Новае жыццё (царква)

пратэстанцкая царква ў Мінску

Царква́ «Но́вае Жыццё́» — адна з пратэстанцкіх цэркваў Мінска. Паўстала ў 1992 годзе. Налічвае каля 1000 чалавек (членаў царквы і парафіян). Мае 14 філіяў па Беларусі і за яе межамі. Старэйшы пастар — Вячаслаў Ганчарэнка.

Агульная характарыстыка правіць

Суполка «Новае жыццё» належыць да хрысціян поўнага Евангелля, як і яшчэ тры найбуйнейшыя пратэстанцкія супольнасці — баптысты, пяцідзясятнікі і адвентысты Сёмага дня. Пяцідзясятнікі і хрысціяне поўнага Евангелля вызначаюцца тым, што яны ў часе малітвы могуць гаварыць на іншых, ці так званых «анёльскіх», мовах[1].

У царкве «Новае жыццё» больш моладзі, чым у іншых суполках. Хрысціяне поўнага Евангелля не прытрымліваюцца аскетызму і вераць, што Божы цуд адбываецца ў звычайным жыцці. Яны лічаць, што Бог дае вернікам фінансавы дабрабыт і іншыя рэчы, каб жыццё было больш камфортным.

Гісторыя правіць

Гісторыя царквы пачынаецца з 1991 года, з пропаведзі Евангелля на вуліцах Мінску. Праз два месяцы колькасць далучыўшыхся людзей павялічылася настолькі, што памяшкання пяцідзясятніцкай царквы стала недастатне. Тады было вырашана сустракацца ў кінатэатры, які арандавалі, выкупляючы квіткі на цэлы сэанс. Вячаслаў Ганчарэнка выдаткаваў на гэта свой месячны заробак, далей дапамагалі ахвяраванні. Праз паўгады людзі самі сталі называць Ганчарэнку пастарам, а сваю суполку — царквой. Афіцыйным жа днём яе нараджэння лічыцца 17 чэрвеня 1992 года, калі адбыліся першае вадохрышча і хлебапералом[2]. У тым самым годзе царква была афіцыйна зарэгістраваная ў Мінгарвыканкаме.

Доўгі час набажэнствы ладзіліся ў арандаваных памяшканнях. З 1999 года мінскія ўлады, выкарыстоўваючы Дэкрэт прэзідэнта «Аб мітынгах, сходах і вулічных шэсцях», пачалі вымушаць адміністрацыю дамоў культуры і іншых устаноў, якія здавалі памяшканні ў арэнду цэрквам, разрываць дагаворы з рэлігійнымі аб’яднаннямі[3]. Доўгі час царква вымушаная была ладзіць богаслужэнні пад адкрытым небам.

Супрацьстаянне з уладамі правіць

Сітуацыя вакол будынка царквы правіць

Набыццё і перабудова правіць

У 2002 годзе «Новае жыццё» набыла будынак былога кароўніка агульнай плошчай 1641 м² у Мінскім раёне «для пабудовы культавага будынка». У 2003 годзе вёска Сухарава (разам з набытым царквой будынкам) была ўключана ў склад г. Мінску. Царква ўзгадніла ў Камітэце па архітэктуры і горадабудаўніцтве Мінскага гарвыканкама рэканструкцыю будынка для адміністрацыйна-грамадскіх мэтаў. Рэканструяванне пад культавы будынак было забароненае з-за таго, што ўсе зямельныя надзелы ў Мінску, прызначаныя для культавых пабудоў, ужо размеркаваныя[4]. Пазней узгадненні былі адкліканы паводле наўпроставага ўказання Аддзелу па справах рэлігій і нацыянальнасцей Мінгарвыканкаму.

У 2005 годзе на прыведзены ў прыдатны стан будынак (з уключэннем у склад Мінска ён атрымаў адрэсу вул. Кавалёва, 72) быў атрыманы тэхнічны пашпарт як на культавую пабудову (пазней тэхпашпарт быў скасаваны). Пасля таго, як усе раённыя адміністрацыі Мінска адмовілі ў арэндзе памяшканняў для правядзення набажэнстваў, было вырашана праводзіць іх у былым кароўніку бяз згоды ўладаў[4]. Праз адсутнасць санкцыі гарадскіх уладаў на набажэнствы пастар і адміністратар царквы неаднаразова былі аштрафаваны паводле артыкула 167-1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях РБ[5].

Пост-галадоўка правіць

У гэтым самым годзе Мінскі гарвыканкам прыняў рашэнне пра спыненне для «Новага Жыцця» права карыстання зямельным надзелам і пра прымусовы выкуп будынка ў сувязі з «нямэтавым выкарыстаннем». Мэтавым выкарыстаннем магла быць толькі гадоўля кароў, але паколькі на той час тэрыторыя ўжо ўвайшла ў межы горада, гэтая дзейнасць таксама стала недапушчальнай[6]. 21 ліпеня Гаспадарчы суд Мінска прыняў рашэнне пра прымусовы выкуп будынка за 37,5 мільёнаў рублёў (каля 16 000 долараў)[5][7]. На працягу года царква спрабавала абскардзіць рашэнне Мінгарвыканкама, дайшоўшы да Вышэйшага гаспадарчага суда, але безвынікова. Тады вернікі 6 кастрычніка 2006 года распачалі пост-галадоўку ў абарону царквы. Непасрэднай нагодай стала тое, што 29 верасня 2006 г. фондам «Міндзяржмаёмасць» 37,5 млн руб. былі пералічаны на банкаўскі рахунак царквы. Вернікам было адведзена 10 дзён (да 9 кастрычніка) на тое, каб пакінуць будынак[5].

У галадоўцы, якая трывала 23 дні, прынялі ўдзел больш за 200 чалавек. Сярод іх былі вернікі не толькі з супольнасці «Новае Жыццё», але і з іншых поўнаевангельскіх цэркваў, у тым ліку і з іншых гарадоў — Гародні, Гомеля, Мазыра і да т. п[5]. Яны патрабавалі скасаваць рашэнне Мінгарвыканкама аб пазбаўленні царквы зямлі і будынка, а таксама перапрафілявання будынку ў культавы[6]. Падчас акцыі штовечар ладзіліся набажэнствы з удзелам грэка- і рыма-каталікоў, праваслаўных, пратэстантаў розных дэнамінацый. Урачы паліклінік мікрараёна Сухарава адмовіліся аглядаць галадоўнікаў і прапанавалі ім звяртацца ў «хуткую дапамогу»[5].

На дванаццаты дзень галадоўкі Вячаслаў Ганчарэнка быў запрошаны ў Адміністрацыю прэзідэнта, дзе кіраўнік ідэалагічнага аддзела Алег Праляскоўскі паабяцаў «урэгуляваць пытанне ў межах прававога поля». 28 кастрычніка, пасля таго, як стала вядома, што прысуд Гаспадарчага суда пра прымусовы выкуп будынку царквы апратэставаны калегіяй Вышэйшага гаспадарчага суда, галадоўка была спынена[5][8]. За яе час 10 чалавек апынуліся ў бальніцы, 4 — у рэанімацыі з дыягназам «крайняе знясіленне арганізму»[6].

Перагляд справы ў Вышэйшым гаспадарчым судзе правіць

У лістападзе 2006 года пачаўся перагляд справы суддзёй Вышэйшага гаспадарчага суда Кацярынай Караткевіч. 27 лістапада рашэнне пра прымусовы выкуп будынка і спыненне права карыстання зямельным надзелам было скасавана Калегіяй Вышэйшага гаспадарчага суда.

Тым часам пад канец 2007 года ў будынак царквы пачалі наведвацца міліцыянты, прадстаўнікі Міністэрства надзвычайных сітуацый і камунальных службаў. Вернікі прынялі рашэнне не пускаць пабочных асоб, пакуль не будзе судовага рашэння[9].

22 снежня адбылося першае пасяджэнне Вышэйшага гаспадарчага суда па разглядзе пазову царквы «Новае Жыццё» да Мінгарвыканкаму. Аднак 19 сакавіка 2007 года суддзя Кацярына Караткевіч прыпыніла разгляд справы на няпэўны тэрмін «у сувязі з неабходнасцю кансультацыяў з кампэтэнтнымі органамі»[6]. Судовая справа не аднаўлялася больш за паўтара года.

Увосень 2008 года судовы працэс паміж «Новым Жыццём» і Мінгарвыканкамам быў адноўлены з азначэннем: «У сувязі з тым, што неабходнасць кансультацый з кампетэнтнымі органамі адпала»[6]. 13 студзеня 2009 года суддзя К. Караткевіч вынесла рашэнне на карысць Мінгарвыканкама. Вернікам было адмоўлена ва ўсіх патрабаваннях[10].

16 сакавіка 2009 года ўлады ў пісьмовай форме прапанавалі вернікам абмеркаваць пытанне будаўніцтва ў раёне МКАД і вуліцы Шаранговіча новага будынка царквы на зямельным участку плошчай 0,4 га, які ў чатыры разы меншы за раней выдзелены. Аднак на агульным сходзе 5 мая вернікі адзінагалосна прагаласавалі супраць гэтай прапановы. Яны звяртаюць увагу на тое, што рашэнне пытання аб выдзяленні суполцы новага зямельнага ўчастку зойме да двух гадоў і запатрабуе ад царквы не менш за 100 тыс. долараў ЗША, а на ўзвядзенне новага храму неабходна вынайсці ад 3 да 5 млн долараў[11].

Пасля прысуду правіць

14 жніўня вернікам суполкі «Новае жыццё» судовыя выканаўцы ўручылі распараджэнне пра тое, што, паводле рашэння Вышэйшага гаспадарчага суда, яны мусяць вынесці сваю маёмасць і да 21 жніўня пакінуць храм[1]. З 21 жніўня 2009 года будынак царквы знаходзіцца на балансе ЖРЭА Маскоўскага раёна Мінска[12], аднак вернікі вырашылі не сыходзіць добраахвотна і працягнулі ладзіць свае набажэнствы[13].

У канцы 2009 года супрацоўнікі Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя выявілі сляды нафтапрадуктаў у пробах, узятых на праезнай частцы дарогі ля будынку царквы, і інтэрпрэтавалі гэта як забруджанне навакольнага асяроддзя[14]. 26 лютага 2010 года суд Маскоўскага раёна Мінску пастанавіў, што царква «Новае Жыццё» за нанесены ўрон павінна сплаціць кампенсацыю ў памеры 263 мільёны рублёў, а таксама штраф 8,75 мільёны рублёў[15]. Як сцвярджае юрыст супольнасці хрысціян поўнага Евангелля ў Рэспубліцы Беларусь Сяргей Луканін, пры адборы спробаў грунту не прысутнічалі панятыя і прадстаўнікі супольнасці. Тэрыторыя вакол царквы раней выкарыстоўвалася калгасам імя Калініна для сельгасвытворчасці, а затым на ёй размяшчалася несанкцыянаваная звалка прамысловых адкідаў з рэшткамі і рухавікамі аўтамабіляў[14]. Адкідаючы абвінавачванні ў прадузятасці, старшыня Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Баравікоў паведаміў, што царква не адзіная юрыдычная асоба, да якой мае прэтэнзіі экалагічнае ведамства. У якасці прыкладу чыноўнік назваў Мінскі маторны завод, да якога за псаванне земляў прад’яўлены пазоў на суму 15 млн рублёў.

Агульная сума штрафаў на канец жніўня 2010 года склала 266 мільёнаў рублёў (каля 10 тысяч долараў былі сплочаны). Вернікі прынялі рашэнне не плаціць штрафы. А для таго, каб абскардзіць рашэнне суду, трэба сплаціць пошліну ў памеры 17 мільёнаў рублёў. Акрамя таго, паводле словаў юрыста царквы Сяргея Луканіна, спадзеваў на станоўчы вынік справы ў гэтым выпадку таксама мала, бо дагэтуль адбыліся агулам больш за 30 судоў, але адстаяць свае правы ў іх так і не атрымалася[16].

У будынку царквы абрэзаныя ўсе камунікацыі (у тым ліку электрычнасць і вада), а яе банкаўскі рахунак арыштаваны[17][18].

Стан рэчаў у цяперашні момант правіць

Наступнае паведамленне пра тое, што вернікі павінны пакінуць памяшканне, прыйшло юрысту Сяргею Луканіну 27 лістапада 2012 года, праз тры гады пасля прысуду. Паводле пастановы Вышэйшага гаспадарчага суда, будынак павінен быць вызвалены да 5 снежня[19]. У адказ парафіяне пачалі кругласутачную малітву ў памяшканні царквы[20].

4 снежня 2012 года, наконадні планаванага высялення Сяргей Луканін атрымаў пастанову судовае выканаўцы Гаспадарчага суда пра тое, што вытворчасць па справе высялення скасаваная[21]. Спыненне адбылося ў сувязі з заявай ЖРЭА Маскоўскага раёна, на баланс якога перададзены будынак царквы, аб адмове ад спробы забраць будынак. Аднак усе ранейшыя рашэнні суда засталіся ў сіле[22].

Затрыманні правіць

11 лютага 2010 года на праспекце Незалежнасці быў затрыманы юрыст царквы «Новае Жыццё» Сяргей Луканін, які прапаведаваў сярод моладзі. Правёўшы гадзіну ў камеры Цэнтральнага РАУС, ён быў адпушчаны без складання пратаколу[23].

Штрафы правіць

Пасля таго, як вернікі прынялі рашэнне праводзіць набажэнствы ва ўласным храме без дазволу ўладаў, пастар Вячаслаў Ганчарэнка і адміністратар царквы Васіль Юрэвіч некалькі разоў падвяргаліся адміністрацыйным штрафам паводле артыкулу 167-1 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях РБ. Апошні раз да моманту вынясення рашэння пра пазбаўленне права карыстання зямельным надзелам Маскоўскі суд Мінску аштрафаваў Ганчарэнку на 30 базавых велічыняў (амаль мільён бел. рублёў)[5].

Пасля таго, як у царквы быў адняты зямельны надзел, а пазней і будынак царквы, пастара Вячаслава Ганчарэнку і адміністратара царквы Васіля Юрэвіча некалькі разоў штрафавалі за правядзенне несанкцыянаваных набажэнстваў[10].

10 сакавіка 2008 года Вячаслаў Ганчарэнка аштрафаваны на 350 000 рублёў за невыкананне пракурорскага прадпісання даць магчымасць агледзець будынак[9].

25 красавіка 2008 года Вячаслаў Ганчарэнка аштрафаваны на 40 базавых велічыняў (1 400 000 рублёў) за парушэнне правілаў збору подпісаў грамадзян (подпісы збіраліся пад зваротам у Канстытуцыйны суд за тое, каб былі ўнесены змены ў закон аб рэлігіі і ў Адміністрацыйны кодэкс Рэспублікі Беларусь) і на 350 000 руб. за невыкананне пракурорскага распараджэння даць магчымасць агледзець будынак прадстаўнікам энерганагляду, пажарным і прадстаўнікам камунальных службаў[24].

1 кастрычніка 2009 года Вячаслаў Ганчарэнка аштрафаваны на 12 базавых велічыняў (420 000 руб.) за ўчыненне перашкодаў супрацоўнікам МНС РБ пры спробе агледзець будынак[10].

Розгалас правіць

У снежні 2009 года Еўрапейскі парламант прыняў рэзалюцыю па Беларусі, у якой «ад беларускіх улад чакаецца дакладны і значны прагрэс у справе дэмакратызацыі грамадства на працягу 2010 года» і выказваецца надзея, што царква «Новае жыццё» атрымае магчымасць дзейнічаць свабодна[25].

Зняты тэлеканалам «Белсат» дакументальны фільм «Шанец на новае жыццё», які распавядае пра гісторыю царквы і яе вернікаў, быў адзначаны на III Фесце фільмаў пра сям’ю, што прайшоў 21-23 кастрычніка ў Лодзі (Польшча), за «спраўны падыход да тэмы пераследу рэлігійнай меншасці ў Беларусі»[26].

У падтрымку царквы «Новае Жыццё» выступілі патэнцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты на выбарах 2010 года Віталь Рымашэўскі, Мікола Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Яраслаў Раманчук, Андрэй Саннікаў, Аляксей Міхалевіч і Рыгор Кастусёў. Іхні зварот з заклікам да ўладаў спыніць ціск на пастара і вернікаў царквы «Новае Жыццё» і забяспечыць канстытуцыйнае права на свабоду сумлення накіраваны ў Адміністрацыю прэзідэнта, у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, упаўнаважанаму па справах рэлігій і нацыянальнасцей, у офіс АБСЕ ў Рэспубліцы Беларусь, Еўрапейскі парламент[17].

Высяленне ў 2021 годзе правіць

16 студзеня 2019 года ў Мінску было грамадскае абмеркаванне плана па ўнясенні змяненняў у горадабудаўнічы праект дэталёвага планавання паўднёвай частцы мікрараёна Сухарава. План прадугледжвае будаўніцтва жылля і аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры. На месцы царквы вырашылі пабудаваць школу. У канцы 2020 года упраўленне прымусовага выканання вынесла абшчыне царквы прадпісанне з патрабаваннем да 31 снежня 2020 г. выканаць судовы загад ад 23 кастрычніка 2009 года і вызваліць будынак былога кароўніка плошчай 1621 кв.м. па вуліцы Кавалёва, 72.

5 студзеня 2021 года судовыя выканаўцы прыйшлі да будынку царквы і склалі пратакол аб невыкананні прадпісання аб высяленні з памяшкання, а 17 лютага 2021 года судовыя выканаўцы пры падтрымцы міліцыі прымусова ўвайшлі ў царкву і прымусілі вернікаў і адміністратараў пакінуць памяшканне[27].

21 лютага вернікі правялі малітоўную акцыю каля будынка[28].

Зноскі

  1. а б Радыё «Свабода»: Вернікі «Новага жыцця» вырашылі не пакідаць свой храм. Маніторынг СМІ. Беларускі хрысціянскі партал «Царква» (25 кастрычніка 2010).
  2. Рождение церкви «Новая Жизнь» (руск.)(недаступная спасылка). Царква «Новае Жыццё» (25 кастрычніка 2010). Архівавана з першакрыніцы 26 лютага 2013. Праверана 29 сакавіка 2020.
  3. Ядвіга Мацкевіч. У суботу 19 верасня на плошчы Бангалор у Мінску адбыўся мітынг пратэсту арганізаваны Рэлігійным аб’яднаннем цэркваў Хрысціян поўнага Евангелля.. Праваабарончы цэнтр «Вясна» (1 лістапада 2010).
  4. а б Валерий Фадеев. Заслуженный юрист Беларуси о ситуации вокруг «Новой Жизни» (руск.). Царква «Новае Жыццё» (25 кастрычніка 2010).(недаступная спасылка)
  5. а б в г д е ё Мария Савушкина. 3.3. Ситуация в церкви «Новая жизнь»: хронология событий, сообщения в СМИ (руск.). Аналітыка. Ініцыятыва «За свабоднае веравызнанне» (1 лістапада 2010).(недаступная спасылка)
  6. а б в г д Сітуацыя вакол будынака царквы «Новае Жыццё».. Актуальнае. Інфармацыйны праваабарончы цэнтр «Свабода сумлення» (27 кастрычніка 2010).(недаступная спасылка)
  7. «Новае жыццё»: ці будзе штурм а 19 гадзіне?. Грамадства. Радыё «Свабода» (26 кастрычніка 2010).
  8. Основные претенденты на президентство выступили в поддержку церкви «Новая Жизнь» (руск.)(недаступная спасылка). Навіны. Царква Ісуса Хрыста (31 кастрычніка 2010). Архівавана з першакрыніцы 28 лістапада 2020. Праверана 29 сакавіка 2020.
  9. а б Аштрафавалі пастара царквы «Новае жыццё». Грамадства. Радыё «Свабода» (27 кастрычніка 2010).
  10. а б в Пастара Ганчарэнку аштрафавалі. Грамадства. Радыё «Свабода» (26 кастрычніка 2010).
  11. Алег Мыцік. «Новае Жыццё» — настрой на негвалтоўнае супраціўленне. Тема. Незалежная грамадска-палітычная інтэрнэт-газета «МЫ» (27 кастрычніка 2010).(недаступная спасылка)
  12. История конфликта между церковью «Новая жизнь» и Мингорисполкомом (руск.). Новости. «Новае жыццё» (5 снежня 2012).(недаступная спасылка)
  13. Алена Пытэль. Новыя прэтэнзіі да царквы «Новае жыццё». Здарылася ў Беларусі. «Польскае радыё для замежжа» (25 кастрычніка 2010). — «З юрыдычнага пункту гледжання наш будынак перастаў быць нашай уласнасцю са жніўня 2009 года, калі ўлады самі на сябе перапісалі ўласнасць нашага будынка. Але мы працягваем ім карыстацца.».(недаступная спасылка)
  14. а б Пастару царквы «Новае жыццё» пагражае турма «за псаванне земляў». Грамадства. «Хартыя’97» (27 кастрычніка 2010).
  15. Солидарность с церковью (руск.). Царква «Новае Жыццё» (26 кастрычніка 2010).(недаступная спасылка)
  16. Алена Пытэль. Новыя прэтэнзіі да царквы «Новае жыццё». Здарылася ў Беларусі. «Польскае радыё для замежжа» (25 кастрычніка 2010). — «Каб абскардзіць рашэнне суда, нам трэба заплаціць 17 мільёнаў рублёў (6 тысяч долараў) дзяржаўнай пошліны. Тады будзе магчымасць падаць скаргу ў вышэйшыя судовыя ўстановы. Дагэтуль мы прайшлі больш за 30 судоў, таму ведаем, што адстаяць свае правы немагчыма».(недаступная спасылка)
  17. а б Кандыдаты на прэзідэнта заступаюцца за «Новае жыццё». Людзі і выбары. Радыё «Свабода» (25 кастрычніка 2010).
  18. Арыштаваны банкаўскі рахунак царквы «Новае жыццё». Навіны. «Польскае радыё для замежжа» (5 сакавіка 2016).
  19. Ігар Карней.. «Новаму жыццю» загадалі за тыдзень пакінуць будынак. Грамадства. Радыё «Свабода» (5 снежня 2012).
  20. Галіна Абакунчык.. У царкве «Новае жыццё» моляцца днём і ноччу(недаступная спасылка). Грамадства. Радыё «Свабода» (5 снежня 2012). Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016. Праверана 29 сакавіка 2020.
  21. Галіна Абакунчык.. Царкву «Новае жыццё» не высяляць. Справа закрытая. Грамадства. Радыё «Свабода» (5 снежня 2012).
  22. Бог услышал нас!!! Выселение церкви отменяется! (руск.)(недаступная спасылка). Новости. «Новае жыццё» (5 снежня 2012). Архівавана з першакрыніцы 9 снежня 2012. Праверана 29 сакавіка 2020.
  23. Юрист церкви «Новая Жизнь» был задержан милицией (руск.). Царква «Новае Жыццё» (26 кастрычніка 2010).(недаступная спасылка)
  24. Пастара Ганчарэнку аштрафавалі на 1 750 000 рублёў. Грамадства. Радыё «Свабода» (27 кастрычніка 2010).
  25. Дзіна Шаўцова і Вячаслаў Ганчарэнка пра абмежаванне права на свабоду веравызнання. Навіны. Беларуская хрысціянская дэмакратыя (27 кастрычніка 2010).(недаступная спасылка)
  26. Фільм пра царкву «Новае жыццё» адзначылі ў Польшчы(недаступная спасылка). Што новага?. «Белсат» (26 кастрычніка 2010). Архівавана з першакрыніцы 24 мая 2012. Праверана 29 сакавіка 2020.
  27. Чтобы попасть внутрь, спилили замок. Церковь «Новая жизнь» все-таки выселили из здания Архівавана 21 лютага 2021. // TUT.BY
  28. вернікаў прыйшлі памаліцца да забранай царквы «Новае жыццё» ў Сухараве(недаступная спасылка) // Наша Ніва, 21.02.2021

Спасылкі правіць