Ліцвіны

палітонім жыхароў Вялікага Княства Літоўскага

Ліцві́ны[1], або літві́ны[2] (стар.-бел. литва, литвины) — палітонім жыхароў Вялікага Княства Літоўскага ў XV—XVIII стст.

Цяпер этнонім літвіны часам ужываецца для абазначэння беларускамоўнага насельніцтва паўночнай Чарнігаўшчыны і Кіеўшчыны, заходняй Браншчыны і Смаленшчыны.[3]

Гістарычныя згадкі правіць

Назва «литвин» ужываецца ў пазнейшых вялікалітоўскіх і рускіх летапісах да асоб XIII—XIV ст.: «Лука Литвинъ» — да літоўскага баярына пры двару князя Даўмонта пад 1266 годам[4][5]; «сий Андрей бяше родом литвин» — да сына літоўскага князя Гердзеня пад 1289 годам[6]; «Андрей литвин» — да легендарнага продка Неміровічаў пад 1406 годам[7].

Таксама назва «літвін» вядома ад XIII ст. у лацінамоўных крыніцах, у тым ліку літоўскіх (Litwinos, rex Litwinorum — у грамаце Міндоўга 1261 года[8]; LETHVINORVM — на пячатцы Гедыміна 1323 года[9]), а таксама з суседніх Літве краін (Letwinis — у акце судовага працэсу Тэўтонскага ордэна з Казімірам Куяўскім 1259 года; Littwini — у лісце лівонскіх біскупаў 1277 года; і іншых).

 
Літвіны (праваруч) на Грунвальдскім полі, 1410 г.

У крыніцах заходнерускай мовы азначэнне «літвін» найраней вядома з ярлыка 1393 года[10][11] ад ардынскага цара Тактамыша да караля Ягайлы («Вы пак послали есте к нам посла вашего литвина на имя Невойста»).

У крыніцах ВКЛ назва «літвін» як азначэнне ўсяго жыхарства Княства вядома ў дамоўных граматах вялікага князя Казіміра з Псковам і Ноўгарадам (1440 і 1480): «А мне великому князю Казимиру блюсти Псковитина как и своего Литвина; також и Псковичом блюсти Литвина, как и Псковитина…»; у дамове 1480 года выраз «нашого Литвина» адпавядае выразам «нашы купцы», «люди нашы» і абымае як жыхароў Вільні, так і жыхароў Полацка[12].

Паводле Статута Вялікага Княства Літоўскага 1566 года, «родічамі старожытнымі і врожонцамі» ВКЛ былі літвіны і русіны: «…то все мы и потомки наши Великіе Князи Литовскіе давати будуть повинни только Литве а Руси, родичомъ старожитнымъ и врожонцамъ Великаго Князства Литовского (…). Але на достоенства и всякій врядъ духовный и свецкій не маеть быти обиранъ, ани отъ насъ Господаря ставленъ, толко здавна продковъ своихъ уроженецъ Великого Князства Литовского Литвинъ и Русинъ».

 
Літвіны з кнігі «Nova et acurata totius Europae tabula», 1608 г.

Назва «літва», «літвіны» як адзіная нацыянальная назва ўсяго жыхарства Вялікага Княства Літоўскага ўжывалася ў афіцыйных дакументах ВКЛ, наратыўных і мемуарных крыніцах, напрыклад:

  • у пастановах Гарадзенскага сойму 1567 года («Теж уфаляем, абы панове воеводове, старостове, державцы, тівунове, Літва і Полякове, всі особамі своімі на войну ехалі с почты…»)[13];
  • у статуце менскага цэха рымараў 1634 года («…aby towarzyszów polakow i litwę do roboty y warstatów swych przymowali…»)[14];
  • у дзённіку Фёдара Еўлашоўскага, 1603 г. («Маршалковал межы посламі наш літвін, князь Лукаш Болько Свірскій»)[15].

У вялікалітоўскім акце Люблінскай уніі 1569 года[16] «літоўскім народам» названа агулам жыхарства Вялікага Княства Літоўскага. Гэтаксама ў акце «Каэквацыі літоўскіх станаў» 1697 года (таксама вядомым як акт Каэквацыі «літоўскага народа»).[17]

Жыхароў усходняй часткі Вялікага Княства Літоўскага (Белай Русі) маскоўскія крыніцы называлі літвінамі і адначасова беларусцамі. Напрыклад, у маскоўскім дакуменце XVII ст.: «Приехал ис Полотцка ко Пскову торговой литвин Спиридонка; родом он литвин, белорусец Мстиславского повету».

 
Літвіны ў народных строях, пачатак XX ст.

У XIX — пачатку XX стст. абшары бытавання назвы «літвіны» звузіліся. У XX ст. ужываўся як польскі экзаэтнонім для літоўцаў, а таксама як лакальны этнікон невялікіх груп беларускага насельніцтва (у раёне Бярозы, Івацэвіч, Косава, Пружан, Навагрудка, Воранава, Гродна, Паставаў, Браслава і інш.), некаторых раёнаў беларуска-ўкраінскага Палесся (раёны Століна, Ракітнага, Кастопаля, Сарнаў, Оўруча) і беларускамоўнага насельніцтва паўночнай Чарнігаўшчыны і Кіеўшчыны, заходняй Браншчыны і Смаленшчыны. У пагранічных з Беларуссю раёнах Расіі назва «літвіны» бытавала да сярэдзіны XX ст.

Сучасныя ацэнкі правіць

На думку беларускага этнолага Ігара Чаквіна, у беларуска-літоўскіх летапісах і іншых дакументах XV—XVI стст. назва «літвіны» звязвалася ў этнагенетычным аспекце з легендарнымі рымскімі перасяленцамі на чале з князем Палемонам, тэрытарыяльна — з землямі першапачатковай лакалізацыі тапоніма «Літва» — на захад ад Мінска ў міжрэччы Нёмана і Віліі, дзе існавала змешанае балта-славянскае насельніцтва (гл. Літва, зямля). У канфесіянальным аспекце звязвалася як з каталіцтвам, так і з «рускай» верай (яскравы прыклад — Францыск Скарына, які называў сябе і літвінам у этнічным сэнсе, так і русінам у сэнсе канфесійным).[18][19] Ігар Чаквін адзначаў, што ў XVI—XVIII стагоддзях назва «літвіны» была найбольш абагульняльнай этнанімічнай формай самасвядомасці беларускага народа і адлюстроўвала найбольш шырокі ўзровень яго нацыянальнае кансалідацыі[18][20].

Беларускія гісторыкі Георгій Галенчанка і Ігар Марзалюк аспрэчваюць меркаванне, што ў XIV—XVII стст. заходнія беларусы карысталіся вызначэннем «літва»/«літвіны» («литвины») як эндаэтнонімам. На думку гэтых даследчыкаў, беларускае насельніцтва Верхняга Панямоння ўжывала толькі назву «рускі» («русін», «русь») як агульны эндаэтнонім для ўсіх частак старабеларускага этнасу, а сам тэрмін «рускі» («русін», «русь») паралельна звязваўся з праваслаўным насельніцтва (а пасля і з уніяцтвам)[21].

Беларускі гісторык Аляксандр Груша сцвярджае, што «літвіны» («литвины») у часы Вялікага Княства Літоўскага як этнонім адносіўся да літоўцаў[22][23], а адносна беларусаў як этнонім ужываліся «рускія»/«русь»/«русіны» («русины»)[24][23].

Гл. таксама правіць

Крыніцы правіць

  1. Напісанне паводле Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі 2008 года.
  2. БелЭн 1999.
  3. ЭнцВКЛ 2010, Т. 3, с. 306.
  4. ПСРЛ, т. 7. Москва, 2001. с. 166.
  5. Шаланда 2003.
  6. Троицкая летопись. Реконструкция текста. / изд. М.Д. Присёлков. Москва-Ленинград, 1950. с. 344-345.
  7. Хроника Литовская и Жемойтская // ПСРЛ. — Т. 32. — С. 78.
  8. Жлутка А. Міндаў, кароль Літовіі. Менск, 2005. ч. І, №10b, с. 43.
  9. Gumowski M. Pieczęcie Ksiązat Litewskich // Ateneum Wileńskie. Zesz. 3—4, 1930. S. 696.
  10. Карский Е. Ф. Труды по белорусскому и другим славянским языкам. Москва, 1962. с. 443.
  11. Полехов С. В. Ярлык хана Токтамыша польскому королю Владиславу II Ягайлу 1393 года. Проблема происхождения древнерусского текста // Золотоордынское обозрение. — 2021. — В. 2. — Т. 9. — С. 314–335. — ISSN 2308-152X. — DOI:10.22378/2313-6197.2021-9-2.314-335
  12. Акты, относящиеся к истории Западной России. Т. І. СПб., 1846. № 38, 39, 73.
  13. Литовская метрика. Ч. 3, т. 1. — Юрьев, 1914. стб. 425.
  14. Беларускі архіў. Т. 3. — Менск, 1930. № 94. с. 143.
  15. Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры. / укл. А.Ф. Коршунаў. Мінск, 1959. с. 230.
  16. Akta unji Polski z Litwą 1385—1791. Kraków, 1932. № 149. s. 355—356.
  17. Volumina Legum. T. 5. — Petersburg, 1860. P. 420—421.
  18. а б Чаквін І. Формы этнічнага і нацыянальнага самавызначэння беларускага насельніцтва XIV—XVIII ст. (да праблемы станаўлення нацыянальнай самасвядомасці беларусаў) // Усебеларуская канферэнцыя гісторыкаў. Мінск, 3—5 лютага 1993 года. Ч. I. — Мінск, 1993. С. 48-49.
  19. Зайкоўскі Э., Чаквін І. Літвіны // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. — Мінск, 1997. — Т. 4. — С. 382.
  20. Чаквин И. В. Избранное: теоретические и историографические статьи по этногенезу, этническим и этнокультурным процессам, конфессиональной истории белорусов. — Минск: Беларуская навука, 2014. с. 172, 176.
  21. Марзалюк 2009, с. 59, 65, 116, 120.
  22. Груша 2013, с. 39.
  23. а б Груша 2015, с. 173.
  24. Груша 2013, с. 38.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць

 
У Вікіцытатніку ёсць старонка па тэме Літвіны