Вуліца Траку

(Пасля перасылкі з Вуліца Троцкая (Вільня))

Вуліца Траку, або Трака́йская вуліца[1] (традыцыйная беларуская назва — Троцкая вуліца[2]; літ.: Trakų gatvė) — вуліца ў цэнтральнай частцы Вільнюса, у Старым Горадзе. Працягвае вуліцу Дамініканскую. Звязвае рог вуліц Віленскай і Нямецкай з вуліцай Завальнай.

Троцкая
Вільня
літ.: Trakų gatvė
Фатаграфія
Агульная інфармацыя
Краіна
Горад
Раён Сянюнія Сянаміесціс
Працягласць 300 м м
Назва ў гонар Тракай
Паштовы індэкс 01132
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Архітэктурныя дамінанты вуліцы — комплекс кляштара францысканцаў з касцёлам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, палацы Тызенгаўзаў, Тышкевічаў і Умястоўскіх, помнікі архітэктуры XV—XIX стагоддзяў.

Гісторыя

правіць

Назва вуліцы ўтварылася ад горада Трокаў, кірунак на якое яна паказвае. Увесь перыяд існавання вуліцы яе назва заставалася няпераменнай.

Вуліца сфарміравалася ў XIV ст., яе працягам быў Троцкі гасцінец. У канцы вуліцы стаяла Троцкая брама гарадскіх абарончых муроў. Каля брамы збіралася адмысловае мыта, дзякуючы якому вуліцу забрукавалі адной з першых у месце. З XVI ст. дзейнічаў водаправод.

Агульныя звесткі

правіць
 
Палац Тышкевічаў

Даўжыня вуліцы каля 300 м. Мае брукаваную праезную частку. Нумарацыя дамоў пачынаецца ад скрыжавання з Завальнай вуліцай. З правага паўднёвага боку вуліцы дамы з няцотнымі нумарамі, з левага паўночнага боку — цотная нумарацыя.

З правага боку адыходзяць вуліцы Кейданская і Францысканская, з левага — вуліца Гарадскога Мура.

Усярэдзіне вуліцы з паўднёвага боку размяшчаецца Францысканскі сквер.

Будынкі

правіць

Няцотны бок

правіць
 
Касцёл францысканцаў
  • № 1 (таксама Завальная вуліца, 26) — палац Тышкевічаў. Камяніца існуе з XV ст. У канцы XVIII ст. яе рэканструявалі ў стылі позняга класіцызму. Неўзабаве палац перайшоў да прадстаўнікоў роду Тышкевічаў, на заказ якіх у 1840 годзе адбылася чарговая рэканструкцыя будынка. У другой палове XIX ст. калі пры ганку з'явіліся постаці атлантаў, якія падтрымліваюць балкон. У 1863 годзе ў доме патаемна збіраліся паўстанцы, пазней тут размяшчаліся яўрэйскія ўстановы. У маі 1907 года ў будынак перабралася рэдакцыя газеты «Наша Ніва», якая працавала тут да 1908 года. Менавіта сюды надрукаваць свае творы ўпершыню завітаў Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас)[3].
 
Палац Тызенгаўзаў

Цотны бок

правіць
  • № 2 — палац Умястоўскіх. Да сярэдзіны XVIII ст. тут стаялі драўляны дамы. Па пажары 1748 года на іх месцы збудавалі мураваны палац. У 1757—1761 гадах будынкам валодаў біскуп жамойцкі Антоній Дамінік Тышкевіч. У сярэдзіне XIX ст. палац набыў Казімір Умястоўскі. У другой палове XIX ст. будынак рэканструявалі. З 1949 года тут пэўны час дзейнічаў Віленскі краязнаўчы музей, з 1964 года — Музей тэатра і музыкі (філіял Літоўскага мастацкага музея). У 1992 годзе філіял стала самастойным Музеем тэатра, музыкі і кіно. У 1996 годзе музей перабраўся ў адрэстаўраваны Малы палац Радзівілаў на Віленскай вуліцы.
 
Капліца Сузінаў
  • № 28 — палац Тызенгаўзаў. Упершыню гатычная камяніца ўпамінаецца ў 1579 годзе. У другой палове XVIII ст. уладальнікам дома стаў магнат і асветнік Антоній Тызенгаўз, які грунтоўна перабудаваў і пашырыў старую камяніцу. Імаверна, аўтарам праекту перабудовы быў галоўны архітэктар Вялікага Княства Джузэпэ Сака. Па банкруцтве А. Тызенгаўза, які кіраваў каралеўскімі эканоміямі ў Вялікім Княстве Літоўскім, і яго смерці (1785) палац у 1789 годзе перайшоў да генеральшы фон Фітынгоф. Сучаснае аблічча з манументальнымі класічнымі фасадамі і сіметрычнай кампазіцыяй будынак набыў у выніку рэканструкцыі 1790 года. Па пажары ў 1944 годзе ад палаца захаваліся толькі сцены. У 1945 годзе будынак аднавілі, а ў 1957 годзе — рэканструявалі і рэстаўравалі[4].

Францысканскі сквер

правіць

Перад бакавым фасадам касцёла размяшчаецца Францысканскі сквер, створаны на месцы колішніх кляштарных могілак. У куце сквера, на рагу з Бернардзінскай вуліцай захавалася капліца-пахавальня Сузінаў.

Зноскі

  1. Напісанне ў адпаведнасці з ТКП 187-2009 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Літоўскай Рэспублікі на беларускую мову». Патэнцыянальна ў беларускай мове адтапанімічныя прыметнікі можна ўтварыць ад розных літоўскіх геаграфічных назваў, выражаных словазлучэннямі з наменклатурным тэрмінам у сваім складзе. Напрактыцы, за выключэннем назваў адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, пераважна прымяняецца спосаб частковай транслітарацыі, пры якім анамастычная частка назвы транслітаруецца, а наменклатурны тэрмін перакладаецца.
  2. Наша Ніва. №1, 1994. С. 7.
  3. Корбут В. Па віленскім бруку. Беларускія вуліцы літоўскай сталіцы [1] Архівавана 5 сакавіка 2016. // «Туризм и Отдых». №29 (664). 24 ліпеня 2008.
  4. Лашкевіч К. «Страчаная сталіца». 10 палацаў Вільні, якія варта пабачыць беларусу Архівавана 5 сакавіка 2016., TUT.BY, 29.03.2011.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць