Вішчынскі манетна-рэчавы скарб

(Пасля перасылкі з Вішчынскі скарб)

Вішчынскі манетна-рэчавы скарб — адзін з найбольш выдатных па сваёй мастацкай каштоўнасці скарбаў на тэрыторыі Беларусі, знойдзены ў 1979 г. каля в. Вішчын (Рагачоўскі раён) падчас даследавання крапасной сцяны гарадзішча Вішчын у 1976—1984 гг. Э. М. Загарульскім.

Вішчынскі манетна-рэчавы скарб

Скарб агульнай вагой каля 2 кг быў схаваны ў час аблогі Вішчынскага замка ў сяр. XIII ст. на глыбыні 18 см. Зберагаецца ў нумізматычнай экспазіцыі лабараторыі музейнай справы гістарычнага факультэта БДУ.

Вішчынскі манетна-рэчавы скарб 37 адзінак, складаецца з рэчавай і грашовай частак. Першая прадстаўлена жаночымі ўпрыгажэннямі, сярод якіх 2 колты з выявамі птушак на шчытках, выкананых у тэхніцы перагародчатай эмалі; зоркавы 6-прамянёвы колт з зерню і колт з ажурным краем і выявамі 2 птушак і крына; фрагменты караляў з 3 авальных сярэбраных пацерак і 4 крынападобных падвесак; фрагменты расен — ланцужкоў з ціснёных калодачак-паўцыліндрыкаў, на якіх падвешваліся колты; 2 падвескі з кананічнымі верхавінкамі і прымацаванымі да іх ланцужкамі з круглымі бляшкамі са скразнымі адтулінамі, упрыгожаныя сканню і зерню, апраўленыя дробнымі кольцамі; масіўны бранзалет, скручаны з 3 жгутоў з канцамі ў выглядзе стылізаваных галовак змей; 2-створкавы пласціністы бранзалет з раслінным арнаментам і гравіраванымі выявамі птушак. Усе рэчы выраблены з высокаякаснага серабра, колты з эмалямі, крыжападобныя падвескі, пацеркі і пласціністы бранзалет залачоныя.

Грашовая частка складаецца з сярэбраных зліткаў-грыўняў  (руск.): 6 — кіеўскага, 2 — наўгародскага, 8 — цэлых і 2 абрубкі літоўскіх тыпаў. Рэчы маюць дакладныя аналагі ў скарбах, зарытых падчас татара-мангольскага нашэсця і датуюцца другой паловай ХІІ — першай трэццю ХІІІ стст. Знаходка свінцовай пячаткі Мсціслава Расціславіча Храбрага  (руск.) сведчыць пра сувязь замка з дынастыяй смаленскіх князёў.

Літаратура правіць

  • Археалогія Беларусі. Энцыклапедыя ў двух тамах. 1 том. Мінск: «Беларуская энцыклапедыя» імя Патруся Броўкі, 2009. ст.189

Спасылкі правіць