Беларусы Казахстана

Беларусы Казахстана — беларуская дыяспара ў Рэспубліцы Казахстан.

Статыстыка

правіць

Паводле афіцыйных дадзеных на 12 студзеня 2012 г. грамадзянамі Рэспублікі Казахстан з'яўляюцца 63694 беларуса. Найбольшая колькасць выхадцаў з Беларусі пражываюць у Кастанайскай (21 тысяча), Карагандзінскай (18 тысяч), Акмалінскай (16 тысяч), Паўночна-Казахстанскай (9 тысяч) абласцях. Дынаміка колькасці беларусаў у Казахстане па дадзеных перапісу насельніцтва: 1926 год — 25584 чалавека, 1939 год — 31.614, 1959 год —107 309, 1970 год —198 430, 1979 год − 181 821, 1989 год — 178325, 1999 год — 111924, 2009 год — 66 476.

Гісторыя

правіць

Першыя беларусы з'явіліся на тэрыторыі сучаснага Казахстана пасля паўстання Кастуся Каліноўскага (Б. Залескі і інш.) У пачатку 20 стагоддзя падчас Сталыпінскай аграрнай рэформы ў Казахстан перасяляліся беларускія сяляне. У часы сталінскіх рэпрэсій у Казахстан былі сасланы беларускія дзеячы культуры (Уладзімір Дудзіцкі, Пятро Бітэль, Ян Скрыган, Сымон Хурсік і інш).

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны з Беларусі былі эвакуяваныя 10,7 тысячы рабочых і служачых, члены іх сем'яў. Сюды былі вывезены калектывы Беларускага тэатра оперы і балета, драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. За перыяд з 4 верасня 1941 па красавік 1942 коласаўцы далі 8 шэфскіх канцэртаў, 12 спектакляў і 21 канцэрт у вайсковых шпіталях. У Алматы знаходзілася і спявачка Беларускага тэатра оперы і балета Ларыса Пампееўна Александроўская. Яна выступала з казахскай артысткай Куляш Байсеітавай ў рабочых клубах Алматы і Караганды. На алмаацінскай кінастудыі беларускі рэжысёр Уладзімір Корш-Саблін у 1942 годзе стварыў першыя беларускія фільмы перыяду Вялікай Айчыннай вайны — «Беларускія навелы» («Пчолка» і «Баявыя сябры»).

Прайшоў Тыдзень беларускай літаратуры ў Казахстане (1974).

Беларусы ў незалежным Казахстане

правіць

Да канца дзевяностых гадоў нацыянальныя культурныя цэнтры беларусаў былі створаны ў Паўладары, Усць-Каменагорску, Астане, Кастанаі, Карагандзе, Какшэтаў, Петрапаўлаўску. Сёння іх у Рэспубліцы зарэгістравана больш за дзесяць. Прыкладам добра арганізаванай працы нацыянальна-культурных аб'яднання з'яўляецца Алмацінскай рэгіянальны НКЦ — кіраўнік Піталенка Л. М., Паўладарскі НКЦ — кіраўнік Богнат Л. І., Карагандзінскі «Фонд беларускай культуры» Спадчына" — кіраўнік Хука А. А. , Паўночна-Казахстанскі абласны НКЦ — кіраўнік Солапава Р. В., Кастанайскую НКЦ — кіраўнік Шаўчэнка Л. В., НКЦ «Беларусь» г. Астаны — кіраўнік Раманава А. Ф.. Асацыяцыя беларусаў Казахстана зарэгістравала афіцыйную назву на ўстаноўчай канферэнцыі ў 2002 г. Да таго часу 10 гадоў дзейнічаў нацыянальны культурны цэнтр «Беларусь». Яго заснавальнік і першы кіраўнік — сенатар Павел Атрушкевіч.

Літаратура

правіць
  • Беларускае замежжа // Энцыклапедыя. — Мінск : Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2010. — 480 с. : іл. Цвёрдая вокладка. На беларускай і рускай мовах. ISBN 978-985-11-0534-8