Васіль Антонавіч Шашалевіч

беларускі паэт, празаік (1897—1941)
(Пасля перасылкі з Васіль Шашалевіч)

Васі́ль Анто́навіч Шашале́віч (9 студзеня 1897, в. Мхінічы, цяпер Магілёўская вобласць — 23 кастрычніка 1941, ГУЛАГ) — беларускі драматург і паэт.

Васіль Антонавіч Шашалевіч
Vasil Šašalevič2.jpg
Васіль Шашалевіч, 1928 г.
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 9 студзеня 1897(1897-01-09)
Месца нараджэння
Дата смерці 23 кастрычніка 1941(1941-10-23) (44 гады)
Месца смерці
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці драматург, перакладчык, паэт, пісьменнік
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Член у
Commons-logo.svg Выявы на Вікісховішчы

БіяграфіяПравіць

Нарадзіўся ў сям’і валаснога пісара Антона Дзяменцевіча і Ефрасінні Фамінічны. Брат пісьменніка Андрэя Мрыя (сапр. Андрэй Шашалевіч). У сям’і было пяцёра дзяцей: Антаніна, Андрэй, Анастасія, Васіль, Аксіння. Бацька памёр у 1902 годзе і маці засталася адна з пяццю дзецьмі (малодшай дачцэ было 2 гады). У 1908 годзе Васіль Шашалевіч скончыў школу ў вёсцы Палуж, затым — Аршанскае духоўнае вучылішча. Вучыўся ў Магілёўскай духоўнай семінарыі (1910—1914) і Яраслаўскім юрыдычным ліцэі (1915—1916), які праз матэрыяльныя праблемы не здолеў скончыць. У 1917—1919 гадах настаўнічаў у вёсцы Ясенцы.

У 1919—1924 гадах быў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў школе другой ступені мястэчка Краснаполле на Магілёўшчыне. Разам з братам і сёстрамі Аксінняй і Настассяй стварыў народны тэатр, для якога пісаў аднаактавыя абразкі. Дзякуючы намаганням Шашалевічаў у школе былі створаны хор і аркестр народных інструментаў і наладжаныя лекцыі на палітычныя і навукова-папулярныя тэмы[1]. Таксама Шашалевічы стварылі драматычныя літаратурныя гурткі. Ставілі спектаклі паводле п’ес Астроўскага, Горкага і Чэхава. Разам з сёстрамі і мастаком Аляксандрам Грубэ рабілі дэкарацыі, касцюмы, бутафорыю, збіралі фальклор і ўключалі найлепшыя ўзоры ў канцэрты. Чыталі лекцыі «Навука і рэлігія», «Атэізм у расійскім жывапісе XIX стагоддзя», «Паходжанне жыцця на Зямлі», «Становішча на франтах грамадзянскай вайны». Прамаўлялі са сцэны вершы Аляксандра Блока, Дзям’яна Беднага, Уладзіміра Маякоўскага[2]. Выходзіў рукапісны часопіс «Пралеска». Напісаў тут драму «Апраметная»[3].

Краснаполле было далучанае да БССР у выніку ўзбуйнення рэспублікі 1924 года, Васіль Шашалевіч пераязджае ў Менск, сталіцу БССР, дзе да 1928 года працуе настаўнікам. У другой палове 1920-х гадоў працаваў сцэнарыстам на кінафабрыцы ў Ленінградзе.

Арыштаваны ДПУ БССР у ліпені 1930 года па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі», быў пад следствам да лютага 1931 года. 30 снежня 1930 года быў выключаны з Беларускага драматычнага таварыства і адноўлены 20 сакавіка 1932 года[4]. Паўторна арыштаваны 28 кастрычніка 1936 года ў Менску па адрасе: вуліца Вызвалення, д. 13, кв. 3. Прыгавораны пазасудовым органам НКУС 2 кастрычніка 1937 года як «член контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі» і за «антысавецкую дзейнасць» да 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Адбываў пакаранне спачатку ў Магілёве, затым накіраваны ў Прымор’е, дзе прабыў у перасылцы восем месяцаў. Працаваў рахункаводам, рэгістратарам у санітарнай часці, выступаў у канцэртах, пісаў частушкі і скетчы[5]. Прызнаны непрацаздольным камісіяй 27 лагернага пункта.

У Томасінлагу для аматарскага тэатра напісаў п’есу на тэму лагернага жыцця, пастаўленую зняволенымі ў сталоўцы. Змест п’есы не спадабаўся лагернаму кіраўніцтву і яе аўтара, хворага на сухоты, адправілі на лесапавал, дзе ён праз непрацаздольнасць быў улікоўцам. Там на Васіля Шашалевіча наўмысна спусцілі бярозу, якая прыціснула яго да вогнішча[1]. Пасля распілоўвання дрэва, моцна абгарэлага і абязвечанага Васіля Шашалевіча перавезлі ў зону. Засталіся звесткі, што ў пісьменніка выцеклі вочы[5]. Памёр у санітарнай частцы. Месца пахавання невядомае. Пасмяротна рэабілітаваны Прэзідыумам Вярхоўнага суда БССР 19 кастрычніка 1955 года. Асабовая справа Васіля Шашалевіча № 9934-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Сям’яПравіць

 
Леваруч Андрэй Мрый з жонкай, праваруч Васіль Шашалевіч з жонкай і сынам

Быў жанаты з Верай Сямёнаўнай Шашалевіч, гадаваў сына Генрыха, якога назваў у гонар нямецкага паэта Гайнрыха Гайнэ[6] (пазней той змяніў імя на Генадзь). Жонку паэта Веру забіў гаспадар хаты Міхась Крыловіч, у якога яна кватаравала ў Волме, дзеля выкрадання атрыманай грашовай кампенсацыі за рэпрэсііі[1] ў суме шасці тысяч рублёў. Забойца неўзабаве павесіўся[7].

ТворчасцьПравіць

Друкавацца пачаў з верша «Сож» у 1927 годзе ў часопісе «Узвышша». Актыўную літаратурную дзейнасць пачаў у сярэдзіне 1920-х гадоў апавяданнямі і драматычнымі творамі.

Аўтар п’ес «Апраметная» (другая назва «Зруйнаваная цемра») пастаўлена 16 траўня 1925 года Беларускай тэатральнай студыяй у Маскве. У 1926—1927 гадах «Апраметная» ставілася на сцэне БДТ-2, створанага на аснове Беларускай тэатральнай студыі ў Маскве), «Змрок» (пастаўлена БДТ-1 у Менску 30 студзеня 1927), «Воўчыя вочы» (1928—1929), «Рой» (1931), «Сімфонія гневу» (пастаўлена БДТ-1 3 сакавіка 1935).

Перакладаў на беларускую мову драматычныя творы Антона Чэхава, раманы Івана Тургенева «Рудзін», «Дваранскае гняздо». Досыць прафесійна граў на віяланчэлі і скрыпцы, маляваў, пісаў сцэнарыі для кіно, збіраў і апрацоўваў народныя песні.

ТворыПравіць

  • Рой: (П’еса) // Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі. Мн., 1975. Т. 2;
  • Сімфонія гневу: (П’еса) // Тэатральная Беларусь. 1992, № 4.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 Шашалевіч Васіль // Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўн. У 6 т. Т. 6. Талалай — Яфімаў / Дадатак Ін-т літ. імя Я. Купалы АН Беларусі; Беларус. Энцыкл.; Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны. Пад рэд. А. В. Малдзіса; Рэдкал.: І. Э. Багдановіч і інш. — Мн.: БелЭн, 1995. — С.358—359. — 684 с.
  2. Грахоўскі, С. Два лёсы — дзве трагедыі // Маладосць. — 1988. — № 1. — С. 146.
  3. Мамачкін, Зм. «Мой вораг - эпоха» Лёс драматурга Васіля Шашалевіча // Роднае слова. — 1994. — № 9. — С. 12.
  4. Мамачкін, Зм. «Мой вораг — эпоха» Лёс драматурга Васіля Шашалевіча // Роднае слова. — 1994. — № 9. — С. 14.
  5. 5,0 5,1 Грахоўскі, С. Два лёсы — дзве трагедыі // Маладосць. — 1988. — № 1. — С. 157—158.
  6. Грахоўскі, С. Два лёсы — дзве трагедыі // Маладосць. — 1988. — № 1. — С. 148.
  7. Грахоўскі, С. Два лёсы — дзве трагедыі // Маладосць. — 1988. — № 1. — С. 160.

ЛітаратураПравіць

СпасылкіПравіць