Вікторыя (гурт)

беларускі музычны ансамбль

«Вікто́рыя» (англ.: Victoria) — беларускі музычны ансамбль з Рэчыцы.[1]

Вікторыя
Жанры рок-музыка
Краіны
Адкуль Рэчыца
Мовы песень руская і англійская

Гісторыя правіць

Утварыўся ў 1971 годзе пры клубе Заводу металічных вырабаў. Арганізатар і лідар «Вікторыі» — Юрый Арэшка. У склад калектыва ўвайшло 7 чалавек, усім каля 20 гадоў, акрамя непаўналетняга Юрася Вялічкі. Удзельнікі калектыва самі выраблялі лампавыя ўзмацняльнікі, удасканальвалі электрагітары, выдумлялі галасавыя і гітарныя эфэкты. Музыкі вынайшлі свой ўласны hang-generator — прыбор у выглядзе даўгога грыфа, які выводзіў гукі накшталт сынтэзатара «Minimoog[en]». Прымалі ўдзел у штогадовым фестывалі «Рэчыцкая лірычная». Падчас канцэртаў у некаторых уласных кампазіцыях (напрыклад, «Трактар») «Вікторыя» выкарыстоўвала загадзя запісаныя шумы: роў рухавіка, шоргат паперы, пераліванне вады ў шклянку, якія ў патрэбных момантах запускаў з пульта гукааператар.

«Вікторыя» спэцыялізіравалася пераважна на замежным рок-н-роле — не толькі англійскім і амерыканскім, але і венгерскім (Illés[hu], Hungária[hu]). Ансамбль рэгулярна выконваў забароненую ў шэрагу еўрапейскіх краінаў «Je T’Aime…[fr]» Генсбура, інструментальныя фрагменты з рок-оперы Уэбера «Jesus Christ Superstar[en]», найлепшыя творы «Creedence Clearwater Revival[en]» і «Uriah Heep[en]» ва ўласных адаптацыях. Рэпертуар «Вікторыі» для танцаў і для афіцыйных конкурсаў моцна адрозніваўся. У парку Перамогі гурт пазбягаў песняў з савецкай эстрады, хаця знаходзіўся пад пільным кантролем аддзелу культуры. Часта замежныя рок-хіты прадстаўляліся як песні савецкіх кампазітараў. Аднойчы музыкаў прымусілі замаляваць на сцэне імя ансамбля, напісанае лацінкай.

Саматужныя запісы «Вікторыі» рабіліся ў асноўным падчас канцэртаў, як пабочны прадукт рэверберацыі. «Вікторыя» ўдзельнічала ў разнастайных конкурсах самадзейнасці, калектыў не аднойчы станавіўся пераможцам. Пасля аднаго з такіх спаборніцтваў «Вікторыя» трапіла на гомельскае тэлебачанне. Запіс трансляваўся ў этэры, але ў архівах не захаваўся. На ТБ «Вікторыя» выканала свае цалкам аўтарскія песні.

«Вікторыя» шмат паездзіла з канцэртамі па Беларусі. У 1974 годзе камсамольскія дзеячы Рэчыцы паведамілі музыкантам пра гастролі па Венгрыі, у гэтай сувязі ім загадалі пастрыгчыся і апрануць новыя строі. Перад ад’ездам за мяжу ансамбаль зладзіў канцэрт у Доме культуры, квіткоў на які не хапіла на ўсіх, таму публіка выламала дзверы і цалкам акупавала залю. У Венгрыі «Вікторыя» выступала ў некалькіх гарадах, у кожным абавязкова наведвала кінатэатр і глядзела адзін і той жа фільм — «Concert for Bangladesh…[en]» Джорджа Харысана.

Пасля візіту ў Венгрыю «Вікторыя» праіснавала яшчэ прыкладна два гады. Прычынамі для распаду былі арганізацыйныя складанасці і сямейныя абставіны. Апошняя песня з апошняга канцэрту «Вікторыі» («July Morning[en]» Uriah Heep) была недайграная да канца з-за ўмяшання міліцыі. Калі моладзь у знак пашаны стала перад сцэнай на калені, да музыкаў выбег цэлы натоўп міліцыянтаў, якія выдралі ўсе правады і прымусілі «Вікторыю» сысці, нягледзячы на абурэнне людзей. Мікрафоны, тым не менш, хутка ўключыліся і зафіксавалі, што адбывалася навокал.

Склад правіць

Зноскі

  1. Сямашка, Віктар. !OUT: Рок-легенда Рэчыцы 70-х — Victoria (фота, аўдыё). Тузін Гітоў (8 лютага 2014). Праверана 15 чэрвеня 2021.

Спасылкі правіць