Віцебскі балет Піёна
Віцебскі балет Піёна — трупа, якая працавала ў 1845—47 гг. у Віцебску, створана балетмайстрам М. Піёнам.
Будынак
правіцьДа адкрыцця мясцовага тэатра балет выступаў у губернатарскім палацы, парку «Тывалі», будынку гарадской гімназіі.
23 снежня 1845 года адкрыўся ўласны будынак тэатру, створаны паводле праекта архітэктара М. Чарвінскага[1].
Тэатр меў паўкруглую форму залы. Гэтую форму стварала задняя драўляная сцяна ложаў. Столь над залай была плоская і апіралася на драўляныя бэлькі[1].
Трупа
правіцьУ асноўным складзе трупы былі браты У. і А. Рыёны, муж і жонка Кос, Царова, Я. Чаховіч, а таксама кардэбалет з прыгонных сялян, адпушчаных у горад, і некалькіх запрошаных артыстаў.
Суправаджаў спектаклі мясцовы аркестр пад кіраўніцтвам скрыпача-віртуоза Г. П. Ягемана (Ягнова).
Рэпертуар
правіцьСучаснікі адзначалі высокі ўзровень спектакляў, лепшыя з якіх вылучаліся сапраўдным адзінствам харэаграфіі і музычнай драматургіі.
У рэпертуары пастаўленыя ім балеты: «Вяселле ў Айцове» К. Курпінскага і Ю. Дамсэ, «Дзве статуі» Ю. Эльснера, «Швейцарская малочніца » А. Гіровеца і М. Э. Карафа ды Калабрана , «Чарадзейная флейта, або Танцоўшчыкі паняволі» Маковеца, «Антыкварыус, або Баль у касцюмах», «Мімілья, або Штарыйцы», «Заручыны», «Тэатраманія, або Свавольствы кахання». Усе гэтыя балеты былі па сутнасці традыцыйнымі дывертысментамі з простым сюжэтам, у якія ўводзіліся народныя танцы, куплеты, «жывыя карціны», класічныя па і інш.
Зноскі
- ↑ а б АРХІТЭКТУРА ТЭАТРАЎ Архівавана 18 кастрычніка 2021.
Літаратура
правіць- Г. І. Барышаў. Віцебскі балет Піёна // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 4. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4).
- Витебский балет Пиона // Республика Беларусь : энциклопедия / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. — Мн., 2006. — Т. 2. — С. 705—706.