Сырніца
Сы́рніца[1], сырнік[1] або сырня[1] — гаспадарчае памяшканне (пабудова) для прасушвання і захоўвання сыру.
Былі пашыраны сырні на тэрыторыі Літвы і Польшчы ў XVI — пачатку XX стагоддзя, пераважна ў сядзібах і фальварках. У канцы XIX стаоддзя з’явіліся у некаторых сялянскіх гаспадарках, якія займаліся вырабам сыру на продаж.
Актыўна будаваліся сырніцы на Беларусі ў 2-й палове XVIII стагоддзя, у час уздыму сельскагаспадарчай вытворчасці. У ХІХ стагоддзі, аднак, вытворчасць сыру ў фальварках заняпала, памяншылася і колькасць сырніц, мянялася прызначэнне гэтых пабудоў, напрыклад, прыстасоўвалася пад свірны. На пачатку ХХ стагоддзя сырніцы амаль не сустракаюцца. Да 1980-х гадоў у больш-менш ў нязменным стане захавалася сырніца ў Сітцах Докшыцкага раёна.
Архітэктура сырніцы
правіцьЗалежна ад аб’ёмнага вырашэння сырніцы падзялюць на два тыпы:
- з адкрытым ніжнім ярусам,
- з закрытым ніжнім ярусам (у гэтым выпадку пад сырніцай рабілі дадатковае гаспадарчае памяшканне).
Сырніцы з адкрытым ніжнім ярусам узводзілі на слупах. Залежна ад памеру збудавання іх магло быць ад 1 да 12 (у вёсках Рудня Астравецкага раёна, Сваятычы Ляхавіцкага раёна), аднак найбольш распаўсюджаннымі былі сырніцы на 4-х слупах. Наверсе слупоў фарміравалі каркас, які або абшывалі дошкамі, або ўпускалі дошкі ў паз слупоў. Лёгкая канструкцыя стварала выдатныя ўмовы для прасушвання сыру, бо паміж няшчыльна збітымі дошкамі цыркулявала паветра. Звонку на другі паверх вяла лесвіца або драбіны.
У сырніцах другога тыпу на першым паверсе магла месціцца камора або малочнік. Характэрным элементам сырніц была галерэя на ўзроўні другога паверху, пад яе напускным дахам сушылі сыры (ў былым маёнтку Залучча ў Стаўбцоўскім раёне). Галерэю маглі рабіць або на вонкавых слупах, або на выпускных бэльках.
Інтэр’ер сырніц быў просты і складаўся з драўляных паліц для сушкі сыру. У выпадку, калі у сырніцы быў яшчэ і малочнік, тут маглі ставіць гарнцы, маслабойкі, цэбры і інш.
Зноскі
- ↑ а б в БелЭн 2002.
Літаратура
правіць- Сергачоў С. А. Сырніца // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 323. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Сергачоў С. Сырніцы // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі № 4, 1985.
- Сырница // Зодчество Белоруссии XVI — середины XVII в. : справ. пособие / Ю. А. Якимович. — Мн.: Навука i тэхнiка, 1991. — С. 363. — 367 с. — 2120 экз. — ISBN 5-343-00466-0. (руск.)
Спасылкі
правіць- Кухмістр Верашчака Сырніца // Газета «Звязда»