Арата
Ара́та — міфічная краіна, узгаданая ў шумерскай эпічнай літаратуры.
Эпас
правіцьАрата ўзгадваецца ў шумерскіх эпічных творах, прысвечаных валадарам старажытнага Урука, Энмеркару і Лугальбандзе, якія згодна падлікаў сучасных даследчыкаў, маглі кіраваць у першай палове 3 тысячагоддзя да н. э. Некаторыя навукоўцы лічаць, што вусная форма апавяданняў была складзена ўжо ў перыяд Джэмдзет-Наср.
У паэме «Энмеркар і валадар Араты», запісанай прыблізна ў пачатку 2 тысячагоддзя да н. э. паведамляецца, што Энмеркар звярнуўся да багіні Інаны за дазволам захапіць краіну Арату, каб сабраць там даніну з каштоўных металаў і камяняў для будаўніцтва храма Энкі. Інана ў адказ параіла адправіць пасланца праз Элам, каб запатрабаваць даніну. Энменкар так і зрабіў. Яго пасланец прыбыў у Арату, але валадар гэтай краіны адмовіўся падпарадкавацца Уруку. Ён запатрабаваў вялікую колькасць збожжа наўзамен за металы і камяні. Энмеркар даслаў збожжа, але валадар Араты пажадаў, каб ён сам забраў тое, што патрабуе. Валадар Урука з’явіўся ў Араце і ў выніку вымусіў аддаць яму даніну. Важны матыў паэмы — сцверджанне, што Інана, якая прывяла валадара Араты да ўлады, перайшла на бок Урука, і Энменкар здолеў даказаць гэта.
Дзве часткі эпаса пра Лугальбанду апавядаюць пра далёкі паход урукцаў у Арату. Падчас ваеннай экспедыцыі Лугальбанда захварэў і быў пакінуты ў пячоры, дзе быў вымушаны заклікаць да волі багоў, каб акрыяць. Цудоўная птушка Анзу дапамагла яму з неверагоднай хуткасцю вярнуцца дадому. Лугальбанда звярнуўся да Інаны, і тая дала яму параду, як захапіць Арату, пасля чаго герой зноў з неверагоднай хуткасцю здолеў пераправіцца ў далёкую краіну.
У адной з версій эпаса пра Гільгамеша ён атрымоўвае ад бога Уту памагатых, пра якіх кажацца, што яны ведалі шлях нават у Арату. У рэдкіх запісах, што былі зроблены, як лічыцца, пазней за складанне эпічных твораў, Арата ўзгадвалася як міфічная багатая і дабраслаўлёная краіна. Так, Шульгі, валадар трэцяй дынастыі Ура, параўноўваў скарбы свайго палаца са скарбамі Араты.
Ідэнтыфікацыя
правіцьНягледзячы на тое, што Арата магла быць цалкам прыдуманай краінай, або яе вобраз увабраў у сябе рысы многіх горных краін каля Месапатаміі, даследчыкі не аднойчы спрабавалі атаесамляць яе з канкрэтным рэгіёнам. У калянавуковай біблейскай і армянскай гістарыяграфіі Арата часам атаесамляецца з Армянскім нагор’ем. У 2007 г. іранскі археолаг Юсэф Маджыдзадэ выказаў гіпотэзу, што шумеры і акадцы называлі Аратай Джырофцкую культуру. Аднак ні той, ні іншы погляды не з’яўляюцца агульнапрынятымі.
Цяжкасць з усталяваннем месцазнаходжання Араты заключана ў тым, што ў эпічных творах паведамляецца толькі тое, што частка наземнага шляху да гэтай краіны вяла на поўнач праз горную мясцовасць. Далейшы кірунак да яе можа быць толькі меркаваным.
Літаратура
правіць- Vanstiphout, H. Epics of Sumerian Kings: The Matter of Aratta. — Atlanta: Society of Biblical Literature, n.d.