Амонім

розныя па значэнні, але аднолькавыя па напісанні адзінкі мовы (словы, марфемы і інш.)

Амонімы (стар.-грэч.: ὁμός — аднолькавы + ὄνομα — імя) — розныя па значэнні, але аднолькавыя па напісанні адзінкі мовы (словы, марфемы і інш.). Паняцце ўведзена Арыстоцелем. Сукупнасць амонімаў якой-небудзь мовы называецца аманімікай. Таксама аманімікай называецца і раздзел лексікалогіі, які вывучае амонімы.

Тыпалогія правіць

Усе амонімы-словы падзяляюцца на тыпы: лексічныя, фанетычныя, марфалагічныя і інш.

  • Лексічныя амонімы маюць поўнае гукавое супадзенне ва ўсіх формах і адносяцца да адной часціны мовы. Напрыклад: нота — дыпламатычны дакумент і нота — музычны знак; блок — палітычнае аб'яднанне і блок — тэхнічнае прыстасаванне, механізм.
  • Фанетычныя амонімы, або амафоны — словы, якія аднолькава гучаць, але адрозніваюцца напісаннем. Параўн.: грыбгрып, род — рот, везці — весці, код — кот, казка — каска і інш. Часцей за ўсё яны супадаюць па гучанні толькі ў асобных формах.

А раніцай туман над сопкай —
густая пара над катлом:
знаёма пахла бульбай сопкай,
сялом, пакінутым жытлом.

Рыгор Барадулін
  • Марфалагічныя амонімы, або амаформы — словы, якія звычайна адносяцца да розных часцін мовы і супадаюць толькі ў некаторых марфалагічных формах: вусны (назоўнік множнага ліку) і вусны (прыметнік), кліч (назоўнік) і кліч (дзеяслоў загаднага ладу), сопкі (прыметнік) і сопкі (назоўнік множнага ліку).

Аманімія правіць

Аманімія — гукавое супадзенне адзінак (марфем, слоў, словазлучэнняў і г. д.), якія адрозніваюцца паміж сабой значэннем.

Адрозніваюць поўную і частковую аманімію. Поўныя амонімы супадаюць ва ўсіх граматычных формах. Напрыклад: заранказорка і заранка — птушка. Пры частковай лексічнай аманіміі адно з сугучных слоў цалкам (ва ўсіх сваіх формах) супадае па гучанні з часткай форм іншага слова ці нават з адной асобнай яго формай, напр. вечарам (прыслоўе) і вечарам (назоўнік мужчынскага роду адзіночнага ліку творнага склону). У беларускай, як і ў іншых мовах, пашыраны від частковай аманіміі, калі ўсе формы аднаго назоўніка аказваюцца аманімічнымі з формамі множнага ліку іншага назоўніка. Напрыклад: курсы — форма павышэння кваліфікацыі кадраў і курсы — множны лік да курс; шашкі — гульня і шашкі — множны лік да шашка. Да частковай адносяць таксама прыставачную аманімію (дапісаць — поўнасцю скончыць пісаць і дапісаць — да канца старонкі), супадзенне форм аднаго з трыванняў (закончанага ці незакончанага) розных дзеясловаў (прамакаць ад прамакнуць і ад прамокнуць). Выпадкі тыпу норка (звер) і норка (маленькая нара), ножка (у мэблі) і ножка (памяншальнае ад нага), кашка (канюшына) і кашка (памяншальнае ад каша) таксама частковая аманімія.

Я на елку палячу —
усе галінкі палячу.
3 журавін зрабіў каралі,
журавы мяне каралі,
а суніцы ледзь паспелі,
іх дразды скляваць паспелі.

Сяргей Грахоўскі

Аманімія часта выкарыстоўваецца ў мастацкай літаратуры для стварэння каламбураў, эпіграм, жартаў як своеасаблівы сродак гульні слоў.

Узнікненне амонімаў правіць

Амонімы ўзнікаюць у мове па розных прычынах у выніку разнастайных працэсаў, такіх, як фанетычныя змяненні, што вядуць да супадзення этымалагічна розных адзінак, запазычання лексікі, абрэвіяцыі і інш. Многія лексічныя амонімы ў сучаснай беларускай мове ўтварыліся ў выніку страты сэнсавай сувязі паміж асобнымі значэннямі {у тым ліку і пераноснымі) мнагазначных слоў: каса — заплеценыя валасы, каса — прылада працы, каса — вузкая пясчаная паласа; пераходу слоў з адной часціны мовы ў другую: дзяжурны (назоўнік) — дзяжурны вучань (прыметнік); у выніку дзеяння фанетычных законаў мовы, у прыватнасці ў выніку аглушэння зычных на канцы слова: мох (расліна) — мог (ад дзеяслова магчы); гукавога супадзення розных слоў: міна (выраз твару) — міна (снарад з выбуховым рэчывам).

Літаратура правіць

  • Старычонак В. Дз. Слоўнік амонімаў беларускай мовы. — Мн., 1991.
  • Кунцэвіч Л. П., Міхневіч А. Я. Аманімія // Беларуская мова: Энцыклапедыя / Беларус. Энцыкл.; пад. рэд. А. Я. Міхневіча; рэдкал Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 654 с. ISBN 5-85700-126-9.