Сухарава (Мінск)
Су́харава — колішняя вёска на рацэ Мышцы, з 1998 года ў складзе Мінска.
Вёска
Сухарава
|
Гісторыя
правіцьВядомая прынамсі з 1433—1440 гадоў, калі вялікім князем літоўскім Жыгімонтам Кейстутавічам нададзена пану Карэйве. Пры вялікім князю Казіміры Ягелончыку паміж сынам пана Карэйвы — баярынам Багданам Карэйвічам, і цесцем апошняга Зубам Мігавічам здарылася невядомая па сутнасці цяжба за Сухараўскі маёнтак, якую выйграў Багдан. У 1503 годзе ўжо вялікі князь Аляксандр даў свой прывілей на Сухарава разам з усімі прыселкамі «на вечнасць» Багдану Карэйвічу, як засведчанне яго правоў[1].
У 1622 годзе Войцех і Пётр Карэйвы прадалі сваю частку зямель Сухарава і Пятроўшчыны князю Ярашу Жыжэмскаму. У 1636 годзе пані Гелена Канстанцінавая Карэйвавая прадала князю Ярашу і сваю 1/4 частку гэтых земляў.
У XVIII — 1-й палове XIX ст. часта ўжывалася паланізаваная назва Сухаржава. У гэты час вёскай валодалі Абрампольскія з маёнткам у Міхалове[2].
У 1897 годзе — 62 двары, 387 жыхароў, дзейнічае народнае вучылішча[2]. У часы Расійскай імперыі ўваходзіла ў Сеніцкую воласць Мінскага павета Мінскай губерні. 20 студзеня 1960 года вёска пераведзена са складу скасаванага Мядзвежынскага сельсавета ў Шчомысліцкі сельсавет[3].
У 1998 годзе 659 жыхароў, 173 гаспадаркі. У 1998 годзе вёска ўвайшла ў склад Мінска, што дала назву сучаснаму жылому раёну Сухарава.
На 2019 год вясковая забудова часткова захавалася па вуліцы Школьнай.
Славутасці
правіцьНа вясковых могілках (каля вуліцы Янкоўскага) захаваўся курганны могільнік XI—XII стагоддзяў.
Страчаная спадчына
правіцьДругі курганны могільнік, за 0,4 км на паўднёвы ўсход ад першага, быў знішчаны ў 1997 годзе.
Зноскі
- ↑ Груша А. І., с. 51.
- ↑ а б Беларускі архіў вуснай гісторыі. Сухарава(недаступная спасылка). nashapamiac.org. Архівавана з першакрыніцы 7 чэрвеня 2017.
- ↑ Рашэнне выканкома Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 20 студзеня 1960 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1960, № 2.
Літаратура
правіць- Груша А. І. Ваколіцы Менска іх іх уладальнікі ў 30-х гадах XV — пачатку XVI ст. // Мінск і мінчане: дзесяць стагоддзяў гісторыі. Крыніцы па гісторыі горада. Сацыяльныя структуры і паўсядзённасць (да 945-годдзя Мінска) : зборнік навуковых артыкулаў / уклад. А. І. Груша ; рэдкал.: А. А. Каваленя [і інш.].. — Мінск: Беларуская навука. — С. 50—89. — 564 с. — ISBN 978-985-08-1497-5.
- Калядзінскі Л. Сухарава // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя. У 2 т. Т. 2 Л—Я / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск: Энцыкл. імя П. Броўкі, 2011. — С. 332—333. — 464 с. — ISBN 978-985-11-0549-2.
- Рапановіч Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Мінскай вобласці / Рэд. П. П. Шуба. — Мінск: Навука і тэхніка, 1981. — 360 с.