Мангола-татарскае нашэсце на Русь
Мангола-татарскае нашэсце або мангольскае нашэсце на Русь — падзеі XIII—XIV стст. на землях старажытнай Кіеўскай дзяржавы (Русі), якія значна змянілі іх агульны і дзяржаўны лад, а значная частка ўдзельных княстваў Рурыкавічаў была падпарадкавана Мангольскай імперыі, самай вялікай дзяржаве тагачаснага свету.
Мангола-татарскае нашэсце на Русь | |
---|---|
Краіна | |
Месцазнаходжанне | |
Дата | 1237 |
Дата пачатку | 1223 |
Дата заканчэння | 1240 |
З'яўляецца непасрэднай прычынай | мангола-татарскае іга[d] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
На працягу зімы 1237—1238 гадоў войскі Мангольскай імперыі заваявала Разанскае і Уладзіміра-Суздальскае княства, а пасля і ўсе паўночна-ўсходнія землі Русі. У 1239 годзе манголы авалодалі Пераяславам і Чарнігавам, а ў 1240 годзе штурмам здабылі Кіеў, які значна пацярпеў. А ў наступны 1241 год былі заваяваны Галіцкая і Валынская зямля.
Заваяванне Русі войскамі хана Батыя стала магчымым дзякуючы шматразовай перавазе войск манголаў, а таксама размежаванасці княстваў, непадрыхтаванасці большасці гарадоў да абароны. Нашэсце прынесла вялізныя страты насельніцтву Русі, адкінула развіццё Русі на некалькі стагоддзяў назад. У большасці княстваў усталявалася мангольскае іга, якое закансервавала феадальную раздробленасць.
Наступствы нашэсця былі катастрафічнымі для гарадоў Русі, з 74 вядомых гарадоў, 49 былі спустошаны, з іх 14 не былі адноўлены, а 15 з часам ператварыліся ў вёскі. У першыя 50 гадоў мангольскага ўладарства не было пабудавана ніводнага новага горада, а дамангольскага ўзроўню каменнага будаўніцтва быў дасягнуты толькі праз сто гадоў. Здрахлеў шэраг рамесных спецыяльнасцяў, былі страчаны сакрэты вытворчасці ювелірных вырабаў (эмаль, зернь, чэрнь). Некаторыя раёны спусцелі, паўсюдна скараціліся пасяўныя плошчы, заняпаў гандаль. Мангола-татарскае нашэсце таксама прывяло да значных дэмаграфічных страт, загінулі многія прадстаўнікі арыстакратыі і грамадскай эліты.
Мангола-татарскае нашэсце на тэрыторыі Беларусі
правіцьБольшая частка тэрыторыі Беларусі не зведала мангола-татарскай навалы ў 1238—1241 гадах. Гісторыкі тлумачаць гэта рознымі прычынамі. Па адной версіі войска Батыя было моцна аслаблена барацьбой з паўночна-ўсходнімі рускімі княствамі, але пры гэтым пад Кіеў заваёўнікі прывялі значна большае войска, чым яно было пад Разанню. Другія сцвярджаюць, што захопнікі не хацелі ісці ў беларускія лясы і балоты пасля ўкраінскіх прастораў, але пасылалі на поўнач ад Прыпяці асобныя атрады. Але прымальнага тлумачэння, чаму мангола-татары фактычна абмінулі асноўную тэрыторыю Беларусі, няма.
Аднак паўднёвая частка Беларусі зведала мангольскае нашэсце. Пасля ўзяцця Уладзіміра-Валынскага і Галіча, манголы павярнулі на поўнач. Напэўна, тады быў разбураны і спалены Гомель. Пры археалагічных раскопках вызначна, што ўсе драўляныя пабудовы ў вакольным горадзе і на дзядзінцы загінулі ў вялікім пажары, у тым ліку зброевая майстэрня. У памяшканнях знойдзены схаваныя каштоўныя рэчы, за якімі іх уласнікі ўжо не вярнуліся. Наяўнасць у слаях разбурэння абарончага вала крэпасці тыповых мангола-татарскіх стрэл-зрэзняў пераконвае, што горад быў узяты мангола-татарамі штурмам пасля супраціўлення абаронцаў і зруйнаваны дашчэнту.
У Іпацьеўскім летапісе паведамляецца, што вясной 1241 года галіцка-валынскія князі Даніла і Васілька «прыбылі да Берасця і не змаглі яны выйсці на поле, бо быў смурод ад вельмі вялікай колькасці забітых». Выказваюць меркаванне, што горад быў спустошаны, а жыхары забіты.
Спазнала мангольскае нашэсце і Тураўскае княства разам з Падляшшам, куды манголы хана Батыя прыйшлі пасля захопу Кіева. Татары знішчылі абодва найстаражытнейшыя на Беларусі манастыры: жаночы Св. Варварын манастыр і Св. Барыса-Глебскі мужчынскі манастыр, які ніколі больш не дасягнуў велічы з часоў Кірылы Тураўскага. Згодна сінодзіку Варварынага манастыра, татары забілі ўсіх чарняцоў ды святароў. Сем’і тураўскіх баяр і князя схаваліся ў мураваным саборы на Замкавай гары, але татары разбурылі царкоўную браму, знішчылі маладзіц разам з дзецьмі ды зруйнавалі вялікі шасціслуповы трохапсідны храм. З гэтага часу епіскопія перанесена была ў Пінск. Пасля нашэсця ворагі пайшлі на суседні Давыд-Гарадок, які лёгка здабылі. Большасць войска на чале з Гаюкам рушыла на захад, дзе пасля злучэння з Батыем татары разрабавалі Бельск, а пасля далей праз Польшчу на Венгрыю ажно да Адрыятычнага мора.
Пра татараў захавалася шмат народных паданняў. Паводле аднаго з іх, войска на чале з Койданам рухалася на Менск. На шляху заваёўнікаў знаходзіўся горад Крутагор’е. Тут быццам адбылася бітва, у якой мангольскі военачальнік загінуў і з гэтай нагоды горад перайменавалі ў Койданава. Але больш дакладных звестак аб гэтай падзеі няма. Выклікаюць сумненне некаторыя паведамленні аб бітвах з татарамі (Койданава, Магільна), змешчаныя ў беларуска-літоўскіх летапісах.
Тым не менш, нягледзячы на разбурэнні, землі сучаснай Беларусі ў асноўным не былі падначалены мангола-татарамі і не падпарадкоўвалася Залатой Ардзе. У 1362 годзе войскі Вялікага Княства Літоўскага пад камандаванне вялікага Альгерда разбілі каля Сініх Водаў войскі трох татарскіх ханаў, а ўкраінскія землі перайшлі пад кантроль Вялікага Княства Літоўскага.