Булыгінская дума

Булыгінская дума — замацаваная ў гістарычнай літаратуры назва прадстаўнічага законадарадчага органа ў Расійскай імперыі, праект стварэння якога распрацаваны ў Міністэрстве ўнутраных спраў (міністр А. Р. Булыгін, адсюль назва) і аб’яўлены царскім маніфестам 6 жніўня 1905 года.

Выбарчая сістэма правіць

Паводле «Палажэння аб выбарах у Дзяржаўную думу» (апублікавана ў той жа дзень), усе выбаршчыкі падзяляліся на 3 курыі землеўладальніцкую (памешчыкі), гарадскую (буржуазія) і сялянскую (сяляне, якія вялі ўласную гаспадарку). Для першых 2 курый выбары былі 2-ступеннымі, для сялян — 4-ступеннымі. Прадугледжваўся высокі маёмасны і ўзроставы цэнз. Большасць насельніцтва (рабочыя, батракі, жанчыны, асобы маладзей за 25 гадоў, вайскоўцы, навучэнцы і інш.) пазбаўлялася выбарчых правоў. Праект думы быў манеўрам, пры дапамозе якога царызм імкнуўся стварыць бачнасць абнаўлення дзяржаўнага ладу, заключыць здзелку з буржуазіяй, што дамагалася вузкацэнзавай прадстаўнічай установы, а таксама прывабіць частку сялянства з разлікам выкарыстаць у сваіх мэтах яго схільнасць да кансерватызму.

Рэакцыя правіць

Абвяшчэнне праекта Булыгінскай думы выклікала неадназначную рэакцыю ў грамадстве, садзейнічала размежаванню грамадска-палітычных сіл. У адпаведнасці з 3 асноўнымі палітычнымі лагерамі вызначыліся 3 тыпы поглядаў на Думу: урадавы — за Думу дзеля захавання самадзяржаўя і задушэння рэвалюцыі, ліберальны — за Думу дзеля абмежавання самадзяржаўя і спынення рэвалюцыі, рэвалюцыйны — супраць Думы, за ліквідацыю самадзяржаўя і давядзення рэвалюцыі да перамогі.

На Беларусі, як і ва ўсёй імперыі, прадстаўнікі пануючых класаў выказалі гатоўнасць супрацоўнічаць з самадзяржаўем на думскай глебе. Правыя партыі, ліберальная буржуазія і памешчыкі, актыўна рыхтуючыся да выбараў, праводзілі сходы і абмяркоўвалі кандыдатуры дэпутатаў. Сацыял-дэмакратычныя і народніцкія партыі і арганізацыіцыі (РСДРП, Бунд, эсэры, Усерасійскі сялянскі саюз, Беларуская сацыялістычная грамада і інш.) выказаліся за байкот Булыгінскай думы, мяркуючы выкарыстаць яго для аптацыі за ўсеагульнае выбарчае права і іншыя дэмакратычныя пераўтварэнні. Меншавікі, якія разам з прымірэнцамі мелі значны ўплыў у арганізацыях РСДРП на Беларусі, выступілі за выкарыстанне думскай кампаніі для стварэння органаў рэвалюцыйнага самакіравання. Бальшавікі ажыццяўлялі байкот пад лозунгам падрыхтоўкі ўзброеннага паўстання. У ходзе байкоту ў многіх гарадах і мястэчках Беларусі летам і восенню 1905 г. праводзіліся палітычныя сходы, мітынгі і маніфестацыі. На аснове тактыкі байкоту склаўся блок левых сіл. Булыгінская дума змяла Кастрычніцкая ўсерасійская палітычная стачка 1905 года, якая прымусіла цара выдаць Маніфест 17 кастрычніка 1905 года з абяцаннем заканадаўчай думы.

Літаратура правіць

  • Законодательные акты переходного времени: 1904—1908 гг.: сборник законов, манифестов, указов Пр. Сенату, рескриптов и положений Комитета министров, относящихся к преобразованию государственнаго строя России, с приложением алфавитнаго предметнаго указателя / под ред. Н. И. Лазаревскаго. — Санкт-Петербург: Издание Юридическаго книжнаго склада «Право», 1909. — 1018 с.
  • Калинычев, Ф. И. Государственная дума в России: Сборник документов и материалов. — Москва: Госюриздат, 1957. — 646 с.
  • Король, А. С. Большевики Белоруссии в революции 1905—1907 годов / А. С. Король; Институт истории партии при ЦК КП Белоруссии - филтал Института марксизма-ленинизма при ЦК КПСС. — Минск: Беларусь, 1986. — 192 с. — С. 83—96.
  • Ленін У. І. Байкот Булыгінскай думы і паўстанне / У. І. Ленін // Ленін, У. І. Творы: Пераклад з 4-га рускага выдання / Ін-т гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б, Філіял Інстытута Маркса-Энгельса-Леніна пры ЦК ВКП(б). Т. 9: Чэрвень—лістапад 1905 / У. І. Ленін. — Мінск: Дзяржвыд БССР, 1949. — Х, 465 с.
  • Мартюхова, М. А. На переломе революции: общественно-политическое движение в Белоруссии в связи с учреждением Государственной думы в России (август 1905 - июль 1906 г.) / М. А. Мартюхова; АН БССР, Ин-т истории; Под ред. Т. Е. Солодкова. — Минск: Наука и техника, 1986. — 140, [1] с. — С. 13—19.
  • Марцюхова, М. А. Булыгінская дума / М. А. Марцюхова // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. — С. 124—125.