Васіль Іванавіч Друцкі-Любецкі

Васіль Іванавіч Друцкі-Любецкі (нар. каля 1567 — памёр задоўга да 20 студзеня 1595) — князь, землеўласнік у Вялікім Княстве Літоўскім.

Васіль Іванавіч Друцкі-Любецкі
Друцк
Друцк
Нараджэнне каля 1567[1]
Смерць не пазней за 20 студзеня 1595
Месца пахавання
Род Друцкія-Любецкія
Бацька Іван Раманавіч Друцкі-Любецкі[1]
Маці Алена Солтанаўна Сакольская[d][1]
Веравызнанне праваслаўе[2]

Біяграфія правіць

Паходзіў з княжацкага роду Друцкіх-Любецкіх герба «Друцк». Сын князя Івана Раманавіча (пам. 1567) і княжны Алены Солтанаўны Сакольскай (яе 2-і муж Васіль Цяпінскі, з якім была ў шлюбе ў 1580 г.). Меў братоў Івана (пам. паміж 1581—1586 гг.), Рыгора, сясцёр — Багдану (муж — суддзя гродскі луцкі Астафі Малінскі), Марыну (муж — Пётр Кубліцкі)[3], Аўдоццю (муж — Гермаген Сялява)[4]. Праваслаўны.

Паводле падзелу з братам Рыгорам ад 9 лютага 1586, атрымаў «рускія» валоданні роду — часткі ў замку і мястэчку Друцк, двары Відзенічы, Загараддзе, Палонная, Засеклі (з аднайменнымі сёламі), сёлы Гастынічы, Худава, Дакучын, Бяліца, Воўфінічы, Кацэвічы, Лялекі, Арава, Крывое Друцкага княства. З іх Засеклі былі прададзены пісару земскаму аршанскаму Андрэю Васільевічу Варапаю (ліст ад 30.12.1586, актыкаваны 02.01.1587 у аршанскім гродскім судзе). 4 лістапада 1591 атрымаў дэкрэт Галоўнага Трыбунала ВКЛ па справе з Фёдарам Алехнавічам Барэйшам, які прысудзіў яму маёнтак Відзенічы (з в. Худава, Дакучын) Аршанскага павета, няслушна застаўлены князем Юрыем Друцкім-Горскім Ф. Барэйшу.

Паколькі яго маёнткі адышлі брату, верагодна, не пакінуў нашчадкаў. Сумнеўна, каб наогул быў жанатым. Памёр задоўга да 20 студзеня 1595 года. Пахаваны, верагодна, у Прачысценскай царкве Друцкага замка[5].

Зноскі

  1. а б в Глінскі Я. С. Князі Друцкія-Любецкія ў канцы XVI – XVII ст.: радавод, маёмаснае становішча, грамадска-палітычная дзейнасць // АрхіварыусДзяржкамархіў, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, 2016. — вып. 14. — С. 333.
  2. а б Глінскі Я. С. Князі Друцкія-Любецкія ў канцы XVI – XVII ст.: радавод, маёмаснае становішча, грамадска-палітычная дзейнасць // АрхіварыусДзяржкамархіў, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, 2016. — вып. 14. — С. 334.
  3. мела сына Юрыя, дачок Марыну (у 1612 г. удава Крыштафа Даманскага), Зоф’ю (муж — падстараста аршанскі Абрам Падбярэзскі) Кубліцкіх.
  4. іх шлюб адбыўся ў 1580 г.
  5. У сваім тастаменце Павел Янушавіч загадваў пахаваць сябе побач з труной кн. Васіля Друцкага-Любецкага, якога называў братам. З усіх вядомых Друцкіх-Любецкіх яму мог адпавядаць толькі Васіль Іванавіч. У сваю чаргу Васіль і яго брат Рыгор называюць Паўла Янушавіча «братам» падчас падзелу ў 1586 г. Прычыны такога наймення вызначыць цяжка. Магчыма, гэтая акалічнасць і абумовіла той факт, што ў вывадзе ад 1830 г. яны паказаны стрыечнымі братамі. У рэчаіснасці Павел Янушавіч прыходзіўся Васілю і Рыгору пляменнікам.

Літаратура правіць