Апраметная (п’еса)

«Апраметная» (другая назва — Зруйнаваная цемра) — п’еса беларускага драматурга Васіля Шашалевіча, напісаная прыкладна да 1924 і пастаўленая Беларускай тэатральнай студыяй В. Смышляева ў Маскве 16 мая 1925 на III з’ездзе Саветаў СССР.

Аўтар Васіль Шашалевіч
Дата прэм’еры 16 мая 1925
Месца прэм’еры Масква
Жанр драма

У 1926 і 1927 гадах ставілася на сцэне Беларускага дзяржаўнага тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску. Ставіла за мэту паказаць працэс духоўнага і сацыяльнага разняволення беларускага народа.

Поўны тэкст твора не знойдзены.

Злы чараўнік выкраў і ўсыпіў адвечным сном прыгажуню Алёнку. Малых дзяцей, што выпадкова сустрэлі ў лесе чараўніка, ён ператварыў у сабак «і па-сабачаму брахаць прымусіў». У выніку ўся краіна замёрла ў здранцвенні: «дзяцей ён скраў — і мова родная цяпер чужою стаць павінна». З бяды Алёнку, дзяцей і краіну вызваляюць волат Янка і тры віцязі — яны разбураюць царства чараўніка.

Крытыка

правіць

26 мая 1925 у газеце «Правда» была апублікавана рэцэнзія з станоўчым водгукам на прэм’еру п’есы. У ёй падкрэсліваўся казачны характар відовішча, дзе лесавік зачароўвае дзяўчыну Аленку і яшчэ дваіх малых дзетак, а добры віцязь выводзіць іх у ясны свет[1]. Зрэшты, у газеце гаварылася, што пакуты герояў і іх цудоўнае вызваленне атаясамліваецца «з прыгнечанасцю Беларусі ў царскія часы і вызваленнем ад яго ў нашу пару»[2].

З узмацненнем таталітарных тэндэнцый у адносінах да нацыянальных рэспублік стаўленне афіцыйнай крытыкі да п’есы значна пагоршылася[3]. У сваю чаргу, В. Вольскі сцвярджаў, што такія «містычныя» пастаноўкі гледачу не зразумелыя і не патрэбныя, а галоўная ідэя спектакля цалкам двухсэнсоўная[4]. М. Модэль у сваёй працы «Тэатр і драматургія» адзначаў, што: «Апраметная была разлічана на задавальненне ідэйных запатрабаванняў і рэакцыйных густаў нацыяналістычных колаў беларускай інтэлігенцыі; п’еса дарэшты прасякнута містыкай і яскрава выражанай нацдэмаўскай ідэалогіяй»[5].

У 1927 годзе п’еса была знята з рэпертуара Беларускага дзяржаўнага тэатра ў Віцебску.

Пастаноўка

правіць

Спектакль 16 мая 1925 быў багаты на музыку (у ім гучалі мелодыі А. Грачанінава[6]), светлавыя эфекты, танцы, пантаміму. Ролі выконвалі Л. Мазалеўская, А. Лонгіна, А. Гепнер, А. Лагоўская (Аленка), К. Саннікаў (віцязь), А. Ільінскі (чарот) і С. Станюта (ведзьма).

Зноскі

  1. Азгур, З. Тое, што помніцца…: Успаміны. — Полымя, 1981. — № 9. — С. 208.
  2. Азгур, З. Гаварыў ён шчыра…: Згадка пра Васіля Шашалевіча ў яго 90-годдзе // ЛіМ. — 1987. — В. 3360. — № 2. — С. 14.
  3. Мамачкін, Зм. «Мой вораг — эпоха» Лёс драматурга Васіля Шашалевіча // Роднае слова. — 1994. — № 9. — С. 12.
  4. Вольскі В. Сучасныя праблемы беларускай савецкай драматургіі. — Мн., 1934.
  5. Модэль М. Тэатр і драматургія. — Мн., 1935. — С. 7—8.
  6. Белорусская ССР: Краткая энциклопедия в 5 т. (руск.) / Ред. колл.: П. У. Бровка и др. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. Биографический справочник. — 737 с. — 50 000 экз.. с. 170.

Літаратура

правіць
  • Мамачкін, Зм. Драматургія Васіля Шашалевіча // Роднае слова. — 1997. — С. 6-10.
  • Мамачкін, Зм. «Мой вораг - эпоха» Лёс драматурга Васіля Шашалевіча // Роднае слова. — 1994. — № 9. — С. 12.