Байнэтбеларуская частка сеткі Інтэрнэт. У Байнэце налічваецца каля 70 000 вэб-сайтаў, каля паловы якіх месцяцца ў даменнай зоне .by.

НазваПравіць

Назва ўтворана па аналогіі з некаторымі іншымі сегментамі Інтэрнэту ў краінах СНД і адбываецца ад абазначэння нацыянальнага дамена Беларусі.by і слова net (англ.: сетка). Існуе таксама альтэрнатыўная назва — Белнет, скарачэнне ад «Беларускі Інтэрнэт», якое амаль ніхто не выкарыстоўвае.[1]

ГісторыяПравіць

У 1991 годзе высілкамі групы энтузіястаў ствараецца вузел сеткі Internet/Relcom. Гэты вузел упершыню ў Беларусі пачаў падаваць паслугі электроннай пошты.

У маі 1994 года «Адкрыты кантакт» набыў статут адміністратара нацыянальнай даменнай зоны by. Дзякуючы гэтаму сталі магчымыя беларускія сайты з канчаткам на.by. У 1995-96 гадах у сеціве пачалі з'яўляцца першыя беларускія старонкі.

3 ліпеня 1995 года было створана Рэспубліканскае дзяржаўнае прадпрыемства «Белтэлекам», якое было абвешчана нацыянальным аператарам сувязі. У ліпені 1996 года зарабіла сетка «Белпак», якая мела ў той час 18 вузлоў доступу ў Інтэрнэт.

У сакавіку 1997 года запушчаны ў эксплёатацыю спадарожнікавы канал на 1024 кбіт/хв. (На сярэдзіну 2003 года сукупны вонкавы канал сувязі РУП «Белтэлекам» складаў 79 Мбіт/хв).

У лютым 1999 года «Белтэлекам» запусціў агульнарэспубліканскую сістэму беспарольнага камутаванага доступу, якая магла абслугоўваць да 15 000 абанентаў што месяц.

2000 год з'яўляецца пераломным у развіцці беларускага Інтэрнэту. Рэзкае павелічэнне аўдыторыі карыстальнікаў, з'яўленне новых правайдараў і вэб-студый, правядзенне конкурсаў і акцый па развіцці сеткі — усё гэта, а таксама нястомнае павелічэнне актыўнасці сайтабудаўнікоў, ператварылі Інтэрнэт з захаплення «камп'ютарных геніяў» і тэхнароў у паўсядзённы занятак тысяч людзей самых розных прафесій.

Беларусь стала адной з першых краін у свеце, якая прыняла закон пра электронны дакумент. Закон быў падпісаны прэзідэнтам 22 снежня 1999 года.

У канцы 2002 года ўрад Беларусі прыняў Дзяржаўную праграму інфарматызацыі «Электронная Беларусь».

1 красавіка 2009 года адзін з найбольш наведвальных сайтаў рунету — Bash.org.ru быў пераназваны ў «Цытатнік Байнэту» з поўным перакладам усіх цытат і інтэрфейсу на беларускую мову.

Апошнія навіны: 1 красавіка 2009

Дарагія чытачы, сардэчна запрашаем у новую версію Башорга! На гэты раз гэта не змены ў дызайне і не новы падзел сайту, а цэлая новая мова. З сённяшняга дня, у рамках змагання з сусветнай дэпрэсіяй і эканамічным крызысам, наш сайт даступны і на беларускай мове.

У самай блізкай будучыні мы плануем запусціць версіі на ўкраінскай, балгарскай, казахскай і, вядома, башкірскай мовах.

(Працы па лакалізацыі ідуць дагэтуль, просьба паставіцца з разуменнем.)

У пастанове Саўміна «Пра некаторыя пытанні ўдасканалення выкарыстання нацыянальнага сегменту глабальнай камп'ютарнай сеткі Інтэрнэт» № 644 ад 29 красавіка 2010 гады прыводзяцца нормы, паводле якіх да 1 ліпеня 2010 года інтэрнэт-рэсурсы, якія месцяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, інфармацыйныя сістэмы і сеткі неабходна зарэгістраваць[2].

Зыходзячы з Указу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 01.02.2010 г. № 60 «Пра меры па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегменту сеткі Інтэрнэт» (рэгістрацыйны нумар: 1/11368) з 1 ліпеня 2010 года доступ да сеткі Інтэрнэт у пунктах калектыўнага карыстання ажыццяўляецца толькі пасля падавання дакументу, які выяўляе асобу і рэгістрацыі карыстальніка. Продаж карт доступу да сеткі Інтэрнэт па тэхналогіі Wi-Fi ажыццяўляецца таксама пасля падавання дакументаў.

Памер Інтэрнэт-аўдыторыі ў БеларусіПравіць

Па дадзеных праведзенага ААН даследавання[3] па стане на 2006 год доступам у Інтэрнэт валодала 5 477 500 карыстальнікаў ці 56,5 % насельніцтва краіны. Гэта даволі высокі паказчык (22 месца ў свеце) і самы высокі паказчык ва Усходняй Еўропе (нароўні з Эстоніяй у якой таксама 56,5 %). У той жа час па дадзеных гэтага даследавання распаўсюджанасць шырокапалоснага доступу ў Беларусі прыкметна менш чым у сярэднім па рэгіёне. Па дадзеных на 2006 год колькасць карыстальнікаў шырокапалоснага доступу складала 11 400 ці 0,1 %. Такую сітуацыю можна збольшага растлумачыць тым што рынак шырокапалоснага доступу да 2006 года развіваўся галоўным чынам у Мінску, паколькі Інтэрнэт-правайдары (акрамя дзяржаўнага Белтэлекама) не валодалі ўласнай сеткай перадачы даных дастатковай прапускной здольнасці каб масава прапанаваць гэту паслугу нават у найбуйнейшых гарадах краіны. Пасля таго як у канцы 2006 года Белтэлекам выйшаў на рынак масавага шырокапалоснага доступу, колькасць карыстальнікаў гэтай паслугі стала імкліва расці. Так у 2008 годзе Белтэлекам абвясціў пра тое што колькасць карыстальнікаў шырокапалоснага доступу ў яго дасягнула 100 тыс.[4]. Акрамя таго ў 2007—2008 гадах некалькі буйных беларускіх правайдараў таксама запусцілі паслугу доступу па ADSL у абласных цэнтрах.

1 студзеня 2012 г. налічвалася звыш 6,3 млн. абанентаў сеціва, з іх 53,8% карысталіся шыракапалосным доступам. 40% жыхароў ва ўзросце ад 16 гадоў карысталіся сецівам. На 26 лістапада 2012 г. прапускная здольнасць вонкавых каналаў доступу ў сеціва складала 250 Гбіт/сек.[5]

Інтэрнэт-гандаль у БеларусіПравіць

Сёння Інтэрнэт — адзін з самых эфектыўных і развітых каналаў продажу. Па дадзеных міністэрства гандлю [6] на 2008 год у Беларусі працуе каля 700 інтэрнэт-крама. Кожны год іх колькасць павялічваецца ў сярэднім на 100 аб'ектаў. Першай беларускай Інтэрнэт-крамай быў сайт oz.by, праз які можна было купіць кнігі, відэакасеты, камп'ютарныя гульні. Гэта пляцоўка з'явілася ў кастрычніку 1999 года. У 2000 годзе паўсталі крамы shop.by і onliner.by. Цяпер гэта буйныя гандлёвыя пляцоўкі, на якіх месцяцца сотні гандляроў. У Беларусі працуе вялікая колькасць Інтэрнэт-крам, самыя буйныя з якіх: e-odezhda.by Архівавана 19 снежня 2012. (адзежа і аксэсуары), oz.by і mirknig.by Архівавана 18 снежня 2014. (кнігі, дыскі), novatek.by (ноўтбукі, камп'ютары, побытавая тэхніка). Па пастанове ўрада Беларусі № 649 ад 29 красавіка 2010 усе Інтэрнэт-крамы рэгіструюцца ў гандлёвым рэестры.

Паводле апытання пакупнікоў Інтэрнэт-крам [7] сярэдні ўзрост людзей, якія карыстаюцца паслугамі Інтэрнэт-крам у Беларусі — 21-25 гадоў (31 % карыстальнікаў), 25-29 гадоў (28 % карыстальнікаў). Мужчыны здзяйсняюць Інтэрнэт-куплі часцей жанчын: 56 % і 44 % карыстальнікаў адпаведна. Часцей за ўсё жыхары Беларусі купляюць праз Інтэрнэт мабільныя тэлефоны і фотатэхніку, камп'ютары і наўтбукі. Усё часцей беларусы заказваюць у Інтэрнэт-крамах будаўнічыя матэрыялы, мэблю, прадметы інтэр'еру, буйную тэхніку.

У 2010 г. тавараабарот сеціўных крамаў склаў звыш 230 млрд. беларускіх рублёў[8] ($76,8 млн). У 2011 г. тавараабарот сеціўных крамаў склаў 800,5 млрд. рублёў ($142,8 млн; 0,7% ад рознічнага тавараабароту). На 14 красавіка 2012 г. налічвалася 3932 улічаныя крамы[9]. На 4 мая з амаль 4 тыс. улічаных крамаў 75% знаходзіліся ў сталіцы, 12% — у Мінскай вобласці, па 2-3% у кожнай іншай вобласці[10]. На 5 снежня на ўліку ў Міністэрстве гандлю стаяла 4665 сеціўных крамаў (48% ад агульнага ліку)[11].

СтанПравіць

Па меркаванні дырэктара і заснавальніка TUT.BY Юрыя Зісера, Байнэт адстае ад Інтэрнэту ЗША на 9 гадоў (на чэрвень 2009 года)[12]

Да 2012 года беларускія райцэнтры могуць абагнаць Мінск па ўзроўні пранікнення Інтэрнэту. На чэрвень 2009 года ў гарадах з насельніцтвам больш 100 тысяч чалавек 12,2 % жыхароў карыстаюцца доступам у Сетку штодня. У Мінску аналагічны паказчык складае 30,8 %.[13]

Статыстыка, рэйтынгі, каталагізацыяПравіць

Ажыццяўляецца шэрагам беларускіх парталаў:

  • Акавіта — першы беларускі рэйтынг сайтаў.
  • Беларускі bigmir)net — украінскі рэйтынг сайтаў, стварыў беларускую версію ў 2008.
  • Геміюс — першая камерцыйная сістэма статыстыкі, пачала працаваць у 2008 годзе.

Рэспубліка Беларусь — на 66 месцы сярод краін з найбольш высокай «шкоднай актыўнасцю ў інтэрнеце» (справаздача Symantec пра пагрозы інтэрнэт-бяспекі за 2009 год). У першай сотні краін — Расія (7 месца), Украіна (27 месца), Казахстан (54 месца), Грузія (78 месца) і Малдова (86 месца)[14]

ЗноскіПравіць

  1. Цяжкасці перакладу і самаідэнтыфікацыі. Расставіць усе кропкі перад «by» пакуль не атрымоўваецца Архівавана 5 сакавіка 2016.
  2. Беларускія хостэры папытаюць уладальнікаў сайтаў зарэгістравацца Архівавана 15 красавіка 2020.
  3. INFORMATION ECONOMY REPORT 2007—2008 Архівавана 4 снежня 2010.
  4. Колькасць абанентаў Byfly дасягнула 100 тыс. Навіны Беларусі, навіны Расіі, навіны спорту, навіны Украіны, навіны зоркі Архівавана 19 верасня 2008.
  5. Агляд 2012: Лічбавыя тэхналогіі. Інфаграфіка. Беларускае тэлеграфнае агенцтва. Праверана 1 снежня 2012.
  6. Штогод колькасць інтэрнэт-крам у Беларусі ў сярэднім павялічваецца на 100 аб'ектаў Архівавана 21 красавіка 2011.
  7. Big Fish Consalting: Вынікі апытання пакупнікоў Інтэрнэт-крамы Архівавана 23 лютага 2010.
  8. Наталля Тарасюк Міністэрства гандлю рэкамендуе інтэрнэт-магазінам пераходзіць на безнаяўныя плацяжы. Белтэлерадыёкампанія. Праверана 28 красавіка 2013.(недаступная спасылка)
  9. Ганна Гарустовіч. Інтэрнэт-крамы будуць прымаць і безнаяўныя // Звязда : Газета. — 14 красавіка 2012. — № 73 (27188). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  10. Зміцер Кахно Беларускія інтэрнэт-магазіны могуць пазбавіцца наяўных грошай. Белтэлерадыёкампанія. Праверана 28 красавіка 2013.(недаступная спасылка)
  11. Таццяна Грыгаровіч Мінгандаль канстатуе хуткае развіццё інтэрнэт-гандлю ў Беларусі. Эканоміка. БелТА. Праверана 6 снежня 2012.
  12. Юрый Зісер: Байнэт адстае ад інтэрнэту ЗША на 9 год Архівавана 12 чэрвеня 2009.
  13. Рэгіянальны пратакол: тэхналогіі ідуць у глыбінку Архівавана 31 мая 2009.
  14. Беларусь патрапіла ў першую сотню краін з найбольш высокай «шкоднай актыўнасцю ў інтэрнеце» Архівавана 1 ліпеня 2010.

Гл. таксамаПравіць

СпасылкіПравіць