Алена Мікалаеўна Анісім
Але́на Мікала́еўна Ані́сім (28 верасня 1962, в. Савоні, Стаўбцоўскі раён, Мінская вобласць) — беларуская мовазнаўца і палітычная дзяячка. Старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (2017—2021), навуковая супрацоўніца ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі» (1991—2023). Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь VI склікання (2016—2019).
Алена Мікалаеўна Анісім | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
|
|||||||
Нараджэнне |
28 верасня 1962 (62 гады) |
||||||
Член у | |||||||
Адукацыя | |||||||
Месца працы | |||||||
Узнагароды | |||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьНарадзілася 28 верасня 1962 г. у вёсцы Савоні Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці ў сям’і настаўнікаў (дзявочае прозвішча Амельчыц)[1]. Скончыла Залужскую сярэднюю школу з залатым медалём у 1978 г. У тым жа годзе паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на філалагічны факультэт аддзялення беларускай мовы і літаратуры, які скончыла ў 1983 г. У часе вучобы працуе гідам-перакладчыкам з групамі з Чэхаславакіі, якія суправаджала з паездкамі па рэспубліках СССР[1].
Працавала выхавацелькай у дзіцячым садку в. Цеснавая Стаўбцоўскага раёна (1984—1986), настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў сярэдніх школах № 55 (1986) і № 71 (1986—1991) горада Мінска. З 14 траўня 1991 года — у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук Беларусі (цяпер філіял ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі»), працуе на пасадзе навуковага супрацоўніка аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі, аўтар-укладальнік некалькіх слоўнікаў[1]. У маі 2023 года, у час палітычных рэпрэсій, Анісім затрымалі на працы, асудзілі на 12 сутак і звольнілі з працы[2].
Асабістае жыццё
правіцьЗамужам, мае трох дарослых сыноў[1].
Грамадская і палітычная дзейнасць
правіцьУ 1980—1982 гг. удзельнічала ў Беларускай спеўна-драматычнай майстроўні[1]. З 1999 г. з’яўляецца сябрам Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ), у 2000—2014 гг. узначальвала Мінскую гарадскую арганізацыю ТБМ, з 2011 г. — першы намеснік старшыні ТБМ, з 2017 г. — старшыня ТБМ. Сябра Вялікай Рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».
Ініцыявала і кіравала праектам па перакладзе і выданні асобнай кнігай «Правілаў дарожнага руху» на беларускай мове. Сумесна з калектывам навукоўцаў падрыхтавала і выдала 6 кніг пробных тэстаў па шасці ўзроўнях для выкладання беларускай мовы як замежнай. Пры непасрэдным удзеле Алены Анісім дзейнічае аргкамітэт па стварэнні Нацыянальнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання[3]. У снежні 2014 г. спрычынілася да склікання «Усебеларускага Кангрэса за незалежнасць»[4], увайшла ў яго арганізацыйны камітэт[5].
Мела намер удзельнічаць у Прэзідэнцкіх выбарах 2015 г., але пазней адмовілася ад вылучэння[6]. Брала ўдзел у распрацоўцы «Стратэгіі развіцця беларускай нацыі» (2016)[4][7].
На Парламенцкіх выбарах 2016 г. абраная дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў па Стаўбцоўскай выбарчай акрузе[8]. У кастрычніку 2016 г. разам з іншымі 108 дэпутатамі падтрымала кандыдатуру Уладзіміра Андрэйчанкі, які вылучаўся на пасаду старшыні Палаты прадстаўнікоў[9]. А. Анісім працуе ў Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы[10].
29 кастрычніка 2017 г. на справаздачна-выбарчым з’ездзе Таварыства беларускай мовы Алена Анісім змяніла на пасадзе старшыні арганізацыі Алега Трусава. Кандыдатуру Анісім падтрымалі 87 дэлегатаў з 92 (іншых кандыдатаў на пасаду не было). Ва ўступнай прамове Алена Анісім заклікала рабіць усё магчымае для таго, каб беларуская мова стала дзяржаўнай не толькі фармальна, але і па сутнасці[11].
У 2017—2018 гг. Алена Анісім на розных узроўнях прапагандавала ідэю нацыянальнага беларускамоўнага ўніверсітэта, увайшла ў яго арганізацыйны камітэт[12].
У канцы студзеня 2019 г. Анісім заявіла, што збіраецца ўдзельнічаць у наступных прэзідэнцкіх выбарах. Як яна сама патлумачыла, гэтае рашэнне было для яе спантанным: «Прачытаўшы чарговую спасылку, у якой была спроба дыскрэдытаваць як маё імя, так і дзейнасць арганізацыі, я вырашыла адрэагаваць… ні з кім параіцца не паспела, і з мужам у тым ліку»[13].
У канцы красавіка 2019 г. дэпутатка заявіла пра намер зноў удзельнічаць у парламенцкіх выбарах, патлумачыўшы: «Той факт, што выбары будуць праведзены датэрмінова, безумоўна, не парадаваў, бо дзесяць месяцаў працы выпадаюць. Але з іншага боку, можна ўступаць у новую выбарчую парламенцкую кампанію і ізноў пазмагацца за мандат, каб выканаць тыя задачы, якія стаяць перада мной, як перад старшынёй ТБМ»[14]. На прапанову зрабіць «усё магчымае, каб не дапусціць датэрміновага роспуску парламента пад маркай клопату пра „нацыянальную бяспеку“», Алена Анісім 21 траўня 2019 г. адказала: «У сённяшняй сітуацыі я лічу больш важным накіраваць свае намаганні на агучванне і вырашэнне надзённых пытанняў арганізацыі і грамадства»[15].
Перад выбарамі 2019 г. Алена Анісім вылучалася па ранейшай Стаўбцоўскай акрузе праз збор подпісаў, але ў кастрычніку 2019 г. яе не зарэгістравалі ў якасці кандыдата ў дэпутаты[16]. Скончыўшы працу ў Палаце прадстаўнікоў, А. Анісім вярнулася на ранейшую пасаду ва ўстанову НАН Беларусі[17]. У студзені 2020 г. яна заявіла: «Паколькі на сённяшні дзень зразумела, што ўлада нічога не збіраецца прынцыпова мяняць у сваіх падыходах да выбарчай кампаніі, я для сябе вырашыла адназначна, што браць удзел у гэтым не буду»[18], фактычна адмовіўшыся ад прэзідэнцкіх амбіцый.
Узнагароды
правіцьУзнагароджана медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі[19].
Зноскі
правіць- ↑ а б в г д Анісім Алена Мікалаеўна . vybory2016.by. Архівавана з першакрыніцы 12 верасня 2016. Праверана 12 верасня 2016.
- ↑ Алесь Святланіч. Алена Анісім: «Перанесла «суткі» спакойна. Без нерваў, без эмоцый, без нічога…»(недаступная спасылка). Народная Воля (2 чэрвеня 2023). Архівавана з першакрыніцы 2 чэрвеня 2023. Праверана 3 чэрвеня 2023.
- ↑ Алена Анісім. “Сціпласць. Смеласць. Беларускасць” . БелаПАН (13 верасня 2016). Праверана 21 сакавіка 2017.
- ↑ а б https://belisrael.info/?p=7966
- ↑ https://www.svaboda.org/a/26754997.html
- ↑ Алена Анісім не будзе вылучацца ў якасці кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах . Наша Ніва (30 чэрвеня 2015). Праверана 12 верасня 2016.
- ↑ https://sakavik.net/2016/02/06/стратэгіі-развіцця-беларускай-нацыі/
- ↑ В Беларуси избран парламент шестого созыва. ЦИК обнародовал фамилии депутатов (руск.). pravo.by (12 верасня 2016). Праверана 12 верасня 2016.
- ↑ https://www.svaboda.org/a/28046192.html
- ↑ http://tbm-mova.by/anisim Архівавана 29 кастрычніка 2018.
- ↑ nashaniva.by
- ↑ http://nhu.by/concept/ Архівавана 22 кастрычніка 2018.
- ↑ https://www.nv-online.info/2019/02/18/alena-anisim-ya-veru-shto-usyo-magchyma.html(недаступная спасылка)
- ↑ Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 27 кастрычніка 2020. Праверана 23 мая 2019.
- ↑ https://belisrael.info/?p=19486
- ↑ https://nashaniva.by/?c=ar&i=239452
- ↑ https://novychas.by/palityka/alena-anisim-peradumala-udzelniczac-u-vybarah
- ↑ Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 2 лютага 2020. Праверана 13 сакавіка 2020.
- ↑ Алексіевіч, Пазьняк, Вольскі, Эрыксан, Белавус. Хто яшчэ ўзнагароджаны мэдалём у гонар БНР-100
Спасылкі
правіцьАлена Мікалаеўна Анісім у Вікіцытатніку | |
Алена Мікалаеўна Анісім на Вікісховішчы |