Вялікая харальная сінагога (Гродна)

Вялікая харальная сінагога ў Гродне — дзеючая сінагога ў цэнтры Гродна, Беларусь. Вядома з XVI ст.

Сінагога
Вялікая харальная сінагога
Вялікая харальная сінагога
Вялікая харальная сінагога
53°40′43,1″ пн. ш. 23°49′28,45″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Горад Гродна
Канфесія Артадаксальны іудаізм
Архітэктурны стыль Эклектыка, Маўрытанскі стыль
Архітэктар Ілья Фрункін
Дата заснавання 1905
Будаўніцтва 19021905 гады
Дата скасавання 1944

ГісторыяПравіць

Гродзенская сінагога ўпершыню згадваецца пад 1540 годам. Невядома, ці ёсць сувязь паміж згаданай сінагогай і цяперашнім будынкам, але і адмаўляць гэтага нельга. Першая каменная сінагога ў Гродна была пабудавана ў 1575—1580 гадах равінам Мардзяхаем Яфэ(руск.) бел., ураджэнцам Прагі, які напярэдадні (у 1572) прыехаў у Гродна. Лічаць, што новы будынак сінагогі пабудаваны вядомым італьянскім архітэктарам Санці Гучы, але пацверджання яго работы у Гродна няма. Пабудавана ў рэнесансным стылі і з’яўляецца адной з самых старых у Беларусі[1].

Пажарам 1617 года сінагога была знішчана, але неўзабаве кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза дазволіў яўрэям пабудаваць на месцы старой новую:

На вуліцы, якая пасярэдзіне вуліцы Замкавай ляжыць, дамы свае на гэтых участках, зруйнаваных агнём, а таксама сваю сінагогу маеце збудаваць з каменю, аднак, каб гэтая сінагога не была збудавана вышэй іншых дамоў, толькі нароўні з іншымі дамамі і на тым жа самым месцы, дзе была старая, а не на вуліцы Замкавай, якую мы хочам мець вольнай ад жылых дамоў.

Насуперак каралеўскаму дазволу вышыня пабудаванай каменнай сінагогі значна перавышала навакольныя дамы, і будынак быў адным з найбольш манументальных у горадзе[2].

Галоўная сінагога мела асаблівасці, не сустраканыя на іншых аб’ектах такога тыпу. Напрыклад, арон-ха-кадэш (шафа для захоўвання Торы), якая паводле традыцыі павінна была знаходзіцца ва ўсходняй частцы памяшкання, накіраванай на Іерусалім, у гродзенскай сінагозе была троху ссунутая. Мардзяхай Яфэ лічыў, што на ўяўнай лініі паміж арон-ха-кадэшам і Святым горадам не павінна нічога стаяць, каб не перашкаджаць духоўнай сувязі з Палесцінай. Сінагога вылучалася незвычайнай вытанчанасцю і раскошай. Як і ў іншых сінагогах таго часу, падлога знаходзілася троху ніжэй за ўзровень зямлі. Абрады і рытуалы гродзенскай сінагогі адрозніваліся ад прынятых у іншых сінагогах ВКЛ. Напрыклад, тут выконваліся піюты — рэлігійныя гімны, аўтарам якіх лічыцца сам Мардзяхай Яфэ[3].

Першыя вядомыя выявы сінагогі на планах горада паходзяць з 1706 і 1753 гадоў (так званыя «пятроўскі» і «дрэздэнскі» планы). На іх паказаны вялікі, амаль квадратны ў плане будынак з двума выступалымі аб’ёмамі на пярэднім фасадзе (дрэздэнскі план). Месцазнаходжанне будынка цалкам супадае з цяперашняй сінагогай і таму можна пэўна сцвярджаць, што яна існуе прынамсі з пачатку XVIII ст. і, напэўна, ёсць моцна перабудаваным будынкам канца XVI ст.[4]

Сінагога была цэнтрам жыцця яўрэйскай супольнасці Гродна ў ХІХ стагоддзі, акрамя рэлігійнай яна выконвала і іншыя функцыі. Тут яўрэйская суполка збіралася, каб абмеркаваць важныя справы (падзел падаткаў, выбар рэкрутаў, увядзенне новых дзяржаўных законаў). Тут вучоныя талмудысты прамаўлялі казанні, працавала бібліятэка, збіраліся ахвяраванні, адбываліся канцэрты. Адначасова яна заставалася цэнтрам адукацыі і асветы. У прыбудовах мясціліся ешыбот і талмуд-тора, збіраліся брацтвы па вывучэнні Талмуда[5].

Варшаўская пісьменніца і журналістка А. Трыплін, якая наведвала Гродна на пачатку 1880-х гадоў, характарызавала старую сінагогу як «вялікі, моцна аброслы мхом і абшарпаны дом малітвы»[6].

 
Напалеон Орда. Гараднічанка. 1861—1869

Ніякіх выяваў уласна сінагогі XVI—XVIII ст. не захавалася. Першымі малюнкамі гэтага будынка, напэўна, можна лічыць дзве работы Напалеона Орды, зробленыя ў 2-й палове 1860-х гадоў. Адзін малюнак зроблены з даліны Гараднічанкі, прыкладна з-пад моста праз раку ў раёне Дома дзіцячай і юнацкай творчасці. На ім сінагога (злева) займае адно з важнейшых месцаў. Гэта будынак з вельмі высокім дахам, дэкаратыўным заднім фасадам і дзвюма вежачкам спераду.

На фотаздымку Яна Блазункевіча, зробленым прыкладна ў 1896—1898 гадах, сінагозе быў вернуты той выгляд, які яна мела да 1885 года. Значыць, пераробка храма ў псеўдарускім стылі адбылася толькі пасля 1898 года.[4]

Будынак моцна пацярпеў падчас летняга пажару ў 1899 годзе. А ў 1900 годзе ў губернатарскую канцылярыю паступіла прашэнне ад грамадзяніна яўрэйскай абшчыны Іосіфа Фрумкіна з просьбай дазволіць пабудову і аднаўленне згарэлай сінагогі. Прашэнне было задаволена з умовай, што новы будынак будзе ўзведзены цалкам з вогнетрывалых матэрыялаў.

 
Гродна. Сінагога. Паштоўка пач. ХХ ст.

У 1902—1905 гадах сінагогу перабудавалі пры фінансавай падтрымцы губернатара ў адной з разнавіднасцей эклектыкі — рускага мадэрну. Гэтаму стылю ўласцівы верхнія аркі з разеткамі, усечаныя шатры з кавальскімі ўпрыгожаннямі карнізаў[1].

Паводле гісторыка А. Вашкевіча, час рэканструкцыі сінагогі блізкі да часу пабудовы падобнага да яе помніка архітэктуры горада — дома купца Мураўёва на Савецкай плошчы. Дэкаратыўнае аздабленне дома Мураўёва і харальнай сінагогі дае на яго думку магчымасць сцвярджаць, што праектант дома і аўтар рэканструкцыі храма — адна і тая ж асоба. Перабудова сінагогі ў сучасным варыянце характарызавалася пабудовай дэкаратыўных псеўдарускіх вежачак, паніжэннем даху, вялікай колькасцю ляпніны (тады ж, напэўна, зроблена ляпніна ўнутры будынка).[4].

Паводле гарадзенскага краязнаўца М. Супрона аўтарам перабудовы сінагогі быў модны на той час у горадзе архітэктар — Майсей Зельманавіч Любіч, які да гэтага часу паспеў збудаваць у Гродне прынамсі тры малітоўныя школы, сярод якіх — будынак школы цэху мяснікоў каля галоўнай сінагогі[7]. Цягам некалькіх гадоў па праекце Любіча ў навамодным маўрытанскім стылі былі перабудаваны галоўная сінагога, будынак школы хасідаў і Кляўз, і з нуля ўзведзены школы Хеўра-Алшых і цэха мяснікоў. Галоўнай мастацкай асаблівасцю, якая аб’ядноўвала гэты комплекс з пяці яўрэйскіх храмаў, было багатае дэкараванне вонкавых сцен рустам і ўпрыгожанне вокнаў ліштвамі, фланкаванне фасадаў квадратнымі вежамі з кілепадобнымі завяршэннямі[8].

З прыходам савецкай улады ў 1940 годзе сінагогу закрылі.

У перыяд нямецкай акупацыі сінагога, якая знаходзілася ў цэнтры яўрэйскага гета, служыла нацыстам для збору яўрэяў перад адпраўкай у канцлагеры. Багатаму ўнутранаму дэкору будынка ў гэты перыяд нанесена сур’ёзная шкода.

У савецкі перыяд (1944—1991) будынак выкарыстоўвалі спачатку як склады, а з 1960-х гадоў як майстэрні мастакоў.

 
Сінагога да рэстаўрацыі

З 1991 года будынак вернуты яўрэйскай рэлігійнай абшчыне. У 2011 годзе ў сінагозе распачалася рэканструкцыя. Цяпер там адбываюцца службы, ладзяцца культурныя мерапрыемсты і сустрэчы яўрэйскай абшчыны.

У галоўнай залі сінагогі з 2019 года працуе цэнтр нефармальнай адукацыі пра яўрэйскі свет. У межах актыўнасці гэта цэнтра ў сінагозе створаны скрутак з вершаванай споведзю пра род Орлісаў. Гэтая дынастыя жыла ў Гродне некалькі стагоддзяў, стаяла каля вытокаў зараджэння аптэчнай справы ў горадзе, і дапамагала адраджаць сінагогу пасля чарговага у яе гісторыі пажару[9].

У 2012 годзе ў сінагозе быў адкрыты прыватны музей гісторыі яўрэяў. У 2014 годзе музей стаў філіялам дзяржаўнага музея гісторыі рэлігій.

У музеі сабраная інфармацыя пра яўрэяў з Гродзеншчыны: прамысловыя, дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, дзеячы культуры. Сярод іх — мастак Леў Бакст, герой Супраціўлення Ліза Чапкін, навуковец Фелікс Зандман і многія іншыя.

Сталая экспазіцыя ўключае і тэму Халакосту. Асобны раздзел прысвечаны праведнікам свету, якія ратавалі гродзенскіх дзяцей ад пераследу нацыстаў. Тут захавана мноства унікальных сведчанняў часу, сярод экспанатаў запіскі дзяцей, загінуўшых у Асвенцыме, аўдыё- і відэааповеды сведкаў трагедыі.


ВыявыПравіць

Гл. таксамаПравіць

Зноскі

  1. 1,0 1,1 Махнач Я. А. Гродзенскія сінагогі і малітоўныя дамы ў XVIII-пач. ХХ ст. // Краязнаўчыя запіскі. Выпуск 10. Гродна: ЮрСаПрынт, 2016. — С. 52-67.
  2. Квитницкая Е. Д. Планировка Гродно в XVI—XVIII веках // Архитектурное наследство № 17. Москва, 1961. С.11-38.
  3. Сабалеўская В. Гарадзенскі кагал у XVI—XVIII стст. // Гародня Х-ХХ стст. — Гародня, 2014. С. 142—143.
  4. 4,0 4,1 4,2 Вашкевіч А. Харальная сінагога ў Гродне ў ХІХ ст. // Горад святога Губерта. Выпуск 6. Горадня, 2012. — С. 15-19.
  5. Сабалеўская В. Габрэйскі квартал губернскага горада // Гародня Х-ХХ стст. Гародня, 2014. С. 323.
  6. Вашкевич А., Чернякевич А. Гродненская синагога: пожары и реконструкции // Вечерний Гродно. 15.10.2012.
  7. Супрон М. Школьны двор: як выглядаў старадаўні квартал, які знішчылі пасля вайны // Hrodna Life. 14.12.2018
  8. Супрон М. На месцы непаўторнага яўрэйскага квартала Школьны двор у Гродне хочуць паставіць бетонную банальшчыну // Наша ніва. 14.03.2019
  9. Цэнтр нефармальнай адукацыі і інтэрактыўны музей. Як зменіцца гродзенская сінагога // Hrodna Life. 31.07.2019.

СпасылкіПравіць