Беларускі менталітэт

Беларускі менталітэт – своеасаблівы тып мыслення, які прыпісваецца беларусам. Адлюстроўвае ўяўленні аб свеце ў цэлым, аб прыродным і сацыяльным асяроддзі, аб саміх сабе і прадстаўнікоў іншых груп[1]. Уключае ўсвядомленыя і неўсвядомленыя ўяўленні, устаноўкі і стэрэатыпы, сацыяльныя паводзіны[2].

Гісторыя развіцця і фарміравання

правіць

Глыбінныя вытокі беларускага менталітэту і яго асноватворныя рысы пачалі фарміравацца яшчэ ў старажытнасці. Да прыняцця хрысціянства жыхары тэрыторыі сучаснай Беларусі прытрымваліся паганскіх вераванняў, пакланяліся розным багам, аддавалі ўшанаванні прыродным стыхіям, нябесным свяцілам, а таксама святым дрэвам, камяням, пагоркам. Ментальнасць насельніцтва той эпохі вызначалася абагаўленнем зямлі, адухаўленнем усёй прыроды (пантэізм), перакананасцю ў рэальнае існаванне душы, злых і добрых духаў (анімізм), вербальнай магіі (вера ў цудатворную сілу асаблівых слоў і выразаў), адчуванне непарыўнага адзінства паміж чалавекам і навакольнай прасторай[3][1].

Нават пасля прыходу хрысціянства ментальнасць шмат у чым заставалася паганскай. Гэта было абумоўлена, перш за ўсё, тым, што новая вера распаўсюджвалася павольна. Як пісала культуролаг Таццяна Баярчук, на доўгае захаванне рэшткаў паганства ў немалой ступені аказала ўплыў і тое, што большасць насельніцтва да XX стагоддзя былі сялянамі. Усё ж у светаразуменні насельніцтва адбыліся змены, выкліканыя спляценнем старой і новай вер. Паступова ўкараніўся монатэізм і хрысціянскі гуманізм[4].

У эпоху фарміравання Вялікага Княства Літоўскага ў насельніцтва выяўляецца імкненне да дзяржаўна-палітычнага адзінства. У гэты перыяд этнічная самаідэнтыфікацыя выяўлялася этнонімамі «русіны», звязаным з часамі Кіеўскай Русі і пазначаўшым праваслаўнае насельніцтва, і «ліцвіны», пад якім разумеліся ўсе жыхары дзяржавы незалежна ад канфесіі і этнічнага паходжання. У эпоху Вялікага Княства Літоўскага развівалася мова, пісьменнасць, філасофская думка, ствараліся дакументы, якія характарызуюць высокі ўзровень палітычнай і прававой ментальнасці. У насельніцтва ўзнікае ўяўленне аб Вялікай (маецца на ўвазе Княства) і Малой (лакальная тэрыторыя пражывання) радзіме. Складваецца этнічная тэрыторыя будучага беларускага народа. Лічыцца, што менавіта тады насельніцтва сучаснай Беларусі стала ўяўляць сабой адзіную народнасць[5].

Перыяд уваходжання беларускіх зямель у склад Рэчы Паспалітай адзначыўся палітыкай паланізацыі і акаталічвання, грамадскай дэзінтэграцыяй. У дадзеную эпоху этнічная самасвядомасць насельніцтва была прадстаўлена наступнымі кампанентамі: тэрыторыяй пражывання, якая мела назву «Белая Русь»; этнонім «беларусцы», дапаўняльным іншым, больш старажытным этнонімам «ліцвіны»; уніяцкай царквой, якая аб’яднала да канца XVIII стагоддзя каля 80% жыхароў. З уключэннем у склад Расійскай імперыі польскі ўплыў замяняецца рускім, пачалася русіфікацыя. Аднак быў запушчаны працэс нацыянальнай мадэрнізацыі. У літаратуры актывізавалася ўжыванне беларускай мовы, якая да гэтага захоўваўся толькі ў вуснай форме[6]. Менавіта пры расійскай уладзе за насельніцтвам краю канчаткова замацаваўся этнонім «беларусы»[7].

Пры савецкай уладзе ў 1920-х гадах праводзілася палітыка беларусізацыі. Яна спрыяла шырокаму развіццю нацыянальнай культуры, што выяўлялася ў стварэнні школ, тэхнікумаў, ВНУ на беларускай мове навучання, дзейнасці культурна-асветных устаноў, развіцці беларускай літаратуры, публікацыі на беларускай мове кніг, газет, часопісаў і г.д.; а таксама ў вылучэнні беларусаў на партыйную, савецкую і прафсаюзную працу. У гэты час запушчаны працэс нацыянальнага адраджэння, выявілася імкненне асобных прадстаўнікоў беларускага этнасу заявіць пра беларусаў як самастойную, унікальную, самабытную нацыі, здольную стварыць уласную дзяржаўнасць[8].

Карэнныя змены ў нацыянальнай самасвядомасці беларусаў адбыліся ў другой палове 80-х гадоў, калі ў Савецкім Саюзе была пачата «перабудова». У грамадстве наспеў запыт на пераадоленне адставання нацыянальна-культурнага развіцця карэннага этнасу і адраджэння мовы і культуры[9].

Культуралагічная характарыстыка

правіць

Баярчук сярод ключавых традыцыйных рыс беларусаў вылучыла гуманнасць, талерантнасць і памяркоўнасць. Пад талерантнасцю (сацыёлаг Віктар Кірыенка лічыў яе вызначальнай рысай[10]) разумеецца цярпімасць у адносінах да іншых, не сваіх поглядаў, пазіцый, узораў культуры, «глыбіннае дасягненне магчымасці і нават неабходнасці дружалюбнага суіснавання» з прадстаўнікамі іншых груп. Дадзеная рыса мае канкрэтныя гістарычныя карані, так як беларусы доўгі час жылі ў складзе шматнацыянальных і шматканфесійных дзяржаў. Вылучаюць таксама цярплівасць, цягавітасць і неагрэсіўнасць (у той жа час гэта можа тлумачыцца як пакорлівасць і абыякавасць[10]). Аднак, у пэўных сітуацыях, як лічыла культуролаг, спасылаючыся на вопыт Вялікай Айчыннай вайны, яны здольныя да праявы адвагі і рашучасці. Акрамя таго, яна дадала яшчэ працавітасць, разважлівасць, стрыманасць, сціпласць, высокі ўзровень адукаванасці, шырокі культурны кругагляд[9]. Кірыенка пісаў, што ментальны аўтапартрэт сучасных беларусаў вызначаецца ў першую чаргу сацыяльна-духоўнымі і патрыярхальна-традыцыйнымі, калектывісцкімі характарыстыкамі, у меншай ступені — рацыянальна-дзейнымі, індывідуалістычнымі ментальнымі[10].

Асаблівую спецыфіку менталітэту надало культурнае памежжа паміж Захадам і Усходам. Дадзеная акалічнасць прадставіла спрыяльныя магчымасці для самастойнасці нацыі. У той жа час яна ставіць перад неабходнасцю ажыццяўляць выбар паміж Захадам і Усходам і пастаянна шукаць свой уласны шлях развіцця[11][12]. На думку Кірыенкі, менталітэт беларусаў з’яўляецца роднасным як усходнеславянскім — рускаму і ўкраінскаму, так і заходнеславянскаму польскаму, але разам з тым з’яўляецца самастойным, валодае ўласнай самабытнай культурай. Гэтым тлумачыцца і шматвектарнасць знешняй палітыкі Беларусі[10].

На думку Баярчук, беларусам уласцівая прыхільнасць да сваёй зямлі-карміцелькі, роднага краю, імкненне прыстасаваць працу і адпачынак да пэўных прыродна-сезонных цыклаў (т. зв. «каляндарны тып менталітэту»). Даследчыца спаслалася на народны каляндар, багаты святамі, і адпаведныя песні, танцы, абрады, прыкметы і павер’і[13].

Расійскі культуролаг Эмір Тужба пісаў, што знаходжанне пад уплывам савецкай культуры з уласцівымі ёй рысамі (калектывізм; эгалітарызм; аскетызм; адмаўленне матэрыяльных каштоўнасцяў і выгод; інтэрнацыяналізм; ахвярнасць) адказвала ментальным каштоўнасцям беларусаў. Асаблівае значэнне набыла роля лідара (у савецкі перыяд — Пятра Машэрава, у постсавецкі — Аляксандра Лукашэнкі)[14].

Велізарны ўплыў таксама аказалі натуральныя фактары: клімат, рэльеф, флора і фауна. Суровыя ўмовы надвор’я, такія як працяглыя і халодныя зімы, кароткае лета, багацце ападкаў, моцныя вятры і агульная неабароненасць людзей, выклікалі ў насельніцтва страх і пакланенне перад сіламі прыроды. Неспрыяльны клімат прымушаў жыхароў аб’ядноўвацца для сумеснага вядзення гаспадаркі і абароны. Багацце рэк, балот, нізін, спадзістых раўнін спрыяла з’яўленню сузіральнага ўспрымання жыцця. З рэльефам мясцовасці Баярчук звязвала такія нацыянальныя рысы, як мяккасардэчнасць, талерантнасць, дабрыня, адсутнасць схільнасці да прыняцця хуткіх, вокамгненных рашэнняў[13]. Са слоў Кірыенкі, гэта вылілася ў грунтоўнасці, ашчаднасці, асцярожнасці і канкрэтнасці мыслення; эмацыйнай патрэбе ў калектыўным ажыццяўленні працы і адмаўленні індывідуалістычных настрояў; у дамінаванні ў працоўным паводзінах фактару абставінаў, чым рацыяналізму і практыцызму; у перавазе падазронага стаўлення да багацця[10].

На сённяшні дзень вядуцца спрэчкі вакол таго, ці ўдзельнічалі ўсе пласты насельніцтва ў фарміраванні беларускай самасвядомасці, альбо ж нацыянальная ментальнасць сфармавалася выключна ў сялянскім асяроддзі[15].

Сацыялогія і псіхалогія

правіць

Паводле апытання Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, праведзенага ў ліпені 2017 года сярод 2094 чалавек, грамадзяне Беларусі ў большай ступені прыпісалі сабе такія якасці, як працавітасць, прыязнасць, сціпласць, спагадлівасць, талерантнасць, шчырасць. У меншай ступені выказана меркаванне аб уласцівасці беларусам такіх рыс, як прагрэсіўнасць, прадпрымальнасць, крэатыўнасць, ініцыятыўнасць[16].

Даныя даследавання Сяргея Шавеля і Людмілы Галіч паказалі, што грамадская думка Беларусі адрозніваецца большай напружанасцю і экспрэсіўнасцю. Дадзеная акалічнасць прыводзіць да перабольшання рызык і небяспекі некаторых праблем. На думку даследчыкаў, невялікія маштабы і колькасць насельніцтва краіны павышаюць шчыльнасць сувязі, сацыяльна-псіхалагічную эмпатыю, а разам з тым і ўспрыманне верагоднасці ператварэння абстрактнай магчымасці ў рэальную[17].

Паводле даследавання псіхолагаў Марыі Адзінцовай і Алены Сямёнавай, беларусы схільныя ў стрэсавых сітуацыях звяртацца да копінга стрэсавай паводніцкай стратэгіі пазбягання, адцягваючыся ад праблем. Яны мала замыкаюцца на сваім болі і не так востра адчуваюць псіхалагічнае напружанне. Эмацыйнае рэагаванне на стрэсы ў беларускіх жанчын нашмат вышэй, чым у беларускіх мужчын. Жанчыны адрозніваюцца нізкай адаптыўнасцю і нізкай настойлівасцю[18].

Крыніцы

правіць
  1. а б Курбиева 2011, с. 276.
  2. Зуева 2021, с. 186—187.
  3. Боярчук 2012, с. 280—281.
  4. Боярчук 2012, с. 281—282.
  5. Боярчук 2012, с. 282—283.
  6. Боярчук 2012, с. 283—285.
  7. Балич и Харитонов 2018, с. 136.
  8. Боярчук 2012, с. 285.
  9. а б Боярчук 2012, с. 287.
  10. а б в г д Тужба 2016, с. 350.
  11. Боярчук 2012, с. 288.
  12. Тужба 2016, с. 349.
  13. а б Боярчук 2012, с. 281.
  14. Тужба 2016, с. 351.
  15. Зуева 2021, с. 187.
  16. Балич и Харитонов 2018, с. 148.
  17. Тужба 2016, с. 352.
  18. Тужба 2016, с. 353.

Літаратура

правіць
  • Курбиева, И. Ю. Белорусский менталитет и его развитие / И. Ю. Курбиева // Беларусь в современном мире : материалы IV Республик. науч. конф. студентов, магистрантов и аспирантов, Гомель, 12 мая 2011 г. / М-во образования Респ. Беларусь, Гомел. гос. техн. ун-т им. П. О. Сухого ; под общ. ред. В. В. Кириенко. – Гомель : ГГТУ им. П. О. Сухого, 2011. – С. 276 - 278.
  • Боярчук, Т. Н. Влияние исторического прошлого на менталитет белорусов // Історичні і політологічні дослідження. – 2012. – № 1. – С. 280-291.
  • Тужба Э. Н. Факторы формирования отношений и повседневности русских и белорусов // Russian Journal of Education and Psychology. — 2016. — № 11(67). — С. 345—362.
  • Балич Н.Л., Харитонов И.Н. Этническое самосознание и практики национальных общностей Беларуси // Социологический альманах. — 2018. — № 9. — С. 132—149.
  • Зуева, Н. М. Выяўленне нацыянальнага менталітэту беларусаў у апавяданні Лукаша Калюгі «Шкодны вісельнік» // Беларуская мова, лiтаратура, культура i свет: праблемы рэпрэзентацыi: зб. навук. арт. па вынiках Мiжнар. навук. канф., Мiнск, 15-16 лiстап. 2018 г. – Мiнск: МДЛУ, 2021. – C. 186-193.