Вуліца Дамінікону (Вільнюс)
Вуліца Дамінікону[1] (традцыйная беларуская назва — Дамініка́нская ву́ліца [2], літ.: Dominikonų gatvė, польск.: ulica Dominikańska) — вуліца ў цэнтральнай частцы Вільні, у Старым Горадзе. Працягвае вуліцу Святаянскую. Звязвае скрыжаванне вуліц Святаянскай, Універсітэцкай і Гаона з рогам вуліц Нямецкай і Віленскай. Працягваецца вуліцай Троцкай.
Дамінікону Вільнюс | |
---|---|
літ.: Dominikonų gatvė | |
Агульная інфармацыя | |
Краіна | |
Горад | |
Раён | Сянюнія Сянаміесціс |
Працягласць | 290 м м |
Ранейшыя назвы | Dominikańska, Św. Ducha, Благовещенская, J. Garelio |
Назва ў гонар | Касцёл Святога Духа і кляштар дамініканцаў (Вільнюс) |
Паштовы індэкс | LT-01131, LT-01517 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Архітэктурныя дамінанты вуліцы — комплекс кляштара дамініканцаў з касцёлам Святога Духа ў стылі віленскага барока, касцёл Найсвяцейшай Тройцы, палацы Бжастоўскіх, Гурэцкіх, Завішаў і Пацеяў, помнікі архітэктуры XV—XVIII стагоддзяў.
Гісторыя
правіцьНазва вуліцы ўтварылася ад кляштара дамініканцаў, які захаваўся да нашага часу. Ужо ў XVI ст. забудова вуліцы была мураванай.
Пасля здушэння нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863—1864 гадоў у 1864 годзе Мураўёў-Вешальнік з мэтай русіфікацыі земляў колішняга Вялікага Княства Літоўскага загадаў перайменаваць вуліцу ў Благавешчанскую (руск.: Благовещенская улица). Па адыходзе расійскіх войскаў з Вільні ў 1915 годзе вуліцы вярнулі традыцыйную гістарычную назву.
У 1947 годзе савецкія ўлады перайменавалі вуліцу ў імя літоўскага камуністычнага дзеяча Юозаса Гараліса (літ.: Garelio gatvė). У 1989 годзе вуліцы зноў вярнулі гістарычную назву.
Агульныя звесткі
правіцьДаўжыня вуліцы каля 290 м. Мае брукаваную праезную частку. Нумарацыя дамоў пачынаецца ад рогу вуліц Нямецкай і Віленскай. З правага паўднёвага боку вуліцы дамы з няцотнымі нумарамі, з левага паўночнага боку — цотная нумарацыя.
Усярэдзіне мае скрыжаванне з вуліцамі Шкляной (з правага боку) і Святога Ігната (з левага).
Будынкі
правіцьНяцотны бок
правіць- № 11 — палац Пацеяў. У канцы XVII ст. Андрэй Война збудаваў палац на месцы трох ранейшых камяніцаў. У першай палове XVIII ст. будынак перайшоў да ваяводы троцкага Аляксандра Пацея. У выніку праведзенай у канцы XVIII ст. рэканструкцыі палац набыў рысы класіцызму. У час паўстання Т. Касцюшкі тут хаваўся супраціўнік Канстытуцыі 3 мая апошні гетман вялікі Сымон Марцін Касакоўскі. Паўстанцы знайшлі яго на гарышчы і на наступны дзень павесілі на Ратушнай плошчы. У гэтым доме ў пачатку 1906 года адкрылася літоўская кнігарня Марыі Пясяцкайце-Шляпялене, якая дзейнічала да 1945 года. Тут можна было набыць і падпісацца на «Нашу Долю», «Нашу Ніву», а таксама на іншыя беларускія кнігі і выданні[3].
- № 13 — палац Завішаў. Да 1747 года палац знаходзіўся ў валоданні роду Завішаў, калі яго набыў скарбнік троцкі Тучынскі. У 1748 годзе будынак пацярпеў ад пажару. У 1753 годзе яго ныбаў біскуп Міхал Зянковіч, у 1790 годзе — Мілеры. У 1806—1850 гадах тут працавала пошта. У другой палове XIX ст. у выніку рэканструкцыі да палаца дабудавалі трэці паверх. За савецкім часам у будынку размяшчаўся камбінат тэлефонных сетак, інтэрнат, кватэры. Сёння тут пяцізоркавы атэль, у якім у час візіту ў Вільню ў 2009 годзе спыняўся Аляксандр Лукашэнка.
- № 15 (таксама вуліца Гаона, 1) — палац Гурэцкіх. На гэтым месцы яшчэ ў канцы XV або ў пачатку XVI стагоддзяў стаяла 2-павярховая гатычная камяніца. У 1649 годзе яе набыла Віленская акадэмія. У сярэдзіне XVIII ст. будынкам валодаў Валенцій Гурэцкі, які істотна рэканструяваў палац у стылі класіцызму.
Цотны бок
правіць- № 6 — аптэка кляштара дамініканцаў. З 1922 года ў будынку размяшчалася кнігарня Святога Войцеха. За савецкім часам тут знаходзілася букіністычная кнігарня.
- № 8 (таксама вуліца Святога Ігната, 11) — касцёл Святога Духа і кляштар дамініканцаў. У 1408 годзе вялікі князь Вітаўт збудаваў тут першы драўляны касцёл. У 1441 годзе за вялікім князем Казімірам замест драўлянага ўзвялі мураваную святыню. Па здушэнні вызваленчага паўстанне 1830—1831 гадоў у 1844 годзе ўлады Расійскія імперыі ліквідавалі кляштар. У часы нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863—1864 гадоў у кляштарных мурах па загаду генерал-губернатара Мураўёва-Вешальніка зняволілі паўстанцаў на чале з Кастусём Каліноўскім. 5 верасня 1993 года тут адбылася сустрэча Папы Рымскага Яна Паўла II з вернікамі, у якой удзельнічалі архібіскупы-беларусы Тадэвуш Кандрусевіч і Казімір Свёнтэк.
- № 10 (таксама вуліца Святога Ігната, 16) — колішні шпіталь. Будаванне дома вялося ў XVIII ст. з выкарыстаннем скляпенняў камяніцы XVI ст., у якой размяшчаўся жаночы шпіталь. У 1788 годзе будынак шпіталя перарабілі пад жылы дом. У 1975—1978 гадах праводзілася рэстаўрацыя гатычных сутарэнняў, у якіх размясціўся рэстаран.
- № 12 — касцёл Найсвяцейшай Тройцы (цяпер носіць тытул Божай Міласэрнасці). У канцы XV або пачатку XVI стагоддзяў тут збудавалі першы гатычны касцёл. У 1748—1749 гадах касцёл перабудавалі ў стылі барока. У 1821 годзе ўлады Расійскай імперыі перарабілі касцёл пад царкву Маскоўскага патрыярахату. У 1846—1848 гадах святыню перабудавалі ў маскоўскім стылі. У 1919 або 1920 годзе будынак вярнулі каталікам. У 1948 годзе савецкія ўлады зачынілі касцёл. У 1971 годзе праводзілася рэстаўрацыя помніка. У 2004 годзе будынак зноў вярнулі каталікам.
- № 14 — колішні шпіталь (мужчынскі прытулак). У 1536 годзе тут адкрыўся шпіталь (паводле іншых звестак, мужчынскіх прытулак). У XVIII ст. гатычную камяніцу перабудавалі ў стылі барока. У 1821 годзе будынак пераабсталявалі пад ваенны шпіталь. У 1956 годзе па рамонце тут размясцілі кватэры. Пазней дом некалькі разоў рэстаўраваўся. У наш час на першым паверсе размяшчаецца антыкварная крама.
- № 16 — прытулак кляштара дамініканцаў. Цяпер тут размяшчаецца італьянская цукерня.
- № 18 (таксама Універсітэцкая вуліца, 2) — палац Бжастоўскіх. У канцы XVI ст. будынак набыў і аднавіў дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага Цыпрыян Бжастоўскі. 3 1760 года палацам валодаў пісар і рэферэндар Павел Ксаверый Бжастоўскі. Сучаснае барочнае аблічча будынак набыў у выніку перабудовы 1769 года. Відаць, аўтарам праекту быў віленскі архітэктар Марцін Кнафкус. У 1802 годзе палац перайшоў да кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага, па яго смерці — да сына Ірынея Клеафаса[4].
Зноскі
- ↑ Напісанне ў адпаведнасці з ТКП 187-2009 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Літоўскай Рэспублікі на беларускую мову»
- ↑ Наша Ніва. № 1, 1994. С. 7.
- ↑ Лашкевіч К. Страчаная сталіца. Дапаможнік-гід па беларускай Вільні Архівавана 1 лютага 2017., TUT.BY, 6.08.2009.
- ↑ Лашкевіч К. «Страчаная сталіца». 10 палацаў Вільні, якія варта пабачыць беларусу Архівавана 5 сакавіка 2016., TUT.BY, 29.03.2011.
Літаратура
правіць- Луцкевіч Л. Вандроўкі па Вільні. — Вільня: Рунь, 1998.— 160 с.: іл. ISBN ISBN 9986-9228-2-8.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Вуліца Дамінікону (Вільнюс)