Гарбуз звычайны[1][2], Гарбуз[3][4][5], таксама Гарбуз цвердакоры[6] (Cucurbita pepo) — аднагадовая травяністая расліна сямейства Гарбузовыя (Cucurbitaceae), бахчавая культура.

Гарбуз звычайны

Агульны выгляд квітнеючай расліны
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Cucurbita pepo L., 1753


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  22373
NCBI  3663
EOL  584410
GRIN  t:12606
IPNI  292416-1
TPL  kew-2747186

Апісанне

правіць

Аднагадовая расліна з галінастым ляжачым сцяблом даўжынёй да 5 м і буйным апушаным лісцем, аднадомная, раздзельнаполая, перакрыжава-наапыляльная. Утварае моцную каранёвую сістэму, асноўная маса якой размешчана на глыбіні 30—40 см ад паверхні глебы. Сцябло граністае з вусікамі і калючым апушэннем, сцелецца, дае прыдаткавыя карані. Лісце 5-лопасцевае, з востраканцовымі лопасцевымі долямі, цёмна-зялёнае, з грубым шыпападобным апушэннем. Кветкі раэдзельнаполыя, адзіночныя, жоўта-аранжавыя, пялёсткі прамыя, завостраныя. Апыляецца насякомымі. Меданос.

 
Плады — гарбузіны

Плод — шматнасенная (несапраўдная) ягада, з тоўстай цвёрдай жоўта-аранжавай абалонкай, іншы раз з жоўта-зялёным малюнкам і мясістай аранжавай мякаццю. Утрымлівае шмат жалезаўтваральных пекцінавых рэчываў, 3—11 % цукроў, 6—8 % сухіх і 0,3—1 % азоцістых рэчываў, 0,05 % кіслот, 0,7—1,2 % клятчаткі. У пладах лепшых сартоў ад 16 да 50 мг% вітаміну А (караціну), солі калію, кальцыю, магнію, мікраэлементы. Насенне багатае алеем і бялкамі.

Выкарыстанне

правіць

Плады вараць, пякуць, з гарбуза гатуюць кашы (гл. гарбузянка), супы-пюрэ, марынады, сіропы, варэнне, цукаты, пякуць аладкі і г.д. Насенне — ласунак, утрымлівае да 40 % алею, да 28 % бялку. Яго выкарыстоўваюць і як лекавую сыравіну — парашок, эмульсія, адвар і кашка з яго ўжываюцца як глістагонныя прэпараты; яно ўваходзіць у склад прэпаратаў для лячэння нырак і мачавога пузыра. Мякаць гарбуза паляпшае работу страўнікава-кішачнага тракту, водны і салявы абмен, спрыяе жоўцевыдзяленню.

Агратэхніка

правіць

Вырошчваецца гарбуз насеннем або расадай. Вільгацялюбны, патрабавальны да святла і цяпла. Аптымальная тэмпература для росту і развіцця яго 28—30 °C, ён пераносіць спёку да 40 °C, але замаразкі для яго згубныя, таму насенне высяваюць або расаду высаджваюць, калі ўсталюецца цёплае надвор’е і верхні слой глебы прагрэецца да 12—13 °C. Папярэднікі гарбуза: капуста, памідоры, бульба, бабовыя, караняплоды. Лепш расце на цёплых супясчаных і лёгкіх сугліністых глебах, запраўленых гноем або кампостам. На прысядзібных участках гарбуз вырошчваюць з паўднёвага боку сцяны або плоту, каля кампоставых куч.

Насенне загортваюць у ямкі на адлегласці 80—100 см адна ад адной. Глеба вакол раслін павінна быць рыхлая і чыстая ад пустазелля. Пры ўтварэнні 3—4-га сапраўднага ліста галоўную плець прышчыпваюць, каб выклікаць плоданашэнне на бакавых плецях. 3 пачатку цвіцення расліны кожныя два тыдні падкормліваюць, лепш чаргаваць падкормкі мінеральнымі і арганічнымі ўгнаеннямі. Для больш ранняга і поўнага выспявання пладоў на адной расліне пакідаюць не больш як 3—4 плады. Верхавінкі плецяў з пладамі абразаюць так, каб над завяззю засталіся 2—3 лісты. Усе бясплодныя плеці сістэматычна выразаюць. Плеці і парасткі, што застаюцца, прышпільваюць да зямлі і прысыпаюць глебай, каб укараніліся.

Плады ў фазе поўнай спеласці ўбіраюць увосень, ва ўмеранай паласе перад замаразкамі. Іх зразаюць разам з пладаножкамі. Абламаныя пладаножкі і пашкоджаная скурка выклікаюць загніванне. Захоўваюць плады ў памяшканнях, аптымальная тэмпература 8—10 °C пры адноснай вільготнасці паветра 80—85 %. У гэтых умовах гарбуз можа праляжаць да новага ўраджаю. У працэсе захоўвання ў пладах змяншаецца колькасць сухіх рэчываў за кошт страты вугляводаў. На працягу першых 3-4 месяцаў адбываецца гідроліз крухмалу, што вядзе да павышэння цукру. У той жа час адбываецца біясінтэз караціноідаў. Потым крухмал цалкам гідралізуецца, зніжаецца колькасць караціну, мінеральных рэчываў.

Зноскі

  1. Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. — Мн.: «Наука и техника», 1967. — С. 43. — 160 с. — 2 350 экз.
  2. Назва Гарбуз звычайны згодна з Я. П. Шмярко, І. П. Мазан. Лекавыя расліны ў комплексным лячэнні. — Мн: Навука і тэхніка, 1989. — С. 388. — 399 с. — ISBN 5-343-00120-3.
  3. Federowski M. Lud Bialoruski na Rusi litewskiej. Krakow, I, 1897
  4. З. Верас. Беларуска-польска-расейска-лацінскі ботанічны слоўнік. — Вільня, Субач 2: Выданне газеты «Голас беларуса», Друкарня С. Бэкэра, 1924.
  5. Ганчарык М. М. Беларускія назвы раслін. Праца навуковага таварыства па вывучэнню Беларусі, т. II і IV. Горы-Горки, 1927
  6. Напісанне Гарбуз звычайны, Гарбуз цвердакоры ў адпаведнасці з БЭ ў 18 тамах., Т.5. Мн., 1997, С.55

Літаратура

правіць
  • Энцыклапедыя сельскага гаспадара. — Мн.: БелЭн, 1993.