Вікінт

жамойцкі князь

Вікінт (літ.: Vykintas; памёр каля 1253) — жамойцкі князь, дзядзька (па маці) Таўцівіла і праціўнік вялікага князя літоўскага Міндоўга, правадыр аб'яднанага жамойцка-зямгальскага войска, якое 22 верасня 1236 года перамагло войска мечаносцаў.

Вікінт
Уяўны партрэт Вікінта з «Апісання Еўрапейскай Сарматыі» Аляксандра Гваньіні, 1578
Уяўны партрэт Вікінта з «Апісання Еўрапейскай Сарматыі» Аляксандра Гваньіні, 1578
Жамойцкі князь
1219 — 1253
Нараджэнне XIII стагоддзе
Смерць 1253(1253)
Помнік князю Вікінту на вуліцы жамойцкіх Твераў

Імя Вікінт — з шэрагу старабалцкіх (старалітоўскіх) двухасноўных імёнаў. Такія імёны дайшлі з індаеўрапейскай эпохі і ўласцівыя іменнікам народаў індаеўрапейскага паходжання[1].

Першая аснова Vy- звязаная з ад індаеўрапейскім *ṷei- : ṷī- “пераследаваць, гнаць; імкнуцца”, ад якога літоўскае vyti, vajoti “гнаць”, vainoti "лаяць" (ранейшае значэнне — "ваяваць, змагаць")[2].

Другая аснова Kint- роднасная асновам Kant-, Kent-, усе яны звязаныя з літоўскім kantrus "цярплівы, трывалы", kentėti "цярпець, трываць", žiem-kintys "зімаўстойлівы" (гняздо kant- : kent- : kint-), ад індаеўрапейскага *kenth- "цярпець"[3].

Імя Вікінт значыла "Ваяўнічы і трывалы", і гэта адпавядала каштоўнасцям княска-ваярскага раннелітоўскага асяроддзя[4].

Біяграфія

правіць

Першая згадка пра князя Вікінта адносіцца да 1219 года (згодна з самім летапісам, 1215), калі ён разам з іншымі літоўскімі князямі ўдзельнічаў у падпісанні мірнай дамовы з Галіцка-Валынскім княствам[5].

У 1236 годзе адбылася Саўлеўская бітва, у якой Вікінт узначальваў жэмайцкае войска[6]. Ордэн Мечаносцаў пацярпеў поўнае паражэнне і вымушаны быў у хуткім часе ўліцца ў склад Тэўтонскага.

У 1248 годзе Міндоўг паслаў Вікінта і сваіх пляменнікаў (па бацьку) Таўцівіла і Едзівіда вайной на Смаленск. Спачатку паход развіваўся ўдала, але ў 1249 годзе ў бітве каля Зубцова літоўскае войска пацярпела паражэнне. Даведаўшыся пра гэта, Міндоўг вырашыў адабраць уладанні князёў. Вікінт, Таўцівіл і Едзівід вымушаныя бегчы да швагра Таўцівіла князя галіцка-валынскага Данілы Раманавіча.

У 1250 годзе сапернікам Міндоўга ўдалося ўтварыць моцную кааліцыю, куды ўвайшлі войскі Лівонскага ордэна і Галіцка-Валынскага княства[7], адбыліся два паходы, адзін на Нальшу, а другі на Варуту, абаронай апошняй Міндоўг кіраваў сам[8].

Тым не менш, Міндоўгу ўдалося разладзіць кааліцыю, накіраваную супраць яго. Яму ўдалося вывесці з вайны Ордэн, прыняўшы хрышчэнне і аддаўшы зямлі паўночных балтыйскіх плямёнаў (куршы, земгалы і інш.) у рукі крыжакоў[9]. У 1252 годзе Міндоўг перайшоў у контрнаступленне і аблажыў сталіцу Вікінта Тверы (літ. Tverai, у хроніках "Тверымет"), зрэшты, няўдала. Неўзабаве Міндоўгу ўдалося падпісаць мір і з Данілам Галіцкім, па якому сын апошняга, Шварн Данілавіч узяў у жонкі дачку Міндоўга.

Каля 1253 года Вікінт памёр, Таўцівіл быў вымушаны зноў бегчы да Данілы Галіцкага, кааліцыя распалася, а Міндоўг прыняў тытул караля Літвы.

Зноскі

правіць
  1. T. Milewski. Indoeuropejskie imiona osobowe. Wrocław-Warszawa-Kraków, 1969. С. 11-13.
  2. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 1123-1124.
  3. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 641.
  4. С. Валянтас. Двусоставные антропонимы — реликты поэзии балтов // Балто-славянские исследования. XVI. Сборник научных трудов. М., 2004. С. 203—205.
  5. Галіцка-Валынскі летапіс па Іпацьеўскаму спісу
  6. Lietuvos valdovai (XIII—XVIII a.): enciklopedinis žinynas.
  7. Насевiч В. Л. Пакаленне першае: Міндоўг (1230-ыя — 1250-ыя гады) // Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. — Мн., 1993.
  8. Ипатьевская летопись // Полное собрание русских летописей. — Т. 2. — СПб., 1908. — С. 808
  9. Sužiedėlis S. Tautvilas // Encyclopedia Lituanica.