Батальён КАП «Стоўбцы»

Батальё́н Ко́рпуса ахо́вы паме́жжа «Сто́ўбцы» (польск.: Batalion KOP «Stołpce») — восьмы батальён Корпуса аховы памежжа часоў міжваеннай Польскай Рэспублікі, які размяшчаўся ў Стоўбцах у 1924—1939 гадах. У верасні 1939 года прымаў удзел у польскай абарончай вайне і баях з савецкімі войскамі падчас пахода Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь.

Батальён Корпуса аховы памежжа «Стоўбцы»
Batalion KOP «Stołpce»
Казармы батальёна «Стоўбцы» у 1932 годзе
Гады існавання верасень 1924 — верасень 1939
Краіна  Польшча
Падпарадкаванне Корпус аховы памежжа
Уваходзіць у Брыгада КАП «Навагрудак» (1924—1937) →
Полк КАП «Сноў» (1937—1939)
Тып батальён
Складаецца з 5 памежных ротаў, узвода сувязі, роты запаса, кулямётнай роты, камандавання батальёнам
Функцыя Ахова савецка-польскай мяжы
Колькасць 814 жаўнераў
Дыслакацыя Стоўбцы
Рыштунак Кулямёты, мушкетоны, вінтоўкі, карабіны, пісталеты
Войны Польская абарончая вайна (1939)
Удзел у
Камандзіры
Вядомыя камандзіры маёр Аляксандр Шаблінскі

Гісторыя

правіць

На паседжанні палітычнага камітэта Рады міністраў Польскай Рэспублікі, якое адбывалася 21—22 жніўня 1924 года было прынята рашэнне аб стварэнні адмысловага ўзброенага фармавання для аховы ўсходняй мяжы, з прычыны чаго 12 верасня 1924 г. польскае Міністэрства вайсковых спраў выдала распараджэнне аб стварэнні Корпуса аховы памежжа, а 17 верасня таго ж года — дапаўненне з указаннем яго структуры. Адной з нагодаў для гэтага стаў напад на Стоўбцы, у ходзе якога дыверсійная банда ў складзе 100—150 злачынцаў напала на горад, у выніку чаго было забіта 10 чалавек[1].

На першым этапе арганізацыі гэтага вайсковага ўтварэння на падставе загада генеральнага штаба ад 27 верасня 1924 года была заснавана другая памежная брыгада, а ў яе складзе — восьмы памежны батальён. У склад батальёна ўвайшлі чатыры пяхотныя роты, дружына камандзіра батальёна і ўзвод сувязі. Штат служачых налічваў 25 афіцэраў, 200 унтэр-афіцэраў і 603 шараговых жаўнераў. Ва ўзбраенні знаходзіліся 2 станкавыя і 48 ручных кулямётаў, 48 мушкетонаў, 439 вінтовак, 280 карабінаў і 32 пісталеты. Транспартнымі сродкамі былі 15 конных вазоў, 1 матацыкл і 7 ровараў[2]. Даўжыня ахоўванага батальёнам адрэзка мяжы складала 61 км, з іх ліку на адну роту даводзілася прыблізна 20 км, на стражніцу — 5 км[3].

Адлегласць камандавання брыгады ад камандавання батальёна, размешчанага ў Стоўбцах, дасягала 70 кіламетраў. У лістападзе 1924 г. падраздзяленне заступіла на службу ў Навагрудскім ваяводстве, дзе ў 1934 г. абараняла 59.910 км памежнай паласы[4]. У 1926 годзе на ўзроўні брыгады была арганізавана школа для падрыхтоўкі ўнтэр-афіцэраў пяхоты, якая была адчынена ў Навагрудку, аднак праз два гады ліквідавана. Замест яе і іншых падобных установаў у крэпасці Асавец на Падляшшы быў заснаваны школьны батальён Корпуса аховы памежжа[5].

У ліпені 1929 г. было прынята правіла, у адпаведнасці з якім адзінкі Корпуса аховы памежжа атрымлівалі назву згодна з мясцовасцю іх размяшчэння, у выніку чаго восьмы памежны батальён быў пераназваны ў батальён «Стоўбцы». Разам з тым, абавязковая нумарацыя адзінак корпуса захоўвалася да 1931 г., пакуль не была цалкам скасавана[6]. На той час батальён быў узброены 702 вінтоўкамі Бярц’е ўзора 1916 г., 52 ручнымі кулямётамі «Шаша» ўзора 1915 г. і 2 станкавымі кулямётамі «Гочкіс» узора 1914 года[7].

На пачатку 1930-х г. адбылася рэарганізацыя частак Корпуса аховы памежжа «R.2», адным з вынікаў якой стала заснаванне кулямётных ротаў замест колішніх кулямётных узводаў, што і было здзейснена ў Стоўбцах. Пасля рэфармавання батальёна гэтая памежная адзінка стала складацца з камандавання, узвода сувязі, кулямётнай, выведвальнай і трох памежных ротаў[8].

Улетку 1936 года са складу батальёна «Івянец» была выключана другая памежная рота «Рубяжэвічы» і перададзена ў падпарадкаванне «Стоўбцаў» у якасці чацвёртай роты. У штаце служачых, па стане на лістапад таго ж года, налічваліся 22 афіцэры, 73 унтэр-афіцэры, 28 звыштэрміновых і 691 шараговых жаўнераў[9].

Загадам камандавання ад 23 лютага 1937 года была распачата першая фаза рэканструкцыі Корпуса аховы памежжа «R.3», у выніку чаго батальён атрымаў новую працу[10]. Ён стаў адміністрацыйнай адзінкай для камандавання палка «Сноў», эскадрона кавалерыі «Стоўбцы», аднайменных роты сапёраў, ветэрынарнай лякарні, выведвальнай пляцоўкі і станцыі паштовых галубоў. Акрамя гэтага, адбыліся арганізацыйныя змены падраздзялення: з батальёна «Івянец» да «Стоўбцаў» у якасці пятай роты перайшла трэцяя памежная рота «Стасеўшчына», а застава «Лазовіцы» трэцяй памежнай роты «Смолічы» батальёна «Клецк» была пераведзена ў склад другой роты «Сейлавічы» стаўбцоўскага батальёна[11].

15 мая 1939 года падраздзяленне стала гаспадарчым аддзелам, у выніку чаго пасада кватэрмайстара была пераназвана ў пасаду намесніка камандзіра па гаспадарчых справах[12].

1 верасня 1939 года пачалася ўсеагульная мабілізацыя польскіх войскаў у сувязі з пачаткам абарончай вайны. Батальён «Стоўбцы» быў мабілізаванай адзінкай для камандавання 1-га батальёна 96-га пяхотнага палка, падрыхтоўка да мабілізацыі якога адбылася ўлетку таго ж года. 96-ы пяхотны полк увайшоў у склад 38-й пяхотнай дывізіі і працягнуў удзел у вайне[13].

Пасля ад’езду асабовага складу батальёна, ён быў адноўлены з прыцягваннем рэкрутаў і рэзервістаў і застаўся пад падпарадкаваннем палка «Сноў». Пасля гэтай рэканструкцыі падраздзяленне прыступіла да аховы дзяржаўнай мяжы працягласцю 94.902 км і працягвала дзейнічаць да 17 верасня, пакуль на яго не быў здзейснены напад з савецкага боку[14].

Напад на батальён

правіць

17 верасня 1939 г. батальён «Стоўбцы» пад кіраўніцтвам падпалкоўніка Станіслава Краеўскага распачаў баі з атакуючымі яго шостай і саракавой кавалерыйскімі дывізіямі, а таксама з шаснаццатым аддзяленнем памежных войскаў НКУС[15].

Пятую памежную роту «Стасеўшчына» атакавалі жаўнеры 16-га аддзялення памежных войскаў. Адна са стражніцаў роты, «Барздзі», здалася, у палон трапілі 14 служачых. Стражніца «Марозавічы» непрацяглы час абаранялася, але ўсё ж была захоплена, у зняволенні апынуліся 16 памежнікаў, у тым ліку параненыя, шэсць савецкіх вайскоўцаў таксама атрымалі раненні[16].

На чацвёртую роту «Рубяжэвічы» пачалі наступленне камбінаваныя падраддзяленні шаснаццатага аддзялення памежных войскаў і шостай кавалерыйскай дывізіі на чале з капітанам Лясоўскім. У 8.20 застава была захоплена, чатыры служачыя ўзяты ў палон. Стражніца «Алешкава» была абстраляна 16-ым аддзяленнем памежных войскаў і а сёмай гадзіне раніцы яна была ліквідавана, сем стражнікаў (з іх ліку адзін афіцэр) трапілі да няволі. Памежная застава «Баркоўшчына» падверглася атацы трэцяга эскадрона 145-га кавалерыйскага палка пад правадырствам лейтэнанта Воінава, у выніку чаго яна была занятая[16].

Памежныя адзінкі роты «Коласава» таксама сталі аб’ектамі напада з савецкага бока: заставу «Коласава» і ўзвод сувязі атакавала шаснаццатае аддзяленне памежных войскаў. Падчас сутыкнення з боку чырвонаармейцаў была выкарыстана артылерыя, дзякуючы чаму яны занялі будынкі амаль без стратаў. На стражніцу «Смалярня» напала тое ж аддзяленне, што і на «Коласава», прычым дзеля падаўлення супраціву служачых гарнізон закідалі гранатамі. Частка стражнікаў загінула, а іншая была захоплена ў палон (у тым ліку адзін афіцэр). Памежная застава ў вёсцы Сверынава здалася а восьмай гадзіне раніцы ў складзе 18 чалавек (з іх 1 паранены)[17].

На другую роту «Сейлавічы» пачалося наступленне сямнаццатага аддзялення памежных войскаў, але падрабязных апісанняў падзеяў не захавалася, гэтак жа як і пра супраціў у роце «Мікалаеўшчына»[17].

Іншыя службы батальёна, а таксама штаб камандавання, размешчаныя ў Стоўбцах, пакінулі горад раніцай 17 верасня, адыходзячы на захад, пры гэтым адбыліся сутыкненні з аддзяленнямі 11-й кавалерыйскай дывізіяй пад камандаваннем Андрэя Нікіціна. Праз тры дні польскія вайскоўцы са Стоўбцаў былі акружаны ў Міры і захоплены ў палон шостай дывізіяй Чырвонай Арміі[17].

Здарэнні

правіць

Захаваліся звесткі аб здарэннях на тэрыторыі, якую ахоўваў батальён з 6 па 28 студзеня 1925 г.:

  • У ноч з 6 на 7 студзеня 1925 г. была спынена спроба дзвюх асобаў незаконна перасекчы мяжу з БССР[18].
  • 12 студзеня 1925 г. савецкі салдат Ян Троіцкі быў абменены на сяржанта Ясіноўскага, жаўнера роты «Сейлавічы» батальёна «Стоўбцы», які трапіў на савецкую тэрыторыю 6 лістапада 1924 г.[18]
  • 16 студзеня 1925 г. на адрэзку №17 дзяржаўнай мяжы за незаконнае яе перасячэнне былі затрыманы дзве асобы, якія патлумачылі, што ехалі з Сібіры ў Баранавіцкі павет да сваіх родных. Парушальнікі былі перададзены паліцыі[19].
  • 17 студзеня 1925 г. за незаконнае перасячэнне савецка-польскай мяжы былі затрыманы тры асобы[19].
  • 17 студзеня 1925 г. падчас абыходу мяжы польскі патруль сустрэў бальшавіцкі патруль, камандзір якога спытаў «калі ў Польшчы будзе рэвалюцыя, таму што Польшча павінна быць «чырвонай»», пасля чаго сышоў[19].
  • 24 студзеня 1925 г. за незаконнае перасячэнне мяжы былі затрыманы пяць чалавек, якіх перадалі паліцыі[20].
  • 26 студзеня 1925 г. у раёне памежнай роты «Рубяжэвічы» мела месца самагубства грамадзянскай асобы Аляксандры Качановіч, якая застрэлілася з рэвальвэру капрала Рамуальда Мацкевіча з першай роты батальёна[21].
  • 27 студзеня 1925 г. на савецкім боку, у тым раёне дзяржаўнай мяжы, які падпарадкоўваўся роце «Рубяжэвічы», насупраць 63-й і 64-й памежных стражніцаў бальшавіцкія ўлады ажыццявілі перагрупоўку сваіх войскаў: утвораныя аддзяленні колькасцю па 15—30 чалавек перамяшчаліся ўздоўж мяжы, верагодна для таго, каб пазнаёміцца з мясцовасцю, праводзілі частыя трывогі і стрэлы[22].

Структура

правіць

Арганізацыя ў 1934 годзе

правіць
  • Камандаванне батальёнам
  • Узвод сувязі
  • Рэзервовая рота
  • Кулямётная рота
  • 1 памежная рота «Мікалаеўшчына»
    • Стражніца «Лугаватая»
    • Стражніца «Ёлава»
    • Стражніца «Лес Паласнянскі»
    • Стражніца «Паласня»
  • 2 памежная рота «Сейлавічы»
    • Стражніца «Бузуны»
    • Стражніца «Журавы»
    • Стражніца «Юшавічы»
    • Стражніца «Лесуны»
    • Стражніца «Салтанаўшчына»
  • 3 памежная рота «Коласава»
    • Стражніца «Самахвалы»
    • Стражніца «Коласава»
    • Стражніца «Смалярня»
    • Стражніца «Сверынава»[4]

Арганізацыя ў 1937 годзе

правіць
  • Камандаванне батальёнам
  • Узвод сувязі
  • Рэзервовая рота
  • Кулямётная рота
  • 1 памежная рота «Засулле»
    • Стражніца «Зарэчча»
    • Стражніца «Алешкава»
    • Стражніца «Баркоўшчына»
  • 2 памежная рота «Коласава»
    • Стражніца «Самахвалы»
    • Стражніца «Коласава»
    • Стражніца «Смалярня»
    • Стражніца «Сверынава»
  • 3 памежная рота «Мікалаеўшчына»
    • Стражніца «Ёлава»
    • Стражніца «Лес Паласнянскі»
    • Стражніца «Паласня»[23]

Арганізацыя ў 1939 годзе

правіць
  • Камандаванне батальёнам
  • Рэзервовая рота
  • Кулямётная рота
  • Узвод сувязі
  • 1 памежная рота «Мікалаеўшчына»
    • Стражніца «Лес Паласнянскі»
    • Стражніца «Паласня»
  • 2 памежная рота «Сейлавічы»
    • Стражніца «Бузуны»
    • Стражніца «Юшавічы»
    • Стражніца «Салтанаўшчына»
    • Стражніца «Лазовічы»
  • 3 памежная рота «Коласава»
    • Стражніца «Самахвалы»
    • Стражніца «Коласава»
    • Стражніца «Смалярня»
    • Стражніца «Сверынава»
  • 4 памежная рота «Рубяжэвічы»
    • Стражніца «Рубяжэвічы»
    • Стражніца «Алешкава»
    • Стражніца «Баркоўшчына»
  • 5 памежная рота «Стасеўшчына»
    • Стражніца «Барздзі»
    • Стражніца «Бесманы»
    • Стражніца «Марозавічы»[24]

Кіраўніцтва

правіць

Камандзіры батальёна

правіць
  • 20 кастрычніка 1924 — 1925 — маёр пяхоты Аляксандар Баляслаў Шаблінскі
  • 1925 — 1928 — маёр пяхоты Генрык Баравік[25]
  • 1928 — 6 ліпеня 1929 — падпалкоўнік пяхоты Мар’ян Ян Гыла
  • 6 ліпеня 1929 — 28 студзеня 1931 — дыпламаваны падпалкоўнік пяхоты Уладзіслаў Міхальскі
  • 28 студзеня 1931 — 21 сакавіка 1935 — маёр/падпалкоўнік пяхоты Зыгмунт Бэзэг[26]
  • 21 сакавіка 1935 — красавік 1935 — капітан Станіслаў Пачкоўскі
  • красавік 1935 — сакавік 1937 — падпалкоўнік пяхоты Нікадзім Сулік-Сарноўскі
  • сакавік 1937 — красавік 1937 — маёр Мар’ян Міхал Серафінюк
  • красавік 1937 — лістапад 1937 — падпалкоўнік пяхоты Войцех Станіслаў Войцык[27]
  • снежань 1937 — верасень 1939 — падпалкоўнік Станіслаў Краеўскі[14]

Штат батальёна ў чэрвені 1939 года

правіць
  • Камандзір — маёр Станіслаў Краеўскі
  • Намеснік камандзіра — маёр Леан Кардась
  • Ад’ютант — капітан Францішак Антоні Ставіцкі
  • Камандзір рэзервовай роты — капітан Станіслаў Керань
  • Камандзір кулямётнай роты — капітан Францішак Навіньскі
  • Камандзір узвода сувязі — паручнік Ежы Станіслаў Караль Спяховіч
  • Камандзір першай памежнай роты — капітан Вітольд Гарчыцкі
  • Камандзір другой памежнай роты — капітан Зянон Тыміньскі
  • Камандзір трэцяй памежнай роты — капітан Зыгмунт Ота Сліва
  • Камандзір чацвёртай памежнай роты — капітан Францішак Баршчэўскі
  • Камандзір пятай памежнай роты — капітан Ежы Леан Гедзерскі[28]

Зноскі

правіць

Літаратура

правіць
  • Komunikaty dyslokacyjne KOP. — 1938.
  • Meldunki sytuacyjne dowództwa Korpusu Ochrony Pogranicza №8/1925. — Шчэцін: Archiwum Straży Granicznej, 1925.
  • Meldunki sytuacyjne dowództwa Korpusu Ochrony Pogranicza №13/1925. — Шчэцін: Archiwum Straży Granicznej, 1925.
  • Meldunki sytuacyjne dowództwa Korpusu Ochrony Pogranicza №15/1925. — Шчэцін: Archiwum Straży Granicznej, 1925.
  • Meldunki sytuacyjne dowództwa Korpusu Ochrony Pogranicza №16/1925. — Шчэцін: Archiwum Straży Granicznej, 1925.
  • Meldunki sytuacyjne dowództwa Korpusu Ochrony Pogranicza №17/1925. — Шчэцін: Archiwum Straży Granicznej, 1925.
  • Zarządzenie dowódcy KOP w sprawie reorganizacji Korpusu Ochrony Pogranicza („R.3” I Faza) nr L.500/Tjn.Og.Org/37 z 23 lutego 1937 roku. — 1937.
  • Анджэй Канстанкевіч, Ежы Прохвіч, Ян Руткевіч. Korpus Ochrony Pogranicza 1924—1939. — Варшава: Barwa i Broń, 2003. — ISBN 83-900217-9-4.
  • Багуслаў Поляк, Ежы Прохвіч, Марэк Яблонаўскі, Уладзімір Янкоўскі. O niepodległą i granice. Korpus Ochrony Pogranicza 1924—1939. Wybór dokumentów. — ВаршаваПултуск: Wyższa Szkoła Humanistyczna w Pułtusku. Wydział Dziennikarstwa i Nauk Politycznych Uniwersytetu Warszawskiego, 2001. — ISBN 83-88067-48-8.
  • Генрык Дамінічак. Granica wschodnia Rzeczypospolitej Polskiej w latach 1919—1939. — Варшава: Wydawnictwo Naukowe PWN, 1992. — ISBN 83-01-10202-0.
  • Ежы Прохвіч. Korpus Ochrony Pogranicza w przededniu wojny, Część I. Powstanie i przemiany organizacyjne KOP do 1939 r.. — «Wojskowy Przegląd Historyczny» №3(149)/1994. — Варшава: Czasopisma Wojskowe, 1994. — С. 148—160. — ISBN 0043-7182.
  • Ежы Прохвіч. Formacje Korpusu Ochrony Pogranicza w 1939 roku. — Варшава: Neriton, 2003. — ISBN 83-88973-58-4.
  • Івона Вішнеўская, Катажына Проміньская. Wstęp do inwentarza zespołu archiwalnego „Brygada Korpusu Ochrony Pogranicza «Wilno»”. — Шчэцін: Archiwum Straży Granicznej, 2013.
  • Раймунд Шубаньскі. Bataliony, kompanie, strażnice KOP. — «Wojskowy Przegląd Historyczny» №3 (145)/1993. — Варшава: Czasopisma Wojskowe, 1993. — ISBN 0043-7182.
  • Станіслаў Фалькевіч. Korpus Ochrony Pogranicza. W pierwsza rocznice objecia sluzby na wschodniej granicy Rzeczypospolitej 1924—1925. — Варшава: Druk. Ministerstwa Spraw Wojskowych, 1925.
  • Рышард Рыбка, Каміль Стэпан. Najlepsza broń. Plan mobilizacyjny „W” i jego ewolucja. — Варшава: Adiutor, 2010. — ISBN 978-83-86100-83-5.