Вячаслаў Мікалаевіч Руцай

(Пасля перасылкі з Вячаслаў Руцай)

Вячаслаў Мікалаевіч Руцай (17 сакавіка 1905, Мінск — 1982) — беларускі мастак.

Вячаслаў Мікалаевіч Руцай
Дата нараджэння 17 сакавіка 1905(1905-03-17)
Месца нараджэння
Дата смерці 1982
Месца працы
Вучоба
Член у
Узнагароды
ордэн Айчыннай вайны II ступені медаль «За баявыя заслугі» медаль «За абарону Масквы» медаль «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»

Біяграфія

правіць

Нарадзіўся 17 сакавіка 1905 года ў Мінску. У юнацтве марыў стаць вялікім скрыпачом, заняткі ў музычнай школе кінуў, але са скрыпкай яшчэ доўга не расставаўся. Нейкі час займаўся ў прыватнай мастацкай студыі Якава Кругера, што тады размяшчалася ў Мінску ў двухпавярховым мураваным будынку кандытара Венгржэцкага на рагу вуліц Захар’еўскай і Петрапаўлаўскай. Захапляўся таксама тэатрам. Як студэнт педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Руцай адначасова працаваў у Мінскім гарадскім тэатры (з 1920 г. БДТ-1) акцёрам-статыстам і памочнікам дэкаратара. У 1923 годзе яго накіравалі ў Маскву, у Беларускую драматычную студыю для навучання акцёрскаму майстэрству. Настаўнікамі па тэатральнай студыі былі акцёры МХАТа-II[ru] В. Громаў[ru], В. Смышляеў[ru], Б. Афонін[ru] і А. Патоцкі, пра якога Руцай пазней ўспамінаў:

  Я вельмі многім удзячны Аркадзю Васільевічу Патоцкаму, — казаў мастак.  — Гэта ён далучыў мяне да высокай культуры, запэўніў, што маё прызванне — менавіта жывапіс.  

Руцай кінуў тэатр і перайшоў у прыватную маскоўскую студыю мастака М. Шапшала, каб трошкі падвучыцца новай прафесіі і паспрабаваць паступіць у Вышэйшыя мастацка-тэхнічныя майстэрні. Паступіў ва ВХУТЕМАС у 1924 годзе.

  Я вучыўся ў некалькіх выкладчыкаў, у тым ліку ў Аляксандра Дрэвіна[ru], Ільі Машкова, Аляксандра Шаўчэнкі[ru], Дзмітрыя Кардоўскага[ru]. Вядома, нам, студэнтам, цяжка было разбірацца ў іх часам супярэчлівых указаннях і метадах. Бадай, больш за ўсё мне далі заняткі ў майстэрні Дрэвіна.  

Упершыню прадставіў некалькі сваіх твораў на выстаўцы ў 1926 годзе.

У 1930 годзе Руцай разам з жонкай Лізаветай Анісімавай і земляком-беларусам Георгіем Ніскім скончыў ВХУТЕИН і адразу ж быў прызваны на гадавую службу ў армію. Служыў у Ленінградзе. Увесь вольны час праводзіў у залах Эрмітажа і Рускага музея. Пасля арміі вярнуўся ў Менск, дзе ўзначаліў вячэрнюю рабочую студыю выяўленчага мастацтва пры Доме мастака па вуліцы Інтэрнацыянальнай.

У першай палове 1930-х гг. вярнуўся на радзіму ў Віцебск, дзе некалькі гадоў выкладаў у мастацкім тэхнікуме (вучылішчы). Яго вучнямі былі такія вядомыя потым беларускія мастакі, як Я. Красоўскі, М. Тарасікаў, Г. Бржазоўскі, С. Андруховіч, М. Беляніцкі, К. Касмачоў, У. Сухаверхаў і інш.

Вярнуўся ў Маскву, дзе ўладкаваўся на працу ў тэхнікум ОГИЗа[ru] ў якасці загадчыка вучэбнай часткі. Выкладаў у студыях маскоўскага Дома піянераў Баўманскага раёна, Дома вучоных, Дома культуры МДУ на Ленінскіх гарах. Такая сціплая, малапрыкметная праца і дапамагла яму выжыць у эпоху сталінскіх рэпрэсій.

Першы буйны дзяржаўны заказ атрымаў праз сем гадоў, калі напісаў карціну «Выезд зенітнай батарэі ў поле» для выстаўкі «15 гадоў РСЧА». У 1939 годзе адбылася першая персанальная выстаўка ў Маскве, якая атрымала шмат добрых водгукаў у СМІ. Быў надрукаваны і сціплы каталог выстаўкі, выдадзены Маскоўскім саюзам савецкіх мастакоў — накладам 300 экзэмпляраў, з уступным артыкулам вядомага тады крытыка Мікалая Машкоўцава, які заўсёды рэзка выступаў супраць усялякіх праяў авангардызму ў мастацтве.

Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, удзельнічаў у бітвах пад Масквой і на Курскай дузе, вызваляў Бранск і гарады роднай Беларусі, Латвіі і Літвы. Вайну скончыў у званні гвардыі маёра на пасадзе намесніка камандзіра палка па страявой частцы. Вярнуўся ў Маскву інвалідам.

Творчасць

правіць

Пейзажыст, працаваў над тэматычнымі карцінамі, нацюрмортамі. Сярод работ: «Аўтапартрэт» у світары на фоне стала з фруктамі, «Партрэт дзяўчыны ў белым» (Траццякоўская галерэя), «Вакзальная плошча ў Мінску», «Ля лесапільні», «Нацюрморт з люстэркам. Аўтапартрэт», «Партрэт акцёра А. В. Патоцкага», «Дрэвы», «Пейзаж з мостам», «Пасля дажджу», «Армянскі пейзаж», «Возера Севан», «Партрэт мастака В.Буланкіна», «Пчаляр», «Склад лесасплаву», «Нацюрморт з самаварам. Чакаем сяброў», «Вербы над ракой», «Арарат», «Маслаўка. Зімовая раніца», «Хлопчык», «Лета» (Траццякоўская галерэя), «Вайна скончана», якая распавядае пра радасць пасляваеннага быцця.

Спасылкі

правіць