Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча (сучасны)
Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча (літ.: I. Luckevičiaus baltarusių muziejus) — музей у Вільні. Размяшчаецца ў будынку Цэнтра беларускай супольнасці і культуры ў Вільні па Віленскай вуліцы, 20 (Vilniaus g. 20). Дырэктарка музея Людвіка Кардзіс.
Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча | |
---|---|
Заснаваны | 2001 |
Заснавальнік | Сяржук Вітушка |
Месцазнаходжанне | |
Дырэктар | Людвіка Кардзіс[d] |
vilnia.com/%D0%BF%D1%80%… |
Гісторыя
правіцьБеларускі музей у Вільні быў заснаваны ў 1921 годзе на аснове калекцыі беларускага дзеяча Івана Луцкевіча. Музей быў цэнтрам культурнага жыцця беларусаў у Вільні. Установа збірала, захоўвала, даследавала, папулярызавала сведчанні беларускай гісторыі, этнаграфіі, мастацтва.
У канцы 1944 года музей, які дзесяцігоддзямі назапашваў, зберагаў і экспанаваў скарбы беларускай культуры, быў ліквідаваны, а ягоныя калекцыі былі падзелены супольнай камісіяй паміж ЛітССР і БССР. З боку БССР у камісіі былі асобы не звязаныя з Беларуссю, якія адбіралі толькі экспанаты на беларускай мове, а ўсё звязанае з ВКЛ, найбольш важныя экспанаты, засталіся ЛітССР або вывезены ў Маскву.
Аднаўленне ў XXI стагоддзі
правіцьУ 2001 годзе ў Вільні намаганнямі Сяржука Вітушкі зроблена спроба аднавіць інстытуцыю, у Літоўскай Рэспубліцы зарэгістравана грамадскае аб’яднанне «Беларускі музей імя Івана Луцкевіча» з дэклараванымі мэтамі даследавання старажытнай гісторыі, фіксацыі гістарычнага працэсу і прэзентацыі гістарычных ведаў у грамадстве. Паводле заявы стваральнікаў, сярод якіх былі Галіна Войцік, Сяргей Вітушка, Сяргей Дубавец, Таццяна Поклад, Людвіка Вітушкава (Кардзіс)[1]:
Сваю дзейнасць мы разумеем як працяг віленскай музейнай традыцыі і таму падкрэсліваем — мы не проста ствараем — мы адраджаем Віленскі Беларускі Музей |
Віленскі беларускі музей больш за два дзесяцігоддзі займаўся зборам і захоўваннем прадметаў даўніны, рукапісаў, дакументаў, фатаграфій і іншых сведчанняў жыцця і дзейнасці беларусаў розных пакаленняў.
Пасля падзей 2020 года і масавай эміграцыі з Беларусі, беларускае жыццё ў Вільні адрадзілася з новай сілай. У 2021 годзе гэтае грамадскае аб’яднанне атрымала памяшканне па вуліцы Віленскай, 20. Па думку заснавальнікаў, яны аднавілі сімвал багатага гістарычнага мінулага і асяродак культурнага жыцця беларусаў у Вільні, працягнуць збор нацыянальнай спадчыны і працу над яе папулярызацыяй.[2] Дырэктарка музея — Людвіка Кардзіс.
4 жніўня — 16 верасня 2021 года ў музеі адбылася яго першая выстаўка «Чаму воля гэта жанчына», на якой выстаўляліся працы беларускіх мастачак Зоі Коўш, Жанны Гладко, Святланы Петушковай, Алесі Жыткевіч ды Анон[3], а таксама творы саміх наведвальнікаў.
Другая выстаўка (5 снежня 2021 года) была прысвечаная 115-годдзю «Нашай Нівы», заснаванай Іванам Луцкевічам, і 100-годдзю самога музея. Выстаўка «Музей Івана Луцкевіча праз аналіз дадзеных і згадкі ў прэсе» прадставіла статыстычныя даныя аб дзейнасці беларускага музея ў міжваенны час, сабраныя на аснове кнігі ўліку наведнікаў і тагачаснай віленскай прэсы (куратар Паўліна Вітушчанка, візуалізацыя даных Ігар Яноўскі).[4] Разам з тым 10 снежня адбылася і навуковая міні-канферэнцыя «Віленскі музей сто гадоў таму».
За першы год публічнай працы адноўленага музея былі арганізаваныя выстаўкі жывапісу, фатаграфіі і кніжнай графікі, ладзіліся прэзентацыі кніг Уладзіміра Някляева, Вольгі Гапеевай, Юрыя Дзікавіцкага, канцэрты Змітра Бартосіка, Змітра Вайцюшкевіча, Андрэя Хадановіча, паэтычныя фестывалі, майстэрні, спектаклі, адкрыліся шматлікія гурткі, бібліятэка.[5] Быў выдадзены гід «Вільня фальклёрная».
Зборы
правіцьЗборы сучаснага ВБМ імя І. Луцкевіча захоўваюць:
- Асабістыя дакументы і рэчы віленскіх беларускіх дзеячаў, асабістыя рэчы віленскіх беларусаў ад пачатку ХХ ст., асабістыя дакументы ад 1904 г., мэблю віленскіх беларускіх дзеячаў (буфеты, камода, канапа, шафа, стол, крэслы) ад канца XIX ст.
- Эпісталярны фонд, ліставанне з фронту Першай сусветнай вайны, з са сталінскіх лагераў, асабістая перапіска беларускіх дзеячаў з міжваеннага часу да позніх савецкіх гадоў.
- Этнаграфічныя запіскі ХХ ст. Вышыванкі 1920-30-х, а таксама зробленыя ў сталінскіх лагерах, тканыя рушнікі пачатку ХХ ст., адзін саматканы рушнік з калекцыі старога Беларускага музея, саматканую вопратку пач. ХХ ст. Касеты з аўдыё і відэа запісамі інтэрв’ю з віленскімі беларусамі.
- Літаратурныя пераклады Язэпа Шнаркевіча, зробленыя ў лукішскай турме ў 1927, рукапісы мемуараў беларускіх дзеячаў другой паловы ХХ ст.
- Фотаздымкі, у тым ліку здымкі віленскіх беларускіх арганізацыяй першай паловы ХХ ст., здымкі беларускіх дзеячаў з асабістых архіваў, фотаальбомы беларускіх дзеячаў.
- Беларускія кнігі, выдадзеныя ў Вільні, а таксама ў Коўні, Менску і Санкт-Пецярбургу ў пачатку ХХ ст., мастацкую і навуковую літаратуру, падручнікі, беларускія газеты, выдадзеныя ў Вільні і Менску ў 1910—1944 гг., кнігі на розных мовах канца ХІХ ст., малітоўнікі 1930-х, 1944 г.
- Паштоўкі, календары ад 1920-х гг., карты Віленскага краю і ваколіц 1915, 1930, 1942 гг. Вучнёўскія сшыткі Віленскай беларускай гімназіі 1927 г.
- Жывапіс і малюнкі Пётры Сергіевіча, карціны іншых беларускіх мастакоў 1970—2000 гг., абразы пачатку ХХ ст.
- Архіў недзяржаўных мінскіх беларускіх арганізацый канца 1980-х гг., самвыдатныя мінскія газеты канца 1980-х гг., архіў жнівеньскіх падзей у Беларусі, які музею перадала рэдакцыя «Нашай нівы», каля 1500 здымкаў і відэаматэрыялаў за 2020—2022 гг.
Пры музеі ёсць бібліятэка мастацкай, краязнаўчай, гістарычнай літаратуры ад савецкага перыяду да сучаснага, якая змяшчае больш за 3000 асобнікаў па-беларуску і пра Беларусь[6]. Выданні ўнесены ў электронны каталог[7].
Зноскі
- ↑ Віленскі Музэй. Заархіваваная версія старонкі, 06.02.2003.
- ↑ Сцепаненка П. Людвіка Кардзіс спрабуе адрадзіць Беларускі музей у сучаснай Вільні Архівавана 27 сакавіка 2022. // Беларускае Радыё Рацыя
- ↑ «Чаму воля — гэта жанчына». У Вільні адкрываецца выстава, прысвечаная пратэстам у Беларусі // Наша ніва, 04.08.2021
- ↑ 215 на дваіх: у Вільні адзначылі адразу два дні народзінаў // Рацыя, 20.11.2021(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 20 ліпеня 2022. Праверана 20 ліпеня 2022.
- ↑ Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча: беларускае адраджэнне, вайна ва Украіне і пошукі ідэнтычнасці // Будзьма, 04.04.2022
- ↑ Бібліятэка пры Віленскім беларускім музэі . Цэнтар беларускай супольнасьці й культуры ў Вільні (26 студзеня 2022). Праверана 13 верасня 2023.
- ↑ Librarika: Lutskevich Museum Library . vbmbiblio.librarika.com. Праверана 13 верасня 2023.