Беліцкі цукровы завод
Беліцкі цукровы завод — прадпрыемства, якое дзейнічала ў 1831—1882 гадах (паводле іншых звестак да 1890-х гадоў) у мястэчку Беліца Гомельскага павета Магілеўскай губерні. Вырабляў цукар-пясок.
З’яўляўся найбуйнейшым цукровым прадпрыемствам на Беларусі. Уладальнік — граф Фёдар Іванавіч Паскевіч, арандатар — купец Мельнікаў (былы ад’ютант Паскевіча). У 1839 годзе завод згарэў. У 1840 годзе пастаўлены новы 2-павярховы будынак, устаноўлены 2 паравыя рухавікі (магутнасцю 70 к. с.), пабудаваны драўляны барак ддя рабочых. У 1851 годзе працавала 80 рабочых (пераважна прыгонныя), у 1864 годзе — 175, у 1879 годзе — 232. У 1859 годзе на заводзе працаваў майстар-цукравар з Гамбурга, мясцовыя майстры: каваль, слесар, меднік, механік. На выраб цукровага пяску выкарыстоўваліся буракі з зямель уладальніка і купленыя ў суседніх маёнтках. Уласнымі былі вапна, касцяны вугаль, дровы. У 1851 годзе было перапрацавана 90 тыс. пудоў цукровых буракоў, з іх 70 тыс. пудоў уласных. Дзейнічаў 3—4 месяцы ў год. У 1879 годзе выраблена 15 тыс. пудоў цукру, у 1881 годзе — 19 тыс. пудоў.
Закрыты з-за канкурэнцыі таннага цукру з украінскіх губерняў.
Літаратура
правіць- Бе́ліцкі цукро́вы заво́д // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — С. 79. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
- Болбас, М. Ф. Беліцкі цукровы завод // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — С. 5. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.