды найбольш пашыраны на паўднёвым захадзе (Брэсцкая ўпадзіна і схілы прылеглых структур) у валынскай серыі венду (базальты, андэзіта-дацыты, трахіліпарыты) і на паўднёвым усходзе (усходняя частка Прыпяцкага прагіну, Лоеўская седлавіна і інш.) сярод верхнедэвонскіх адкладаў (трахіты, нефелініты, лейцыціты, пікрыты і інш.); вядомы таксама ў рыфейскіх (кварцавыя парфіры) і архейска-ніжнепратэразойскіх адкладах (дыябазы і інш.).

Літаратура правіць

Спасылкі правіць