Артыклі англійскай мовы
Артыклі англійскай мовы (English articles) — часціны мовы, якія выкарыстоўваюцца для азначэння іменных словаспалучэнняў[заўв 1]. У сучаснай англійскай мове існуюць два тыпы артыкляў: азначаны the i неазначаны а (an). Літара е артыкля the чытаецца як «і» перад галоснымі і «э» перад зычнымі. Артыкль an ставіцца перад словамі, якія пачынаюцца галосным гукам (але не абавязкова галоснай літарай[заўв 2]), а яго варыянт а — перад словамі, якія пачынаюцца зычным гукам. Артыклі англійскай мовы пераважна ставяцца перад назоўнікамі, але могуць выкарыстоўвацца з прыметнікамі, займеннікамі і парадкавымі лічэбнікамі. Пры спалучэнні з займеннікам all (усё, усе, уся і г.д.) артыкль the ставіцца паміж гэтым займеннікам і назоўнікам, якому займеннік all служыць у якасці азначэння: all the time — увесь час.
Некаторыя даследчыкі граматыкі англійскай мовы разглядаюць адсутнасць артыкля як катэгорыю «нулявога артыкля» (zero article). Але не трэба блытаць адсутнасць артыкля з наўмысным апушчэннем (deliberate omission) гэтай часціны мовы. Такое апушчэнне прымяняецца ў выпадках, якія патрабуюць перадачы інфармацыі з мінімальнай колькасцю дэталяў: сцэнічныя рэмаркі, газетныя загалоўкі, канспекты лекцый, паведамленні электроннай пошты, sms-паведамленні, тэлеграмы і г.д.[2] Таксама сярод даследчыкаў катэгорыі артыкля англійскай мовы існуе думка, што займеннік some («некалькі» (прадметаў), «некаторая колькасць» (рэчыва)) з’яўляецца частковым артыклем, але гэта думка не мае шырокай навуковай падтрымкі.
Неазначаны артыкль
правіцьЛічыцца, што неазначаны артыкль (the indefinite article) а (an) паходзіць ад лічэбніка one (адзін). Звычайна з дапамогай такога артыкля перадаюць такія ідэі:
- адзін чалавек, прадмет, варыянт і г.д. з некалькіх: а book — «адна» кніга (але не адзіная), a manager — «адзін з» менеджараў (але ёсць і іншыя — ўвогуле ці на тым жа самым прадпрыемстве). Як правіла, артыкль у такіх выпадках не перакладаецца на беларускую, за выключэннем сітуацый кантрасту неазначанага артыклю з азначаным: It is not a precious stone, it is the precious stone — гэта не проста каштоўны камень, гэта той самы каштоўны камень.
- замест лічэбніка one (адзін) у спалучэнні з лічэбнікамі hundred (сотня), thousand (тысяча), million (міліён), billion (міліярд). Такая замена магчымая, толькі калі гаворка ідзе пра прыблізную колькасць; лічэбнік one нельга замяніць неазначаным артыклем пры перадачы дакладных лічбаў[3].
- адносіны «частка — цэлае», выкарыстанне неазначанага артыкля з рэчыўнымі назоўнікамі (an ice-cream — порцыя марожанага) і абстрактнымі ідэямі (kindness — дабрата, a kindness — добры ўчынак))[4].
- сэнс «нейкі», звычайна з уласнымі імёнамі: a John — нейкі Джон (але магчыма і перадача сэнсу «адзін з» пры выкарыстанні з прозвішчамі: a Smith — і нейкі Сміт, і адзін з сямейства Смітаў). Таксама блізкім да гэтага правіла з’яўляецца выкарыстанне артыкляў з уласнымі імёнамі, якія становяцца агульнымі імёнамі: а Ford (машына Форд), a James Bond (чалавек, паводзіны якога нагадваюць Джэймса Бонда).
- разам з апісальнымі прыметнікамі, нават пры ахарактарызаванні уласных імёнаў і прадметаў, адзіных у сваім родзе (unique objects): He was admiring a beautiful moon — Ён любаваўся прыгожым месяцам; It was a new Belarus, not the one he used to live in — Гэта была новая Беларусь, не тая, у якой ён жыў раней. У такіх выпадках неазначаны артыкль апускаецца пры перакладзе на беларускую.
Азначаны артыкль
правіцьЛічыцца, што азначаны артыкль (the definite article) the паходзіць ад займенніка this (гэта, гэты). Звычайна гэты артыкль выкарыстоўваюць у наступных сітуацыях:
- пры перадачы думкі аб дакладным прадмеце, з’яве, чалавеку: the man — «гэты ці той самы» чалавек. Звычайна ў такіх выпадках на беларускую перакладаецца толькі назоўнік, але калі гаворка ідзе пра ўласныя імёны, перакладаецца і артыкль: he is the James I told you about — гэта той Джэймс, пра якога я табе ўжо казаў.
- з назвамі краін, гарадоў і іншых геаграфічных аб’ектаў у кантэксце пэўнага часу: the Minsk of the XII century — Мінск XII стагоддзя.
- з прадметамі і з’явамі, адзінымі ў сваім родзе (unique objects): the sun (сонца), the universe (сусвет). Да гэтага правіла адносяцца і сітуацыі, у якіх апавядаецца пра адзіных для пэўнага асяроддзя асоб ці прадметаў: Mark is the manager of this plant — Марк — менеджар гэтага завода (адзіны, калі б замест the стаяла а, то Марк быў бы адзін з менеджараў); Floyd was the daughter of the teacher — Флойд была (адзінай) дачкой настаўніка. Пры перакладзе на беларускую артыкль the ў такіх сітуацыях, як правіла, апускаецца. Выключэннем з’яўляецца кантраст азначанага і неазначанага артыкляў у адным сказе (a precious stone i the precious stone ў вышэйпрыведзеным прыкладзе).
- у азначэннях і іншых сітуацыях, калі штосьці разглядаецца як прадмет ці з’ява ўвогуле: the cow is an animal — карова гэта жывёла (карова як від жывёлы, а не нейкая пэўная карова); the Present Simple — цяперашні просты час (як з’ява).
- калі група людзей, іншых жывых істот ці прадметаў разглядаецца як клас: the poor — бедныя людзі (як сацыяльная група грамадства), the Russians — рускія (як народ), the Smiths — Сміты (як сям'я). Гэта правіла датычыцца нават некаторых краін: the Philippines — Філіпіны (як група астравоў).
- пры спалучэнні ўласных імёнаў з агульнымі: the German language (нямецкая мова), the Republic of Belarus (Рэспубліка Беларусь), the Red sea (Чырвонае мора), the Atlantic ocean (Атлантычны акіян)[заўв 3].
- з назвамі рэк (the Danube — Дунай), азёр, калі яны не суправаджаюцца словам lake (возера) (the Baikal / lake Baikal — Байкал / возера Байкал), з назвамі многіх перыядычных выданняў (the Times — газета Таймс, the Wall Street Journal — Уол Стрыт Джорнэл). З назвамі некаторых краін — Конга, Ліванам, Сенегалам і Украінай — гістарычна ставіўся азначаны артыкль, але ў сённяшняй англійскай мове ідзе тэндэнцыя не выкарыстоўваць артыкль з назвамі гэтых краін[6]. Некаторыя ўкраінцы лічаць выкарыстанне азначанага артыкля з назвай іх Радзімы непаліткарэктным, бо правілы англійскай граматыкі дазваляюць выкарыстанне азначанага артыкля з назвамі правінцый, тэрыторый і рэгіёнаў (the Crimea — Крым), а з назвамі незалежных дзяржаў такое непажадана.
- з парадкавымі лічэбнікамі (the third — трэці); з найвышэйшай ступенню прыметнікаў (the strongest — самы дужы).
Адсутнасць артыкля
правіцьАдсутнасць артыкля (absence of the article, zero article) мае месца ў наступных сітуацыях:
- у множным ліку назоўнікаў, якія ў адзіночным ліку ставяцца з неазначаным артыклем згодна вышэйапісаным правілам: a man — men (мужчына — мужчыны).
- у назоўнікаў, якія абазначаюць рэчывы ці з’явы альбо абстрактныя паняцці (толькі ў выпадках канкрэтызацыі з імі ставіцца the): butter — масла.
- у колькасных лічэбнікаў і спалучэнняў назоўнікаў з колькаснымі лічэбнікамі: page 6 — старонка 6.
- у імператыўных закліках і зваротах: children, come here! — дзеці, ідзіце сюды!
- пры замене артыкля асабовым займеннікам (his cup — яго кубак) ці прыналежным склонам (John’s book — кніга Джона).
- з большасцю ўласных імёнаў, акрамя вышэйапісаных сітуацый.
Некаторыя сітуацыі, калі артыкль мяняе значэнне фразы
правіцьАкрамя вышэйапісаных правілаў і тэндэнцый, існуюць яшчэ некаторыя асаблівасці выкарыстання артыкляў ці іх адсутнасці, якія поўнасцю альбо нязначна мяняюць значэнне слоў і фраз у кантэксце, што можа ствараць цяжкасці ў перакладзе і вывучэнні англійскай мовы як замежнай. Так, выкарыстанне з парадкавымі лічэбнікамі неазначанага артыкля замест азначанага перадае значэнне «яшчэ адзін»: They opened a fourth shop in the neighbourhood — Яны адкрылі чацвёрты (альбо «яшчэ адзін») магазін у гэтым раёне[7]. А выкарыстанне неазначанага артыкля замест азначанага з прыслоўем most у спалучэнні з найвышэйшай ступенню прыметніка мяняе значэнне фразы: the most beautiful girl — самая прыгожая, найпрыгажэйшая дзяўчына, а most beautiful girl — вельмі прыгожая дзяўчына (але не самая).
Таксама ў брытанскім варыянце англійскай мовы азначаны артыкль і адсутнасць артыкля мяняюць значэнні сказаў з устойлівымі выразамі з словамі church (царква), prison (турма), hospital (бальніца) і некаторымі іншымі: the workers went to church / the workers went to the church — рабочыя пайшлі ў царкву (на набажэнства) / рабочыя пайшлі ў царкву (каб штосьці зрабіць ці адрамантаваць у яе будынку)[8].
Калі ў фразе daughter of a teacher (дачка настаўніка) з прыклада, які разбіраўся ў раздзеле пра азначаны артыкль, адсутнічае артыкль увогуле, гаворка ідзе не пра тое, ці гэта адзіная дачка, ці адна з дачок, а пра яе палажэнне ў грамадстве — дачка настаўніка, а не селяніна альбо банкіра[9].
Устойлівыя выразы з артыклямі англійскай мовы
правіцьУстойлівыя выразы з артыклямі a/an
правіцьВыраз | Значэнне |
---|---|
a best suit | выхадны касцюм |
a lot of | шмат, многа |
a first night | прэм’ера (фільма і г.д.) |
an only child | адзінае дзіця |
once upon a time | аднойчы, некалі |
Устойлівыя выразы з артыклем the
правіцьВыраз | Значэнне |
---|---|
out of the blue | раптам |
in the morning | раніцай |
the other day | на днях |
on the whole | увогуле |
Устойлівыя выразы з адсутнасцю артыкля
правіцьВыраз | Значэнне |
---|---|
at night | вечарам, уначы |
from South to North | з поўдня на поўнач |
at first sight | на першы погляд, з першага погляду |
hand in hand | рука аб руку |
Заўвагі
правіць- ↑ WordWeb.Offline dictionary on a compact disc
- ↑ Напрыклад, перад абрэвіятурай МР (member of parliament — член парламента) ставіцца an, бо гэта слова пачынаецца галосным гукам — «эм-пі», нягледзячы на тое, што першая літара яго зычная. Пры гэтым поўная фраза member of parliament пішацца з формай а неазначанага артыкля. [1]
- ↑ Аднак спалучэнне тытулаў, характэрных для англійскай мовы, з уласнымі імёнамі не суправаджаецца артыклем: Mister Bean (Містэр Бін ), President Obama (Прэзідэнт Абама). Не ўласцівыя англійскай мове тытулы ставяцца з азначаным артыклем: the baron Munchausen (Барон Мюнхаўзэн ).[5]
Зноскі
- ↑ Hewings 2005, p. 88.
- ↑ KrylovaGordon 2008, p. 270 (footnote).
- ↑ KrylovaGordon 2008, p. 388, note 1.
- ↑ Murphy 1995, p. 138.
- ↑ KrylovaGordon 2008, p. 295, text itself and note 3.
- ↑ KrylovaGordon 2008, p. 323.
- ↑ KrylovaGordon 2008, p. 280.
- ↑ Murphy 1995, p. 146.
- ↑ KrylovaGordon 2008, p. 293, note c.
Літаратура
правіць- Hewings, Martin (2005). Advanced Grammar in Use (2nd ed.). Cambridge University Press.
- Krylova, I.P.; Gordon, E.M. (2008). A Grammar of Present-day English. Practical Course (12th ed.). М.: КДУ.
- Murphy, Raymond (1995). English Grammar in Use (2nd ed.).