Аляксей Сільвестравіч Арэшка

дзеяч беларускай эміграцыі, хімік
(Пасля перасылкі з Аляксей Арэшка)

Аляксей Сільвестравіч Арэшка (крыптанімы: Ар. Ал.; М. Адзінокі; нар. 18 лістапада 1923, в. Жарабковічы Ляхавіцкай гміны, Баранавіцкі павет, Навагрудскае ваяводства, Польшча) — дзеяч беларускай эміграцыі, доктар хіміі (PhD Chemistry).

Аляксей Сільвестравіч Арэшка
Род дзейнасці хімік, грамадскі дзеяч
Дата нараджэння 18 лістапада 1923(1923-11-18) (96 гадоў)
Месца нараджэння
Альма-матар

Паходзіў з малазямельнай, шматдзетнай сялянскай сям’і. Бацька — Сільвестр, маці — Палуся Праневіч. Продкі бацькі былі напэўна ўніятамі, потым рыма-каталікамі, прынамсі прадзед Аляксея — Людвік, сын Фабіяна (Fabian Areszko), народжаны ў 1844 годзе быў запісаны ў парафіяльную метрыку Ляхавіцкага касцёла. Бацькі былі ўжо праваслаўнымі. Сям’я была свядома беларускай, паводле ўспамінаў А. Арэшкі, як і людзі навакольных вёсак. Перад польскай пачатковай школай, Аляксей ужо доб­ра чытаў па-беларуску. Скончыў сямікласную пачатковую школу ў Ляхавічах, у 1937 годзе па іспытах паступіў у польскую мужчынскую гімназію імя Тадэвуша Рэйтана ў Баранавічах. На пачатку трэцяга класа гімназіі пачалася 2-й сусветная вайна і Заходняя Беларусь была далучана да БССР. Гімназію ператварылі ў рускую школу, хоць рускіх навучэнцаў там не было, тады, пад уплывам а. Льва Гарошкі, большасць навучэнцаў перайшла ў беларускую сярэднюю школу, створаную на базе прыватнай жаночай гімназіі імя Барбары Радзівіл. Наступны 1940/1941 навучальны год А. Арэшка вучыўся ў рускай школе ў Ляхавічах, па-руску аднак там ніхто не гаварыў. Пасля нападу Германіі на СССР у чэрвені 1941 года А. Арэшку цяжка было разабрацца, што рабіць і што будзе далей, ён пайшоў на шасцімесячныя бухгалтарскія курсы ў Баранавічах. Пасля заканчэння курсаў працаваў у чыгуначным дэпо і адначасова вучыўся на матуральных курсах (4 гадзіны штодня), у 1944 годзе атрымаў матуральнае пасведчанне (атэстат сталасці), якое давала магчымасць паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы.

У 1944 годзе з’ехаў у Германію, каб не застацца на тэрыторыі, якая неўзабаве вернецца пад кантроль СССР. Працаваў у аддзеле бухгалтэрыі фірмы AEG, спачатку ў Берліне, потым у Вальдзэе. У 1944 годзе апынуўся ў французскай акупацыйнай зоне, у 1945 годзе пераехаў адтуль у Мюнхен, дзе паступіў у новаствораны ўніверсітэт UNRRA. Ва ўніверсітэце былі і беларусы-прафесары — Барыс Кіт, Янка Станкевіч, Уладзімір Тамашчык, і шмат беларускіх студэнтаў. У лістападзе 1945 года быў сярод арганізатараў Беларускага студэнцкага згуртавання. Згуртаванне выдавала рататарным спосабам «Студэнцкую дум­ку», пасля перайменавую ў «Крывіцкі светач», у рэдагаванні, друкаванні і распаўсюджванні А. Арэшка браў актыўны удзел. У 1947 годзе пераехаў у Марбург і паступіў у Філіпс-Універсітэт. Там таксама ўжо была вялікая група беларускіх студэнтаў, у іх арганізацыі А. Арэшка таксама ўзяў удзел, у т.л. у студэнцкім хоры (па кіраўніцтвам Юркі Мазуры). Праз матэрыяльныя цяжкасці пасля грашовай рэформы у Заходняй Германіі, А. Арэшку, як і частцы беларускіх студэнтаў, давялося пакінуць Філіпс-Універсітэт і пераехаць у бельгійскі Лёвен. А. Арэшка паступіў на факультэт хіміі Лёвенскага каталіцкага ўніверсітэта. Апроч навукі браў актыўны ўдзел у Саюзе беларусаў у Бельгіі (тым часам шмат беларусаў працавала пераважна на вугальных капальнях), Беларускім студэнцкім згуртаванні ў Лювене, у студэнцкім і царкоўным хорах (пад кіраўніцтвам прафесара Міколы Равенскага). Хор даваў частыя канцэрты не толькі ў Лёвене, але і па ўсёй Бельгіі, у Францыі, Германіі, Англіі. У 1953 годзе атрымаў званне ліцэнцыята хіміі, у 1956 годзе абараніў дысертацыю па ступень доктара хімічных навук. Працуючы над дысертацыяй, выконваў абавязкі асістэнта на практычных занятках для студэнтаў хімікаў. Дапамагаў а. Францішку Чарняўскаму выдаваць «Божае слова», быў яго карэктарам і друкаром. Заснаваў Аб’яднанне беларускіх студэнтаў — выпускнікоў Лювенскага ўніверсітэта «Academicus» i выпусціў некалькі бюлетэняў пад гэтай жа назвай.

З 1957 года працаваў у фармацэўтычнай фірме Labaz, у яе даследчыцкім аддзеле (Service de Recherchez) кіраўніком групы хімікаў у галіне пошуку і сінтэзу лекаў ад сардэчна-сасудзістых захворванняў. Аўтар больш за 10 навуковых артыкулаў у спецыялізаваныя бельгійскія і французскія часопісы. Атрымаў пяць патэнтаў на многія краіны свету. Стала браў удзел у міжнародных навуковых кангрэсах у розных краінах Еўропы.

Ажаніўся ў 1959 годзе, мае трох дзяцей.

Бярэ актыўны ўдзел у беларускім грамадскім жыцці Бельгіі. На пенсіі з 1983 года. Жыве ў Бруселі.

ЛітаратураПравіць

  • Беларусь-Бельгія: Грамадска-культурнае ўзаемадзеянне: Матэрыялы Міжнар. «круглага стала». Мінск, 18-19 мая 2001 г. / Рэдкал.: А. Мальдзіс (гал. рэд.) і інш. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2002. — 240 с. — (Беларусіка = Albaruthenica; Кн. 23).
  • Юрэвіч Л. Жанры. — Мн.: Кнігазбор, 2013. — 528 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны; кн. 21). — ISBN 978-985-7057-28-3. — С. 26, 76, 79, 81, 262, 480, 486.