Васіль Аляксеевіч Місюль

Васіль Аляксеевіч Місюль (1 мая 1889, вёска Іжа, Вілейскі раён — 20 красавіка 1984, Іст-Брансуік, Нью-Джэрсі, ЗША) — дзеяч беларускай эміграцыі ў Германіі і ЗША.

Васіль Місюль
Род дзейнасці дзеяч беларускай эміграцыі ў ЗША
Дата нараджэння 1 мая 1889(1889-05-01)
Месца нараджэння
Дата смерці 20 красавіка 1984(1984-04-20) (94 гады)
Месца смерці
Месца пахавання
Бацька Аляксей Тодаравіч
Маці Ганна Адамаўна

Біяграфія

правіць

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў вёсцы Іжа ў 1889 годзе.

Настаўнічаў у Вілейцы і Мядзеле.

Быў відавочцам злачынстваў савецкіх улад у Вілейскай турме ў 1941 годзе.

Акруговы асветны афіцэр БКА падчас нямецкай акупацыі (ад 9 мая 1944 года).[1], [2]

Ад 1944 у Германіі. З 1945 года знаходзіўся ў лагеры для перамешчаных асоб у брытанскай зоне акупацыі паблізу Браўншвайгу ў вёсцы Ватэнштэт (Wattenstedt). Камендант лагера Святаслаў Коўш. Ад утварэння ў лагеры пачатковай школы ў жніўні 1945 года працуе там настаўнікам. Кіраўнік школы Язэп Гладкі.[3]

У 1950 годзе эмігруе ў ЗША. Бярэ актыўны ўдзел у жыцці беларускай дыяспары. Член управы сабору святога Кірылы Тураўскага ў Брукліне.[4]

Вядомы сваім выступам у 1954 годзе ў Кангрэсе ЗША са сведчаннямі злачынстваў савецкай улады ў Вілейскай турме ў 1941 годзе. [5],[6]

Сведчыць Васіль Місюль

правіць
  Калі ўсе ўпэўніліся, што наехаўшыя з Савецкай Расеі бальшавікі ўцяклі, a ix мясцовыя памоцнікі пахаваліся, то шмат народу захацела адведаць турму, з якой ўначы выгналі ўсіх арыштованых невядома куды. У турме нашым вачом паказаліся абставіны, у якіх бальшавікі трымалі людзей і якіх нельга забыцца да сьмерці. На ніжэйшым паверху камэры былі высака забалочаныя нячыстотамі, урынай, бруднай саломай. Вышэйшыя камэры былі пазаліваныя нячыстотамі з парашак. Смурод у будынку быў не да вытрыманьня.

На турэмным панадворку была пабудаваная невялікая зямлянка, з якой ішоў акрываўлены сьлед па зямлі ад нечага цяжкага валочанага ў бок сьвежа закопанай траншэі тут-жа на гародзе. У зямлянцы мы пабачылі моцна апырсканую кроўю сьцяжу, на якой было шмат дзюрак ад куль. На падлозе з пяском быў аграмадны грыб згусьцелай крыві. Тут стралялі людзей, якіх пасьля цягнулі па зямлі ў траншэю.

На другі дзень створаная гарадзкая ўправа, пад кіраўніцтвам Л. Сапешкі, прыступіла да раскопак на турэмным панадворку. Я бачыў як адкапалі адну самую сьвежую траншэю. Тут былі застрэленыя куляй у патыліцу людзі, са зьвязанымі назад калючым дротам рукамі, уложаныя адзін каля другога і прысыпаныя ня тоўстым слоям зямлі. Пласты людзей ляжалі адзін над другім, разьдзеленыя ня тоўстымі слаямі зямлі. Пры мне адкапалі тры пласты яшчэ сьвежых трупаў. Шмат хто з людзей мог распазнаць сваіх родных, ці знаёмых па твары, a ў ніжэйшых пластох - па вопратцы. Далейшых раскопак я не бачыў, бо на панадворку турмы немагчыма было стаяць дзеля цяжкога паху ад адчыненых магіл. Пры мне было выдабыта больш за сотню трупаў. Распазнаных забрал:і родныя з бліжэйшых вёсак і пахавалі на сваіх магілках. Рэшту ахвяраў перавезьлі на гарадзкі могільнік і пахавалі па хрысьціянскаму абраду.[6],[7]

 

Атрымаў амерыканскае грамадзянства 3 снежня 1957 года.[8].

Пахаваны на беларускіх могілках святой Еўфрасінні ў Саўт-Рывер, ЗША.[9].

Зноскі

  1. Язэп Малецкі. Пад знакам Пагоні. Успаміны. — Таронта: "Пагоня", 1976. — С. 149, 151. — 712 с.
  2. За Дзяржаўную Незалежнасць Беларусі. — Лондан: Выданне Беларускай Цэнтральнай Рады, 1960. — С. 101. — 198 с.
  3. Ян Максімюк. Беларуская Гімназія імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне (1945—1950). Беларускія лягеры перамяшчэнцаў у Заходняй Нямеччыне Архівавана 14 верасня 2007. // Беларуская інтэрнэт-бібліятэка
  4. Мікола Панькоў. Хроніка беларускага жыцьця на чужыне (1945—1984) Архівавана 5 сакавіка 2016. // Беларуская інтэрнэт-бібліятэка
  5. Барыс, Рогач 2013.
  6. а б За Дзяржаўную Незалежнасць Беларусі. — Лондан: Выданне Беларускай Цэнтральнай Рады, 1960. — С. 80-81. — 198 с.
  7. Вынятак са сьведчаньня Васіля Місюля, прадстаўленага ў 1954 г. адумысловаму камітэту Амэрыканскага Кангрэсу, пад старшынствам Ч. Керстэна, дасьледуючаму камуністычную агрэсыю Архівавана 6 жніўня 2016. // Сайт pawet.net
  8. Index to the Naturalization Petitions of the United States District Court for the Eastern District of New York, 1865—1957 // Пасведчанне аб натуралізацыі Васіля Місюля
  9. Saint Euphrosynia Cemetery South River, Middlesex County, New Jersey // Старонка беларускіх могілак святой Еўфрасінні ў сеціве

Літаратура

правіць
  • Барыс С. В., Рогач А. В. Нарачанка і яе берагі. — Мн.: Выдавец Зміцер Колас, 2013. — 712 с. — 99 экз. — ISBN 978-985-6992-37-0.
  • Алег Гардзіенка Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА) — Смаленск: Беларускі інстытут навукі й мастацтва, Бібліятэка Бацькаўшчыны 2009. — Кніга 16. — С. 110, 138, 150, 196. — 428 с. — 300 экз.