Вуліца Кавалёва (Мінск)

вуліца ў Мінску, Беларусь

Вуліца Кавалёва — вуліца ў Фрунзенскім раёне Мінска. Названа ў гонар Івана Кірылавіча Кавалёва (1906—1943), аднаго з арганізатараў і кіраўнікоў Мінскага патрыятычнага падполля ў Вялікую Айчынную вайну. У раёне вуліцы — прыватная забудова. Да ўваходу Сухарава ў склад Мінска частка тэрыторыі вуліцы была вёскай Сухарава.

Вуліца Кавалёва
Мінск
Агульная інфармацыя
Краіна Беларусь
Горад Мінск
Раён Фрунзенскі
Назва ў гонар Івана Кавалёва

Канфлікт вакол дома 72 правіць

У 2002 г. у былым кароўніку (д. 72) пратэстанцкая царква «Новае жыццё» арганізавала дом малітвы. Пасля таго, як усе раённыя адміністрацыі Мінска адмовілі ў арэндзе памяшканняў для правядзення набажэнстваў, было вырашана праводзіць іх у былым кароўніку без згоды ўладаў[1]. Праз адсутнасць санкцыі гарадскіх уладаў на набажэнствы пастар і адміністратар царквы неаднаразова былі аштрафаваны паводле артыкула 167-1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях РБ[2].

У 2005 г. Мінскі гарвыканкам прыняў рашэнне пра спыненне для «Новага Жыцця» права карыстання зямельным надзелам і пра прымусовы выкуп будынка ў сувязі з «нямэтавым выкарыстаннем». Мэтавым выкарыстаннем магла быць толькі гадоўля кароў, але паколькі на той час тэрыторыя ўжо ўвайшла ў межы горада, гэтая дзейнасць таксама стала недапушчальнай[3]. 21 ліпеня Гаспадарчы суд Мінска прыняў рашэнне пра прымусовы выкуп будынка за 37,5 мільёнаў рублёў (каля 16 000 долараў)[2][4]. На працягу года царква спрабавала абскардзіць рашэнне Мінгарвыканкама, дайшоўшы да Вышэйшага гаспадарчага суда, але безвынікова. Тады вернікі 6 кастрычніка 2006 года распачалі пост-галадоўку ў абарону царквы. Непасрэднай нагодай стала тое, што 29 верасня 2006 г. фондам «Міндзяржмаёмасць» 37,5 млн руб. былі пералічаны на банкаўскі рахунак царквы. Вернікам было адведзена 10 дзён (да 9 кастрычніка) на тое, каб пакінуць будынак[2].

У галадоўцы, якая трывала 23 дні, прынялі ўдзел больш за 200 чалавек. Сярод іх былі вернікі не толькі з супольнасці «Новае Жыццё», але і з іншых поўнаевангельскіх цэркваў, у тым ліку і з іншых гарадоў — Гародні, Гомеля, Мазыра і да т. п[2]. Яны патрабавалі скасаваць рашэнне Мінгарвыканкама аб пазбаўленні царквы зямлі і будынка, а таксама перапрафіляваць будынак у культавы[3]. Падчас акцыі штовечар ладзіліся набажэнствы з удзелам грэка- і рыма-каталікоў, праваслаўных, пратэстантаў розных дэнамінацый. Урачы паліклінік мікрараёна Сухарава адмовіліся аглядаць галадоўнікаў і прапанавалі ім звяртацца ў «хуткую дапамогу»[2].

На дванаццаты дзень галадоўкі Вячаслаў Ганчарэнка быў запрошаны ў Адміністрацыю прэзідэнта, дзе кіраўнік ідэалагічнага аддзела Алег Праляскоўскі паабяцаў «урэгуляваць пытанне ў межах прававога поля». 28 кастрычніка, пасля таго, як стала вядома, што прысуд Гаспадарчага суда пра прымусовы выкуп будынка царквы апратэставаны калегіяй Вышэйшага гаспадарчага суда, галадоўка была спынена[2][5]. За яе час 10 чалавек апынуліся ў бальніцы, 4 — у рэанімацыі з дыягназам «крайняе знясіленне арганізму»[3].

Пасля разбіральніцтваў паміж царквой і Мінгарвыканкамам у Вышэйшым гаспадарчым судзе Беларусі ў 2006—2009 гг., 14 жніўня 2009 г. вернікам суполкі «Новае жыццё» судовыя выканаўцы ўручылі распараджэнне пра тое, што, паводле рашэння Вышэйшага гаспадарчага суда, яны мусяць вынесці сваю маёмасць і да 21 жніўня пакінуць храм[6]. З 21 жніўня 2009 года будынак царквы знаходзіцца на балансе ЖРЭА Маскоўскага раёна Мінска[7], аднак вернікі вырашылі не сыходзіць добраахвотна і працягнулі ладзіць свае набажэнствы[8]. Пасля гэтага абшчыну час ад часу штрафавалі, але не высялялі.

У снежні 2009 года Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю па Беларусі, у якой «ад беларускіх улад чакаецца дакладны і значны прагрэс у справе дэмакратызацыі грамадства на працягу 2010 года» і выказваецца надзея, што царква «Новае жыццё» атрымае магчымасць дзейнічаць свабодна[9].

16 студзеня 2019 года ў Мінску было грамадскае абмеркаванне плана па ўнясенню змяненняў у горадабудаўнічы праект дэталёвага планавання паўднёвай частцы мікрараёна Сухарава. План прадугледжвае будаўніцтва жылля і аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры. На месцы царквы вырашылі пабудаваць школу. У канцы 2020 г. упраўленне прымусовага выканання вынесла абшчыне царквы прадпісанне з патрабаваннем да 31 снежня 2020 г. выканаць судовы загад ад 23 кастрычніка 2009 года і вызваліць будынак былога кароўніка па вул. Кавалёва, 72.

5 студзеня 2021 г. судовыя выканаўцы прыйшлі да будынка царквы і склалі пратакол аб невыкананні прадпісання аб высяленні з памяшкання, а 17 лютага 2021 г. судовыя выканаўцы пры падтрымцы міліцыі прымусова ўвайшлі ў царкву і прымусілі вернікаў і адміністратараў пакінуць памяшканне[10]. 21 лютага вернікі правялі малітоўную акцыю каля будынка[11].

Зноскі

  1. Валерий Фадеев. Заслуженный юрист Беларуси о ситуации вокруг «Новой Жизни» (руск.)(недаступная спасылка — гісторыя ). Царква «Новае Жыццё» (27 жніўня 2009). Праверана 25 кастрычніка 2010.
  2. а б в г д е Мария Савушкина. 3.3. Ситуация в церкви «Новая жизнь»: хронология событий, сообщения в СМИ (руск.)(недаступная спасылка — гісторыя ). Аналітыка. Ініцыятыва «За свабоднае веравызнанне» (1 лістапада 2010).
  3. а б в Сітуацыя вакол будынака царквы «Новае Жыццё».(недаступная спасылка — гісторыя ). Актуальнае. Інфармацыйны праваабарончы цэнтр «Свабода сумлення» (27 кастрычніка 2010).
  4. «Новае жыццё»: ці будзе штурм а 19 гадзіне?. Грамадства. Радыё «Свабода» (20 жніўня 2009). Праверана 26 кастрычніка 2010.
  5. Основные претенденты на президентство выступили в поддержку церкви «Новая Жизнь» (руск.)(недаступная спасылка). Навіны. Царква Ісуса Хрыста (31 кастрычніка 2010). Архівавана з першакрыніцы 28 лістапада 2020. Праверана 20 лютага 2021.
  6. Радыё «Свабода»: Вернікі «Новага жыцьця» вырашылі не пакідаць свой храм. Маніторынг СМІ. Беларускі хрысціянскі партал «Царква» (19 жніўня 2009).
  7. История конфликта между церковью «Новая жизнь» и Мингорисполкомом (руск.)(недаступная спасылка — гісторыя ). Новости. «Новае жыццё» (5 снежня 2012).
  8. Алена Пытэль. Новыя прэтэнзіі да царквы «Новае жыццё»(недаступная спасылка — гісторыя ). Здарылася ў Беларусі. «Польскае радыё для замежжа» (25 кастрычніка 2010). — «З юрыдычнага пункту гледжання наш будынак перастаў быць нашай уласнасцю са жніўня 2009 года, калі ўлады самі на сябе перапісалі ўласнасць нашага будынка. Але мы працягваем ім карыстацца.».
  9. Дзіна Шаўцова і Вячаслаў Ганчарэнка пра абмежаванне права на свабоду веравызнання(недаступная спасылка — гісторыя ). Навіны. Беларуская хрысціянская дэмакратыя (27 кастрычніка 2010).
  10. Чтобы попасть внутрь, спилили замок. Церковь «Новая жизнь» все-таки выселили из здания Архівавана 21 лютага 2021. // TUT.BY
  11. Сотні вернікаў прыйшлі памаліцца да забранай царквы «Новае жыццё» ў Сухараве // Наша Ніва, 21.02.2021

Спасылкі правіць