Вера Сямёнаўна Касмовіч

(Пасля перасылкі з Вера Касмовіч)

Вера Касмовіч, па нараджэнні Скачко (нар. 1928) — удзельніца пасляваеннага антысавецкага падпольнага руху, сябра Саюза змагання за незалежнасць Беларусі.[1]

Вера Сямёнаўна Касмовіч
Род дзейнасці падпольшчыца, педагог
Дата нараджэння 1928
Месца нараджэння
Муж Яўген Касмовіч
Член у

Біяграфія правіць

Нарадзілася ў 1928 годзе ў мястэчку Гарадзея Нясвіжскага павету, Польская Рэспубліка (цяпер Нясвіжскі раён). У 1942 закончыла 7 класаў і паступіла ў настаўніцкую семінарыю ў Нясвіжы. У час нямецкай акупацыі дзейнічала ў СБМ, вучылася ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. Пасля Другой сусветнай вайны была вымушана працаваць (бацька памёр у 1939 г.), пасля адпаведных курсаў у Баранавічах у 1945 г. працавала загадчыцай лабараторыі. У 1947 узяла шлюб з настаўнікам Яўгенам Касмовічам, разам з якім належала да падпольнай беларускай антысавецкай арганізацыі «Саюз змагання за незалежнасць Беларусі». Працавала бухгалтаркай у Гарадзеі.

12 студзеня 1949 г. мужа Яўгена арыштавалі па справе «Саюза змагання за незалежнасць Беларусі». Праз некалькі дзён, 15 студзеня 1949 г. была арыштаваная і сама Вера Касмовіч. У мінскай турме, у так званай «валадарцы», у яе нарадзілася дачка Люся. Пра арышт Вера Касмовіч успамінала так: «Пасадзілі мяне адразу ў адзіночную камеру. Я сядзела ў ёй адна паўтары месяцы. Выклікалі на допыты, асабліва ўначы. Удзень нельга было нават да ложка гэтага прыперціся. За гэты час мяне выклікалі да Цанавы. Першы раз я трымалася і нічога ім не сказала, а другі раз мне стала зразумела, што ім усё вядома, і я прызналася ў тым, што ведала. Пасля гэтага прызнання мяне перавялі да жанчын… Потым дайшла чарга да родаў, і мяне перавезлі ў турэмны шпіталь. 14 траўня 1949 году я нарадзіла дачушку. Роды былі надта цяжкія. І вось калі мяне пасля родаў увялі ў палату, тыя жанчыны далі імя маёй дачушцы. Так было неяк прынята — калі дзяўчынка родзіцца, то Людміла, калі хлопчык — Руслан».

Асуджана 31 мая 1949 за «сувязь з антысавецкай арганізацыяй» да 10 гадоў савецкіх канцлагераў і 5 гадоў пазбаўлення правоў. Пра суд успамінала так: «Судзілі мяне і абвінавачвалі за ўдзел у нашай падпольнай арганізацыі Саюз змагання за незалежнасць Беларусі. Кіраўніком гэтай арганізацыі быў Іван Раманчук. Са сваёй групай ён быў на нелегальным становішчы. Я, па праўдзе казаць, ня ведала пра гэтую арганізацыю, пакуль не выйшла замуж за майго мужа нябожчыка Яўгена Касмовіча. Але я была прыхільная да гэтай ідэі, а яна зарадзілася ў мяне з 42 году, калі я 14-гадовай дзяўчынкай упершыню пакінула сваю родную хату і пайшла пешшу ў наш цудоўны гістарычны горад Нясвіж, каб здаць уступныя іспыты ў беларускую настаўніцкую семінарыю. І з таго часу, з тых нясвіжскіх крыніц у маю душу і сэрца ўлілася нацыянальная свядомасць». Далей Вера Касмовіч была этапавана ў Карагандзінскі канцлагер Казахскай ССР.

22 кастрычніка 1955 г. тэрмін зняволення быў зніжаны да 5 гадоў і Вера Касмовіч была вызваленая. Пасля вызвалення вярнулася ў Беларусь. Рэабілітавана ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда БССР 24 жніўня 1967. Жыве ў Гарадзеі на Нясвіжчыне. Асабовая справа № 19811-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Зноскі

  1. КАСМОВІЧ Вера Сямёнаўна(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 17 кастрычніка 2021. Праверана 10 сакавіка 2019.

Літаратура правіць

  • Дземідовіч Н. Век так ня будзе. Мн., 2002. С. 82, 104.

Спасылкі правіць