Беларуска-літоўскі летапіс (1446)
Беларуска-літоўскі летапіс 1446 года — першы агульнадзяржаўны летапісны звод Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ), прысвечаны гісторыі ўсходніх славян і Літвы. Належыць да беларуска-літоўскіх летапісаў, апісвае гістарычныя падзеі з 9 ст. да 1446 (адсюль назва).
Тэкст зводу складаўся паступова. У аснове зводу ляжыць летапіс, складзены на стыку 1320-х—1330-х гг. у Смаленску, магчыма, пры двары мітрапаліта Герасіма. Звесткі запазычаны са старажытнарускіх летапісаў і твораў, напісаных у Кіеве, Смаленску, Маскве, Вільні. Неад'емнай часткай звода з'яўляюцца «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» і «Пахвала Вітаўту». Першапачатковая рэдакцыя не збераглася. У 1490-я г. ўзнікла яго 2-я рэдакцыя (Нікіфараўскі летапіс, Супрасльскі летапіс, Акадэмічны летапіс), каля 1500 — 3-я, скарочаная рэдакцыя (Слуцкі летапіс).
Тагачасная рэчаіснасць прадвызначыла наяўнасць у зводзе сюжэтаў татарскага нашэсця, дзейнасці вялікіх князёў маскоўскіх і гістарычных падзей у ВКЛ (пададзеныя ў цеснай сувязі з гісторыяй Маскоўскай Русі і ў пераемнасці з гісторыяй Кіеўскай Русі). Выведзена ідэя абароны сваёй краіны ад іншаземцаў, асабліва ў запісах аб бітве на Вожы (1378), Кулікоўскую бітву (1380), прыняцці Смаленскам князя Юрыя Святаславіча (1401). Палітычная гісторыя ВКЛ паданая ў аб'ёме «Летапісца...».
У зводзе абгрунтоўваецца заканамернасць палітычнага аб'яднання літоўскіх, беларускіх і ўкраінскіх зямель у складзе ВКЛ і цэнтралізатарская палітыка літоўскіх князёў, выяўляецца імкненне перадавых колаў тагачаснага грамадства асэнсаваць гістарычную ролю ВКЛ ва Усходняй Еўропе. Адчуваецца ўплыў канцэпцыі правідэнцыялізму — для пераказу выбраныя толькі тыя факты і падзеі, якія паказвалі дзейнасць князёў, ваенаначальнікаў, найвышэйшага духавенства. Але агульны характар зводу, у параўнанні са старажытнарускім летапісаннем, больш свецкі.
Звесткі са старажытнарускіх крыніц былі выбраны тэндэнцыйна[1], што звязана з грамадзянскай вайной 1430-х гг. і расколам ВКЛ, калі было небяспечна ўзгадваць аб дзяржаўнай самастойнасці Полацкай зямлі ў 10—13 ст. Таксама не былі ўключаны звесткі аб рассяленні ўсходніх славян, аб паходзе Аскольда і Дзіра на Царград, аб паходах кіеўскіх князёў на яцвягаў, радзімічаў, балгараў, харватаў, палякаў. Аўтар не праявіў цікавасці да асуджэння княжацкіх міжусобіц[2].
Летапіс паслужыў асновай для «Хронікі Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага», «Хронікі Быхаўца».
Адкрыты і ўпершыню апублікаваны І. Даніловічам. Змешчаны ў Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 17, 1907, т. 35, 1980).
Зноскі
- ↑ Адзначана беларускім даследчыкам Ю. А. Зайцам. Белазаровіч, С.51.
- ↑ Што характэрна, напрыклад, для «Аповесці мінулых гадоў». Белазаровіч, С.51.
Літаратура
правіць- Чамярыцкі В.А. Беларускія летапісы як помнік літаратуры. - Мн., 1969.
- Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я. Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. — 345 с. — ISBN 985-417-858-7. С.50,51.