Бажэнішкі урвіч
Бажэнішкі урвіч (з балг. — Бажэніцкая крэпасць) — разбураная сярэдневяковая каменная крэпасць у Сафійскай вобласці ў Балгарыі, археалагічны помнік са статусам аб’екта нацыянальнага значэння[1]. Археалагічнае даследаванне крэпасці пачалося ў 1918 годзе, калі на скале пад каранямі паваленага пасля буры векавога дрэва выявілі сярэдневяковы надпіс.
Славутасць | |
Бажэнішкі урвіч | |
---|---|
42°59′45″ пн. ш. 23°49′26″ у. д.HGЯO | |
Краіна | |
Месцазнаходжанне | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Месцазнаходжанне
правіцьКрэпасць размешчана на паўночным схіле хрыбта Лакавіца на вышыні 750 м над узроўнем мора, у трох кіламетрах на поўдзень ад вёскі Бажэніца і ў дваццаці кіламетрах ад Боцеўграда ў Сафійскай вобласці. Асфальтаваная муніцыпальная дарога ля падножжа крэпасці пракладзена да базы адпачынку «Урвіч», адтуль да крэпасці вядзе размечаная сцежка. Пешы шлях ад базы да археалагічнага помніка займае каля дваццаці хвілін.
Гісторыя
правіцьАрхеалагічныя даследаванні, праведзеныя ў 1972 годзе, паказалі, што гэтая тэрыторыя была заселена яшчэ ў дагістарычную эпоху. Першыя крапасныя збудаванні датуюцца V—VI стагоддзем і з’яўляюцца часткай ранневізантыйскай абарончай сістэмы. Крэпасць дасягнула росквіту ў ХІІІ-ХІV стагоддзях, калі была пабудавана вонкавая крапасная сцяна, якая перагароджвала адзіны падыход да збудавання з паўночнага боку. У канцы XIV стагоддзя тут знаходзілася штаб-кватэра баярына Агнена (Агняна) — кефала часоў праўлення цара Івана Шышмана.
Бажэніцкі надпіс
правіцьАб існаванні крэпасці навукоўцы даведаліся зімой 1918—1919 года, калі пад каранямі векавога явара ў мясцовасці Градзішчэта выявілі ўнікальны сярэдневяковы пісьмовы помнік са словамі Сафійскага кіраўніка севаста Агняна. Артэфакт выявіў бажэніцкі пастух Недзялка Уменкоўскі, акадэмік Пётр Мутафчыеў прачытаў і інтэрпрэтаваў бажэніцкі надпіс[2]. Вучоны заўважыў, што разьбяр, які выконваў надпіс, «не паклапаціўся папярэдне разлічыць памер паверхні, на якой працаваў. Ён пачаў з буйных літар, але, бачачы, што наяўнага месца недастаткова, паменшыў велічыню літар і павялічыў, дзе было магчыма, даўжыню радкоў…» Мутафчыеў прачытаў надпіс так:
Аз Драгомир писах. Аз, севаст Огнян, бях при цар Шишман кефалия и много зло патих. В това време турците воюваха. Аз поддържах вярата на Шишмана царя.
(Я, Драгамір, пісаў. Я, севаст Агнян, быў кефалам пры цары Шышмане і моцна пакутаваў. У той час ваявалі туркі. Я падтрымліваў веру цара Шышмана.) |
Па сцвярджэннях даследчыкаў, бажэніцкі надпіс унікальны ў сваім родзе, валодае гістарычным і філалагічным значэннем.
Археалогія
правіцьУ 1966 годзе сярэдневяковая крэпасць была аб’яўлена аб’ектам нацыянальнага значэння[3]. У 1971 годзе члены экспедыцыі, названай «Севаст», пачалі першыя раскопкі. У складзе экспедыцыі пад кіраўніцтвам Паўла Дзішава працаваў Васіл Дзімітраў, рэдактар газеты «Ботевградски пламък» Мітрафан Велеві, архітэктар Ярдан Ярданаў. Першымі знойдзенымі прадметамі былі кераміка і ранневізантыйскія манеты эпохі Юстына I (518—527) і Юстыніяна I (527—565), якія сведчаць, што ў гэты перыяд, верагодна, была пабудавана крэпасць. Камандзе спатрэбіліся восем гадоў, каб цалкам раскрыць крэпасць, а затым намаганні былі накіраваны на кансервацыю і рэстаўрацыю помніка. Пры раскопках выяўлены тры абарончыя паясы, два з якіх былі пабудаваныя ў канцы V стагоддзя і ў пачатку VI стагоддзя, а адзін у XIV стагоддзі, у часы Івана Шышмана. Унутраная крапасная сцяна мае даўжыню, 200 метраў і шырыню ў асобных месцах да 2,70 метраў. Знешняя сцяна вышынёй 4-6 м мае чатыры контрфорсы. Плошча цытадэлі 80 м², а плошча ўсёй крэпасці складае 1600 м². Уражваюць водная цыстэрна глыбінёй 10 м з узроўнем вады 4 м, а таксама паракліс, выдзеўбаны ў скале крэпасці.
Ля варот на глыбіні 0,2-1,5 м, быў адкрыты скарб, які складаецца з 1327 сярэбраных грошаў і паўгрошаў з абліччам цара Івана Аляксандра, але перамечаных імем яго пераемніка, цара Івана Шышмана і з выявай Багародзіцы з дзіцяткам Хрыстом на аверсе. Па словах Хрысто Матанава манеты з гэтага скарбу абрэзаны па баках для эканоміі каштоўнага металу, што паказвае на інфляцыю і цяжкі стан дзяржаўных фінансаў у сувязі з ваеннымі дзеяннямі[4].
З паўднёва-заходняй кутняй вежы ажыццяўлялася назіранне за навакольнымі абарончымі збудаваннямі Паніца Кале ў сучасным сяле Ліпніца, Вылчыград у Літакова, Чэшкаўград ва Врачэшскім манастыры і Бадзілаўград перад горным праходам Віціня. Вежа мела сакрэтны выхад даўжынёй 7,40 м і сховішча на восем чалавек, у цяперашні час яны запоўненыя зямлёй. У паўночна-ўсходняй частцы крэпасці былі выяўленыя вежа, скальнае жытло і скальная царква з разбураным скальным абразом Святога Георгія. Адкрыты і некропаль з 48 магіламі і манастырскі комплекс пад крэпасцю. Выяўленыя каля крапасных сцен сотні наканечнікаў стрэл і копій, каменныя баявыя шары і шкілеты байцоў пацвярджаюць паданне пра бітву севаста Агняна з туркамі ў 1395 годзе. На думку Дзішава, магіла Агняна знаходзіцца ў скальным масіве перад Вайводавым каменем, галоўным наглядальным пунктам крэпасці[5].
Зноскі
- ↑ Крепостта Боженишки Урвич (балг.)(недаступная спасылка) (17 жніўня 2017). Архівавана з першакрыніцы 12 чэрвеня 2018. Праверана 23 мая 2018.(балг.) (17 жніўня 2017).
- ↑ Павел Дишев посвещава 30 години на крепостта „Боженишки Урвич” (балг.) (19 мая 2012).(балг.) (19 мая 2012).
- ↑ Среща-разговор с Павел Дишев по случай Деня на музея (балг.) (18 мая 2012).(балг.) (18 мая 2012).
- ↑ Христо Матанов, Залезът на средновековна България, С., изд. Изток-Запад, 2016 2016.
- ↑ Павел Дишев-основател на експедицията на "Боженишки Урвич" (балг.) (18 мая 2012).(балг.) (18 мая 2012).