Выступленне Коліна Паўэла ў Савеце Бяспекі ААН

5 лютага 2003 года Дзяржаўны сакратар ЗША Колін Паўэл выступіў у Савеце Бяспекі ААН з прэзентацыяй, падрыхтаванай у PowerPoint[1][2]. Мэтай выступлення было пераканаць міжнародную супольнасць у наяўнасці ў Ірака зброі масавага знішчэння (ЗМЗ) і сувязях рэжыма Садама Хусейна з Аль-Каідай.

Колін Паўэл з прабіркай на пасяджэнні ў ААН. 5 лютага 2003 года.

Перадгісторыя

правіць

З часоў заканчэння вайны ў Персідскім заліве ў Іраку дзейнічала спецыяльная камісія ААН, якая займалася ліквідацыяй зброі масавага знішчэння. Пасля тэрактаў 11 верасня 2001 года амерыканскія ўлады абвінавацілі афіцыйны Багдад у сувязях з Аль-Каідай, а таксама ва ўтойванні ад міжнародных інспектараў наяўнасці баявых хімічных і біялагічных рэчываў[3].

Яшчэ ў 2002 годзе прэзідэнт Джордж Буш-малодшы прыняў рашэнне ўварвацца ў Ірак з мэтай звяржэння Садама Хусейна. На момант выступлення вялася актыўная падрыхтоўка да ваеннай аперацыі. Каб абгрунтаваць вайну перед міжнароднай супольнасцю офісам віцэ-прэзідэнта падрыхтавана прэзентацыя. У якасці выступоўцы была абрана кандыдатура Паўэла[4]. Тэкст прамовы складзены ў ЦРУ[5].

Асноўны змест

правіць

Прамова дзяржсакратара працягвалася паўтары гадзіны (з 10:30). У залу пасяджэнняў Савета Бяспекі ён прыбыў у суправаджэнні дырэктара ЦРУ Джорджа Тэнета, які адной сваёй прысутнасцю павінен быў надаць вагу прыведзеным звесткам. Падчас выступлення выкарыстоўвалася мультымедыя, дэманстраваліся слайды, фрагменты відэа- і аўдыёзапісаў[6].

Каб задаць ударны тон усяму выступленню, ужо ў самым пачатку прыведзены аўдыёзапіс перамоваў іракскіх афіцыйных асоб, якія абмяркоўваюць, як перашкодзіць інспектарам трапіць на адзін з аб’ектаў. Затым былі паказаны здымкі са спадарожнікаў, дзе да інспектуемага аб’екта пад’язджаюць цяжкія грузавікі, у іх нешта грузяць і вывозяць. Самі ж інспектары ў гэты момант былі спыненыя дарожнай паліцыяй. Далей дзяржсакратар распавёў, як іракскім навукоўцам пагражалі смерцю, калі яны будуць супрацоўнічаць з міжнароднымі прадстаўнікамі. Прычым рабіў гэта нібыта асабіста Садам Хусейн. Паўэл прывёў даныя аб хімічнай і біялагічнай зброі, якая стваралася ў мабільных лабараторыях. Як заяўлена, у Ірака мелася ад 100 да 500 т атрутных рэчываў, што дастаткова для аснашчэння 16 тыс. боегаловак[6][7].

Самым яркім момантам стала дэманстрацыя прабіркі з небяспечным рэчывам[3] (гадамі праз высветлілася, што ў пасудзіне знаходзіўся звычайны парашок[8]). Паўэл зрабіў выснову, што ўвесь гэты час афіцыйны Багдад падманваў спецыяльную камісію[6][7].

Дзяржсакратар сцвярджаў, што ў Іраку знаходзіцца тэрарыстычная сетка, якую ўзначальвае аператыўнік Аль-Каіды Абу Мусаб аз-Заркаві (у невялікім рэгіёне, які кантралюецца Ансар аль-Іслам). Іракцы працавалі пры атрадах Усамы бін Ладэна ў Афганістане і праводзілі навучанне членаў Аль-Каіды[7]. Па словах Паўэла, Ірак дапамагае таксама палесцінскім групоўкам, а ХАМАС і Палесцінскі ісламскі джыхад адкрылі свае прадстаўніцтвы ў Багдадзе[9][7].

Слайды

правіць

Міжнародная рэакцыя

правіць

Услед за дзяржсакратаром адзін за адным выступалі кіраўнікі дэлегацый членаў СБ — Кітай, Вялікабрытанія, Расія, Камерун, Францыя, Германія[6]. Пасля выступіў прадстаўнік Ірака ў ААН Мухамад ад-Даўры, які назваў «хлуслівымі і сфабрыкаванымі» прадстаўленыя Колінам Паўэлам доказы[9]. Нягледзячы на тое, што прэзентацыя не змагла змяніць прынцыповую пазіцыю Савета Бяспекі, у тым ліку Францыі, Расіі, Кітая і Германіі, якія выступалі супраць уварвання, Паўэлу ўдалося зрабіць больш жорсткім агульны тон ААН у дачыненні да Ірака. Падтрымала доказы толькі Вялікабрытанія. Заява Коліна Паўэла была прынята ў якасці доказу многімі амерыканскімі дзеячамі і радавымі грамадзянамі[10][6].

Сфабрыкаваныя звесткі

правіць

Адразу пасля ўварвання ў краіне пачала работу група даследавання Ірака, якая займалася пошукам ЗМЗ. Ваеннаслужачыя Польшчы і ЗША ў 2004 годзе знайшлі боепрыпасы з хімічнай зброяй[11][12][13]. Аднак, як высветлілася пазней, знойдзеныя снарады ўтрымлівалі толькі рэшткі рэчываў, што знішчаліся пад наглядам прадстаўнікоў ААН яшчэ ў 1990-я гады. 6 кастрычніка 2004 года арганізацыя Iraq Survey Group (яна з’яўлялася пануючай у справе пошукаў ЗМЗ) афіцыйна заявіла, што на момант уварвання замежных сіл у 2003 годзе Ірак не меў ніякіх забароненых сродкаў[14]. На допыце ў Федэральнам бюро расследаванняў Садам Хусейн пацвердзіў, што ў дзяржавы не было зброі масавага знішчэння[15].

У 2004 годзе Камісія па тэрактах 11 верасня прыйшла да высновы, што няма доказаў якіх-небудзь адносін паміж рэжымам Садама і Аль-Каідай[16].

Як стала вядома, амерыканскі бок будаваў свае абвінавачванні на інфармацыі ад афіляваных крыніц. Імі былі дысідэнты Рафід Ахмед Алван аль-Джанабі і Ахмед Чалабі, якія жадалі звяржэння рэжыму. Першы пазней прызнаў, што наўмысна хлусіў, паколькі «іншага шляху да вызвалення Ірака не было»[3]. Дадзеная акалічнасць выклікала абурэнне Паўэла. Ён не ведаў пра ілжывасць інфармацыі і абвінаваціў ЦРУ ў прадстаўленні неправераных даных. Са слоў былога дзяржсакратара, гэта стала чорнай плямай на яго кар’еры[8]. У 2015 годзе супрацоўнік ЦРУ Майкл Марэл заявіў, што хоча папрасіць прабачэння перад Паўэлам за ілжывыя доказы[17].

Ацэнкі і значэнне

правіць

Пасля гэтага асоба Колін Паўэла ў СМІ стала асацыявацца з момантам, дзе ён дэманструе прабірку ў ААН[18][19][20]. The Guardian назвала прамову вырашальным момантам у падрыве даверу да ЗША[21]. Часопіс New York Times палічыў выступленне адным з самых незабыўных публічных момантаў прэзідэнства Буша[22].

Гл. таксама

правіць

Крыніцы

правіць
  1. "PowerPoint of view". The Guardian [брытанская англійская]. 2003-02-07. ISSN 0261-3077. Праверана 2023-04-18.
  2. McBrien, Tyler (2023-02-08). "Why the Military (Still) Can't Quit PowerPoint". Slate [амерыканская англійская]. ISSN 1091-2339. Праверана 2023-04-18.
  3. а б в Беленькая, М. Война в Ираке: сроки, причины и последствия // Коммерсантъ : газета. — 25 марта 2023.
  4. Colin Powell: U.N. Speech 'Was a Great Intelligence Failure'. pbs.org. Архівавана з першакрыніцы May 19, 2016. Праверана May 19, 2016.
  5. The Secret History of ISIS – Transcript (англ.). FRONTLINE. Праверана 18 верасня 2021.
  6. а б в г д Волхонский, Б. Ирак прозевал свой шанс: Колин Пауэлл выступил в СБ ООН // Газета «Коммерсантъ» №20 от 06.02.2003, стр. 1
  7. а б в г Powell, Secretary Colin L.. Remarks to the United Nations Security Council. New York City: US Department of State (5 лютага 2003). Архівавана з першакрыніцы February 5, 2009. Праверана October 21, 2021.
  8. а б Колин Пауэлл требует ответов по поводу лжи относительно оружия массового уничтожения в Ираке // ИноСМИ (пераклад артыкула The Guardian), 17 февраля 2011
  9. а б Шмелёва, Т.А. Доклад Колина Пауэлла по Ираку: реакция арабских стран // Институт Ближнего Востока, 9 февраля 2003
  10. What the international papers say Архівавана 8 студзеня 2019 года., February 6, 2003, The Guardian
  11. В Ираке найдено химическое оружие(недаступная спасылка)
  12. Update on chemical demilitarisation
  13. Найденное в Ираке химическое оружие признано смертельно опасным
  14. США официально признали, что у Саддама не было ОМП
  15. Anderson, Curt (2017-01-09). "FBI agent who interrogated Saddam Hussein leads airport case". Associated Press. Архівавана з арыгінала 2023-01-06. Праверана 2020-01-08.
  16. Cheney on torture report: Saddam Hussein 'had a 10-year relationship with al-Qaida' (англ.). @politifact. Архівавана з першакрыніцы 8 кастрычніка 2019. Праверана 28 мая 2019.
  17. Morell "wanted to apologize" to Powell about WMD evidence (англ.). CBS News. Праверана 22 красавіка 2023.
  18. Та самая пробирка в ООН: умер бывший госсекретарь США
  19. Человек с пробиркой. Как Колин Пауэлл стал символом американской лжи
  20. Умер размахивавший пробиркой в ООН бывший госсекретарь США
  21. Colin Powell's UN speech: a decisive moment in undermining US credibility (англ.). the Guardian (18 кастрычніка 2021). Праверана 13 сакавіка 2022.
  22. Draper, Robert (July 16, 2020). "Colin Powell Still Wants Answers". The New York Times [амерыканская англійская]. ISSN 0362-4331. Праверана 2022-04-21.

Спасылкі

правіць