Бортнае права — сукупнасць норм звычаёвага права, якія рэгламентавалі і рэгулявалі функцыяніраванне бортніцтва на Беларусі.

Бортнае права грунтавалася на гістарычна выпрацаваным і ўвасобленым у звычаях абагульненым вопыце бортніцтва і падтрымлівалася непахісным аўтарытэтам грамадскай думкі, традыцыйнымі мерамі ўшчування і пакарання. Першапачаткова ў аснове звычаю ляжала табу — розныя забароны і абмежаванні. Успрымаліся яны як непадлеглы сумненню факт і выконваліся без абгрунтавання і абмеркавання, потым — як агульнапрыняты звычай. Усе віды парушэння бортнага права разглядаліся копным судом. Рашэнні капы (дэкрэты), у т. л. і смяротныя прыгаворы, якімі караліся зламысныя пчаладзёры, не падлягалі апеляцыі і былі канчатковымі, выконваліся адразу пасля абвяшчэння прыгавору. Без істотнай юрыдычнай трансфармацыі асноўныя нормы бортнага права беларусаў увайшлі поруч з афіцыйнымі прававымі актамі (агульназемскія, абласныя і валасныя прывілеі, лісты), соймавымі пастановамі (ухвалы, уставы або канстытуцыі) у Статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588. Пры вызначэнні меры пакарання прадугледжваўся дыферэнцыраваны падыход, улічваліся характар і цяжар правапарушэння («выхад з права»), памер прычыненай шкоды і наяўнасць намеру і інш. Напрыклад, пашкоджанне бортнага дрэва па неасцярожнасці каралася штрафам у «две копе грошей», а наўмыснае псаванне — у 5-разовым памеры. Злоўленых на месцы злачынства («з лицом поймано») прысуджалі да смерці («на горла»). Нормы бортнага права дзейнічалі і ў беларускім войску. За знішчэнне борцей і крадзеж мёду вайсковыя ўставы, напрыклад, Менскага і Новагародскага соймаў пачатку XVI ст. прадугледжвалі павешанне («на шыбеніцу»). За захоўванме лязіва спаганяўся з вайскоўцаў 1 рубель штрафу (кошт 27 пудоў жыта). Гандаль крадзеным мёдам караўся хлостай (біццё дубцамі) і выгнаннем з войска; выкрытага ў 2-і раз пазбаўлялі жыцця. Увядзенне Статута ВКЛ не спыніла выкарыстанне норм вуснага бортнага права копнымі судамі, узаконенымі дзяржавай. Карысталася ім і афіцыйнае судаводства, калі ў Статуце адсутнічаў неабходны артыкул для інкрымінавання злачынства. Шматвяковае існаванне народнага бортнага права падтрымлівалася прыхільнасцю насельніцтва да сваіх звычаяў і насцярожаным стаўленнем да дзяржаўнага судаводства. На Беларусі Б. бортнае права дзейнічала амаль да канца XVIII ст.

Літаратура правіць