Веліжскае паўстанне

Веліжскае паўстанне — антысавецкае паўстанне, якое адбылося ў лістападзе 1918 года ў Веліжскім павеце Віцебскай губерні, большую частку Парэцкага і Бельскага паветаў Смаленскай і часткова Віцебскі павет Віцебскай губерні.

Перадгісторыя правіць

У чэрвені 1918 г. Усерасійская надзвычайная камісія  (руск.) (ВЧК РСФСР) расстраляла ў Вележы 3 беларусаў і 2 немцаў (агранома Шаганава, кажамяку Крупскага, гандляра Турыка, натарыуса Нормана і тэхніка Бранта). Шосты, літовец ксёндз Петрапаўлаўскага касцёла Будрыс, паводле сцверджанняў ВЧК уцёк, і яны асудзілі яго да расстрэлу завочна. [1] Паводле ВЧК гэтыя 6 чал. падрыхтоўвалі «контрреволюционный мятеж» супраць «власти рабочих и крестьян» і з'яўляліся яго штабам.

Прычыны і падзеі правіць

У пачатку лістапада 1918 г. у Вележы пачалася мабілізацыя сярод сялян у Чырвоную армію. 10 лістапада 1918 г., калі скончылася урачыстае святкаванне першай гадавіны Кастрычніцкага перавароту, павятовы ваенны камісар абвясціў мабілізаваным, што заўтра яны накіроўваюцца на фронт супраць чэхаславакаў. Пасля гэтага ўсе мабілізаваныя і мясцовыя жыхары выйшлі на Рынкавую плошчу, і перад будынкам павятовага выканкома патрабавалі адмены харчпадатка і ліквідацыі голаду ў павеце. Мабілізаваныя пачалі арыштоўваць і саджаць у турмы усіх павятовых дзяржаўных і партыйных функцыянераў. Таксама яны падпалілі дом-камуну, дзе размясціліся «адказныя работнікі партыі і ўрада». У паўстанні ўдзельнічалі настаўнікі, святары, гімназісты, сяляне, стараверы, жыхары латышскіх вёсак Ільінскай воласці. 11 лістапада паўстанне пачалося таксама ў Баранаўскай і Усмынскай валасцях.

Бальшавікі ў свой час абвясцілі горад і павет на ваенным становішчы, а тым самым выканком стаў рэўкамам. Начальнік ЧК Мусаеў (праз два дні забіты гімназістам-паўстанцам Лаймінгам) і ягоны памочнік Хадакоў (застрэлены праз год гімназістам-партызанам Таварасам) адразу пачалі фарміраваць роту ЧК.

15 лістапада 1918 г. паўстанцы захапілі Веліж. Паводле звестак А.Хахлова, колькасць узброеных сялян дасягала 1000 чалавек. У тым самым дню Віцебская ГубЧК атрымала ад веліжскага ЧК тэлеграму:

  У Веліжскім павеце ўзбунтавалася разагітаванае папамі кулаччо. У самым горадзе забіты начальнік ЧК таварыш Мусаеў. Усе мы змагаемся з мяцежнікамі, але спяшайцеся на дапамогу  

Большасць паўстанцаў не мелі ўзбраення. Мясцовае насельніцтва і мабілізаваныя сяляне былі ўзброены віламі, косамі, рагацінамі, шворанамі. Толькі ў некалькіх сотняў мясцовых паляўнічых былі рознакалібровыя стрэльбы. Нешматлікія былыя жаўнеры Першай сусветнай вайны мелі трохлінейные вінтоўкі з абмежаванай колькасцю патронаў.

Ад 11 да 17 лістапада 1918 г. амаль уся Віцебская губерня была ахоплена стыхійнымі паўстаннямі. Антысавецкія паўстанні таксама разгараліся ў паветах Смаленскай губерні (Парэцкім, Бельскім) і таксама ў аддаленай Магілёўскай губерні. У Вазнясенскай воласці Віцебскага павета бальшавікі канфіскавалі 1500 вінтовак. Паўстанцы Вязьменскай воласці Полацкага павета 13 лістапада захапілі станцыю Расоны. Атрад паўстанцаў на суткі захапіў г. Парэчча.

18 лістапада паўстанцы падышлі да Семічоўскага Бора (7 км ад Веліжу) і размясціліся на 60 кв. км. Пасля гэтага рэком змяніў ваеннае становішча ў горадзе на абложнае. У гэты-ж дзень у Веліж прыбыў батальён Віцебскага ГубЧК (складаўся з латышоў) які адразу быў накіраваны ў Семічоўскі Бор, дзе ў гэты час ужо ішоў бой паміж ротай веліжскага ЧК і паўстанцамі. У тыл паўстанцаў бальшавікі накіравалі з Невелю і Усвятаў т. зв. «інтэрнацыянальную брыгаду» (складалася з латышоў і кітайцаў), а са станцыі Заходняя Дзвіна ў напрамку да Ільіна — роту курсантаў Цвярской партшколы. У ходзе боя ў Семічоўскім Бары, паўстанцы разграмілі веліжскую роту ЧК, аднак пацярпелі паразу ад батальёна Віцебскага ГубЧК.

У ноч з 18 на 19 лістапада невялікі конны аддзел паўстанцаў, напалову складзены з салдат і афіцэраў Станіслава Булак-Балаховіча, абмінуўшы Семічоўскі Бор і бальшавіцкія кардоны на ўскраіне Веліжу, прарваўся ў горад. Аддзел зрабіў спробу акружыць турму, аднак ацалелыя салдаты роты веліжскага ЧК поўнасцю разбілі яго. Да Сямічоўскага Бора дайшло каля трох тысяч паўстанцаў. Іншыя былі перахоплены і рассеяны бальшавіцкімі вайсковымі аддзеламі.

Паўстанне дайшло і да сяла Глазамічы, дзе 20-гадовы айцец Васіль Лузгін адправіў малебен, у якім звярнуўся да жанчын з кароткім словам:

  Ня трэба плакаць. У матак і жонак ня хопіць слёз, калі бальшавікі паняволяць нашую Беларусь! Градзе чорная ноч... Можа мы пераможам, можа не, але лепш памерці ў чэсным баі за веру і Бацькаўшчыну, чым жыўцом гніць у турмах  

[2]

Паўстанне канчаткова было падаўлена 23 лістапада, але асобныя групы працягвалі супраціўленне да 1925 года. Падчас здушэння паўстання быў затрыманы і расстраляны адзін з камандзіраў паўстанцаў, паручык царскай арміі Пятрушчанкаў, другі паручык — Акушчанкаў — уцёк і пад мянушкай «Абярон» шмат год дзейнічаў з сваёй групай ў Сяртэйскай і Чэпельскай валасцях Вяліжскага павета.

Арганізатары правіць

Брант, Крупскі, Турык, браты Бараняты, браты Іван і Паўлюк Нілёнкі, афіцэры А.Жыгалаў і К.Жыгалаў, паручыкі царскай арміі Пятрушчанкаў і Акушчанкаў, мясцовыя святары.

Вынік правіць

У снежні 1918 г. ў Віцебску былі расстраляны члены Віцебскага Саюза беларускага народа, прэзідыума Віцебскага саюза праваслаўных парафій — доктар Грыгаровіч, Бялыніцкі-Біруля, Палонскі, Стукаліч.[3]

Потым на ўскраіне Веліжа ў т. зв. Пакроўскім полі спачатку выязная тройка Віцебскага ГубЧК, потым Рэўтрыбунал 15-й арміі і ўрэшце штаб экспедыцыйна-карнага аддзелу (ЭКА) прысудзілі паўстанцаў да расстрэлу (каваль Міхал Кавенскі, аснач Іван Галабурда, настаўнік Сымон Панцырны, каменячос Петр Калінкевіч, афіцэр Аляксей Пятрушка, ганчар Стэська Шманцар, хлебароб Хведар Наўмёнак і інш.). Кіраўнікі паўстання Брант, Крупскі, Турык былі расстраляныя па прысудзе суду на тым да полі разам з некалькімі сотнямі удзельнікаў паўстання.

У жніўні 1941 г. на Пакроўскім полі, на старым крывіцкім кургане, які знаходзіцца паміж брацкімі магіламі паўстанцаў, быў пастаўлены 3-метровы металічны крыж (належаў касцёлу Петра і Паўла). На ім была прымацавана дошка з надпісам

  Тут ляжаць бальшавікамі па-зьвярынаму забітыя і бяз трунаў акапаныя блізу тысячы чыноў беларускага народу. Яны загінулі ў змаганьні за нашыя шчасьце і волю. Вечная ім слава!  

А у нізе над надпісам славянскай вязью было выведзена евангельскае выслоўе:

  Няма большае любові, калі хто пакладзе душу сваю за сяброў сваіх (Іаан, 15, 13)  

16 лютага 1942 г. помнік апынуўся на тэрыторыі занятай 1-м Прыбалтыйскім фронтам. У гэты дзень салдаты Чырвонай арміі павалілі крыж-помнік і рассралялі айца Паўла Савіцкага, які служыў тут агульную прачулую паніхіду.[4]

Аб паўстанні і паўстанцах правіць

У СССР гісторыкі практычна не надавалі ўвагі даследаванням антыбальшавіцкіх паўстанняў. Адным з першых артыкулаў аб Веліжскім паўстанні напісаў Алесь Сіпка «Міф аб Веліжскім паўстанні» (газета «За вяртанне на радзіму», № 43, 1959). Аўтар сцвярджае, што ён судзіў паўстанцаў як падсудак выязной сэсіі Пскоўскага Губсуда, што ўжо выклікае недавер да зместу тэксту, так як судзілі іх выязныя тройкі Віцебскага ГубЧК і Рэштрыбунал 15-й арміі.

Пра Вяліжскае паўстанне пісалі ў сваіх успамінах беларускі пісьменнік Юрка Віцьбіч і падпалкоўнік КДБ вяліжанец П. І. Красінец.

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. Віцьбіч, Ю. Дзе мой Паўлюк? // Шыпшына. — 1947. — № 4. — С. 15 — 17.
  2. Віцьбіч, Ю. Во блаженном успении вечный покой… // Звіняць званы Святой Сафіі. — 1946. — № 6. — С. 7 — 8.
  3. Кастрычнік на Беларусі: Зб. арт. і дакументаў: Матэрыялы да гісторыі Кастр. рэвалюцыі на Беларусі / Каміс. ЦВК БССР па адзначэнні 10-годдзя Кастр. рэвалюцыі і Гістпарту ЦК КП(б)Б. Вып.1 / Склад. С.Агурскі. — Мн., 1927. — 487 с. — С. 109.
  4. Віцьбіч, Ю. Дзе мой Паўлюк? // Шыпшына. — 1947. — № 4. — С. 15 — 17.

Літаратура правіць

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мінск: БелЭн, 1997. — Т. 4. — 478 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0090-0. // С.67, Н. І. Стужынская
  • Вяліскія паўстанцы. Гэньдзікаўскія змагары. — Бэрлін, 1944. — 32 с. — (Народная Бібліятэчка; № 4)

Спасылкі правіць