Алег Леанідавіч Воінаў

Алег Леанідавіч Воінаў (нар. 26 сакавіка 1967, Днепрапятроўск, УССР) — беларускі вайсковец, выкладчык гісторыі.

Алег Леанідавіч Воінаў
Нараджэнне 26 сакавіка 1967(1967-03-26) (57 гадоў)
Адукацыя
Месца працы
Званне генерал-маёр
Узнагароды

Біяграфія

правіць

Нарадзіўся 26 сакавіка 1967 года ў Днепрапятроўску[1].

У 1988 годзе скончыў Новасібірскае вышэйшае ваенна-палітычнае агульнавайсковае вучылішча, у 1999 годзе — камандна-штабны факультэт Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, у 2009 годзе — факультэт Генеральнага штаба Узброеных Сіл Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь[1].

У ліпені 1988 года накіраваны ў Беларускую ваенную акругу (з 1991 года — Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь), дзе да 2013 года служыў у інжынерных войсках на розных пасадах, у т. л. начальнікам інжынерных войск Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, начальнікам Упраўлення інжынерных войск Генеральнага штаба Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. З мая 2013 года па лістапад 2015 года — стац-сакратар — памочнік Міністра абароны Рэспублікі Беларусь па пытаннях ваеннай палітыкі. З лістапада 2015 года па красавік 2022 года — начальнік Дэпартамента вайсковага супрацоўніцтва Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь — памочнік Міністра абароны па пытаннях міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва[1].

У красавіку 2022 года звольнены ў запас, генерал-маёр[1].

З 10 мая 2022 года па 20 студзеня 2023 года працаваў дырэктарам Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі[2].

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 18 студзеня 2023 г. № 45 быў прызначаны дырэктарам Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь[2].

Узнагароды

правіць

Узнагароджаны ордэнам «За службу Радзіме» ІІІ ступені (2013), медалямі «За бездакорную службу» І, ІІ і ІІІ ступеняў (2002, 2011, 2018), ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (2018). У 2021 годзе прысвоена ганаровае званне «Заслужаны спецыяліст Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь»[1].

Міжнародныя санкцыі

правіць

Пасля пачатку уварвання Расіі ва Украіну Алег Воінаў трапіў пад санкцыі Аўстраліі, Вялікабрытаніі, ЕС, Канады, Новай Зеландыі, Швейцарыі і самой Украіны[3].

Сям’я

правіць

Маці і родны брат Глеб жывуць ва Украіне.

27 лютага 2022 года, пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, у ходзе якога Беларусь дала сваю тэрыторыю для ўварвання, да Алега Воінава публічна звярнуўся яго родны брат Глеб, жыхар Дніпра: «Цяпер у нас у краіне ідзе вайна. І я б хацеў, каб ты па меры сваіх магчымасцяў… каб ты спыніў гэтую вайну, каб не было кровапраліцця далей… Каб ты прыклаў як мага больш сваіх высілкаў, як афіцэр і як чалавек…»[4].

Зноскі

  1. а б в г д Кіраўнікі Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (1938—2023). Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі.
  2. а б Новы дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству А. Л. Воінаў. Дэпартамент па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь (24 студзеня 2023).
  3. ВОЇНОВ Олег Леонідович(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 3 верасня 2023. Праверана 3 верасня 2023.
  4. Да беларускага генерала звярнуўся яго брат з Украіны . Еўрапейскае радыё для Беларусі. Праверана 16 жніўня 2023.