Быстрыца (Астравецкі раён)

вёска ў Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці Беларусі
(Пасля перасылкі з Вёска Быстрыца)

Бы́стрыца[1] (трансліт.: Bystryca, руск.: Быстрица) — вёска ў Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці. Уваходзіць у склад Варнянскага сельсавета.

Вёска
Быстрыца
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Насельніцтва
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1591
Аўтамабільны код
4
Быстрыца на карце Беларусі ±
Быстрыца (Астравецкі раён) (Беларусь)
Быстрыца (Астравецкі раён)
Быстрыца (Астравецкі раён) (Гродзенская вобласць)
Быстрыца (Астравецкі раён)

Знаходзіцца на р. Вілія. За 29 км на поўнач ад Астраўца, 34 км ад чыгуначнай станцыі Гудагай. Насельніцтва 251 чал., 86 двароў (1991).

ГісторыяПравіць

Упершыню Быстрыца ўспамінаецца пад 1390 годам, як уладанне вялікага князя Ягайла, дзе ён заснаваў касцёл Узвышэння Святога Крыжа канонікаў рэгулярных і запісаў яму фундуш. У канцы XIV — пачатку XVI ст. пры касцёле дзейнічаў кляштар белых аўгусцінаў. Затым Быстрыца была ва ўласнасці вялікага князя Вітаўта, з якой ён у 1407 годзе даў трох рыбакоў і возера Віленскаму кафедральнаму касцёлу.

Да пачатку XVI ст. Быстрыцкія вялікакняскія ўладанні сфарміраваліся як Быстрыцкае староства («дзяржава») Віленскага ваяводства. Цэнтрам староства быў «двор» Быстрыца, які знаходзіўся паміж мястэчкам Быстрыца і ракой Віліяй на самым яе беразе. Пры ўездзе на «двор» з боку мястэчка стаяла вялікая драўляная брама з двума турэмнымі памяшканнямі па баках. Насупраць брамы, над самой Віліяй, узвышаўся вялікі сядзібны дом. Апроч гэтага на дзядзінцы былі стары флігель, свірны, новая і старая пякарні, сырніца, а каля ракі — бровар. Побач з дваром асобна знаходзілася гумнішча з гаспадарчымі пабудовамі.

З пачатку XVI ст. у Быстрыцы знаходзілася мытня для сплаву лесу, збор мыта быў уведзены віленскім ваяводам Мікалаем Радзівілам. За кожны плыт з будаўнічага дрэва назначалася аплата ў 3 грошы, а за плыт з дроў — 1,2 гроша (12 пенязяў), іншы тавар спагнанню мыта ў Быстрыцы не падлягаў.

Упершыню Быстрыца як горад («места») згадваецца ў дакуменце 1547 года. Галавой гарадской адміністрацыі, якой падпарадкоўваліся мяшчане і іншыя каралеўскія падданыя, што жылі ў горадзе, быў войт. У дакументах на працягу 1541—1559 гадоў быстрыцкім войтам фігуруе Андрэй Гроцкі.

Пасля адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гадоў Быстрыцкае староства ўвайшло ў склад Віленскага павета.

З 2-й паловы XVII і цягам усяго XVIII ст. Быстрыца як і раней цэнтр староства, якое ўвесь гэты час трымалі ад караля Бжастоўскія.

Станам на 1612 год у Быстрыцы 56 двароў. Паводле інвентара 1624 года, у цэнтры мястэчка размяшчалася Рыначная плошча, ад якой адыходзілі тры вуліцы — Папоўская (на ёй стаяў касцёл, што даў назву вуліцы), Трокская і Віленская; агулам у мястэчку было 72 мяшчанскія дамы. Войтам Быстрыцы быў Юргель Навіковіч.

Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Быстрыца ў складзе Расійскай імперыі — цэнтр Быстрыцкай воласці Віленскага павета, дзяржаўная ўласнасць.

У 1851 годзе у Быстрыцы адкрыта сельскае вучылішча, дзе вучылася 47 вучняў, пры вучылішчы была бібліятэка (204 кнігі). У 1861 годзе ў казённым мястэчку Быстрыца — 33 двары, 247 жыхароў, на працягу года праходзілі 4 кірмашы. У 1865 годзе Быстрыцкі Крыжаўзвіжанскі касцёл перадалі пад праваслаўную царкву. Станам на 1886 год у мястэчку дзейнічала народнае вучылішча, прытулак, крама, 2 карчмы.

У 1-ю сусветную вайну Быстрыцу занялі нямецкія войскі. У 1918—1926 гадах будынак касцёла вернуты каталікам і рэканструяваны па першапачатковым прызначэнні. З кастрычніка 1920 года мястэчка ўваходзіла ў склад Сярэдняй Літвы, а з 1922 года — міжваенннай Польскай Рэспублікі.

У 1939 годзе Быстрыца ўвайшла ў БССР, з 12.10.1940 года — цэнтр Быстрыцкага сельсавета Астравецкага раёна. У 2-ю сусветную вайну з чэрвеня 1941 да ліпеня 1944 года мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

З 17 студзеня 1969 года (пасля пераносу цэнтра сельсавета ў Трокенікі) да 2013 года вёска ўваходзіла ў склад Трокеніцкага сельсавета[2].

НасельніцтваПравіць

ІнфраструктураПравіць

У Быстрыцы працуе няпоўная сярэдняя школа.

СлавутасціПравіць

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
  2. Решение Гродненского областного Совета депутатов от 26.02.2013 N 224 О некоторых вопросах административно-территориального устройства Островецкого района Гродненской области
  3. Bystrzyca // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880. S. 510.
  4. Валерый Шаблюк. Быстрыца // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. С. 143.

ЛітаратураПравіць

  • Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Гродзенскага раёна / Рэдкал. У. П. Верхась і інш. — Мн., 1993.