Беларуская спеўна-драматычная майстроўня
Белару́ская спе́ўна-драматы́чная майстро́ўня, Беларуская майстроўня, «Майстроўня» — маладзёжнае творчае згуртаванне ў 1979—1984 гадах у Мінску.
Гісторыя
правіцьСтворана студэнтамі БДУ і Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, пазней да яе далучыліся студэнты іншых ВНУ, аспіранты, школьная і рабочая моладзь Мінска. Мэта — адраджэнне ў гарадскім асяроддзі беларускай народнай абраднасці, святаў. Удзельнікі «Майстроўні» вывучалі народныя песні, ладзілі святы Калядаў, гукання вясны, Купалля ў Мінску, Заслаўі, Вязынцы, праводзілі дабрачынныя акцыі, выступалі з канцэртамі, лекцыямі, гутаркамі.
«Майстроўня» спалучала спеўна-фальклорную дзейнасць з культурна-асветніцкай і палітычнай; адраджэнне беларускай народнай культуры разглядала як аптымальную форму выхавання нацыянальнай свядомасці. У 1983 годзе пры «Майстроўні» створана Таварыства беларускай школы, якое вяло агітацыю за стварэнне беларускамоўных дзіцячых садкоў, школ. Новай формай дзейнасці сталі талокі на рэстаўрацыйных аб’ектах у Траецкім прадмесці Мінска, на археалагічных раскопках.
Спыніла дзейнасць у 1984 годзе з-за канфліктаў з уладамі. Пераемнікі — Маладзёжны клуб імя У. Караткевіча (1985—1986) і клуб «Талака» (з 1987).
Гл. таксама
правіцьЛітаратура
правіць- Дубавец С. Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду / Сяргей Дубавец; фота А. Канцавога. — [Б. м.] : Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2012. — 457 с.
- Вячорка В. Беларуская спеўна-драматычная майстроўня // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — С. 429. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).
- Вячорка В. Беларуская спеўна-драматычная майстроўня // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — С. 415. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.