Антыфанарый з Будслаўскага кляштара бернардзінцаў

Антыфанарый з Будслаўскага кляштара бернардзінцаў з’яўляецца ўнікальным рукапісным помнікам каталіцкай традыцыі, які дайшоў да сённяшняга часу. У гэтым рукапісе захавалася тытульная старонка на лацінскай мове: «Антыфанарый мінарыцкі разам з месамі для Будслаўскага кляштара Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі айцоў бернардзінцаў. Клопатамі шаноўнага айца Канстанціна Пенса, гвардыяна Будслаўскага канвента. Сакавік, 1751 год. (Выканаў брат бакалаўр філасофіі, канверс)». Рукапіс мае памеры 34,5 х 20,5 см. Напісаны акуратным каліграфічным почыркам квадратнай харальнай натацыяй (сустракаецца і арыгінальная мензуральная натацыя). Mae сціплую ілюмінацыю, выкананы чорным, чырвоным і жоўтым колерамі. Новы тэкст кожнай рубрыкі і версу традыцыйна пачынаецца вялікай літарай, якая вылучана для прыгажосці чырвоным ці жоўтым колерам.

Антыфанарый з Будслаўскага кляштара кармелітаў. 1751
Антыфанарый з Будслаўскага кляштара кармелітаў. 1751

У супрацьлегласць таму, што пазначана на тытульным лісце, рукапіс адкрываецца не спевамі антыфанарыя, а спевамі мес. Такім чынам, гэта арыгінальны па складу зборнік, бо ў ім аб’ядноўваюцца ў адно цэлае нотны місал з антыфанарыем. У 1-й частцы рукапісу запісана 14 ардынарыяў мес без Credo, 15 Credo, паводле ўстойлівай традыцыі пазначаных як Patrem, 4 секвенцыі: Mittit ad Virginem, Victima paschaLi laudes, Veni Sancte Spiritus i Lauda Sion Salvatorem. 2-я частка рукапісу ўключае непасрэдна спевы антыфанарыя: антыфоны Ad magnificat Ad Benedictus (важнейшыя антыфоны дзённых службаў афіцыя), а таксама памінальную месу.

У гэтым антыфанарыі ўжываюцца ключы С i F, часам сустракаецца і цэфаўтны ключ. У харальных нотах выкарыстоўваюцца храматычныя знакі — бемоль і дыез.

Выбраныя песнапенні антыфанарыя ўключаны ў дадатак да падручніка Зыгмунта Лаўксміна «Мастацтва і практыка музыкі для навучання моладзі ў калегіумах Таварыства Ісуса» («Ars et praxis musica in usum studiosae iuventutis in collegiis Societatis Jesu», Вільня, 1667). Гэта быў папулярны ў ВКЛ падручнік, які двойчы перавыдаваўся ў 1669 і 1693.

Літаратура правіць