Гаспітальеры
Гаспітальеры, Іааніты, Мальтыйскі ордэн (поўная назва — Суверэнны ваенны ордэн гаспітальераў Св. Яна Ерусалімскага, Родаса і Мальты[1]) — духоўна ваенны ордэн, створаны ў Іерусаліме ў пачатку XII ст. пасля першага крыжовага паходу.
Ордэн меў шэраг крэпасцяў у Сірыі і Палесціне і іграў вялікую ролю ў абароне ад мусульман. Валодаў значнымі землямі на Усходзе і ў Заходняй Еўропе, дзе ўсталёўваў ваенна-прыгонны рэжым для мясцовага насельніцтва.
У 1291 ордэн быў выцеснены туркамі з Іерусаліма, але захапіў астравы Кіпр і Родас, дзе і замацаваўся. У 1530 атрымаў у падарунак ад рымскага імператара востраў Мальту (адтуль і сённяшняя назва), яго рыцары-крыжакі абаранялі Міжземнае мора ад турак.
У час Вялікай Французскай рэвалюцыі мальтыйцы страцілі свой асяродак — Мальту. Спачатку востраў захапіў Напалеон, потым англічане. Гэтым скарыстаўся расійскі імператар Павел І. Ён запрасіў рыцараў у Расію і заключыў з імі саюз супраць турак і французаў.
На сённяшні час ордэн месціца ў Рыме.
Мальтыйскі Ордэн устанавіў дыпламатычныя дачыненні з больш як 100 краінамі свету і мае сваіх прадстаўнікоў у Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і Савеце Еўропы. З 1994 года мае статус сталага наглядальніка ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў[2].
4 красавіка 2008 года князем і вялікім магістрам Ордэна абралі Мэцью Фестынга[1].
Дачыненні з Беларуссю
правіцьПра ўсюдыіснасць і ўплывовасць гэтай арганізацыі сведчыць той факт, што камандорства ордэна гаспітальераў больш за два з паловай стагоддзі існавала ў Беларусі. Яго заснаваў з дазволу вялікага магістра мальтыйцаў нясвіжскі князь Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка ў сваім мястэчку Сталовічы[3], а пазнаёміўся з ордэнам пад час падарожжа ў Італію. У 1639 для ордэна быў пабудаваны касцёл, а потым кляштар. Тут згодна са статутам гаспітальераў, дзейнічаў шпіталь для бедных. Сталовіцкае камандорства існавала да 1868. Сёння Мальтыйскі ордэн неаднаразова прывозіў на Беларусь гуманітарную дапамогу ў асноўным лекі, паспрыяў у будаўніцтве новай бальніцы ў Жалудку, а таксама пасябраваў з мінскім Домам сяброўства.
10 красавіка 2008 года паслом Беларусі пры Ордэне па сумяшчальніцтве прызначаны Сяргей Алейнік[4].
Гл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ а б Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Фра’Мэцью Фестынга з выбраннем Вялікім магістрам Мальтыйскага ордэна// Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 4 красавіка 2008
- ↑ Аліна Грышкевіч. Мальтыйскі Ордэн аказаў Беларусі дапамогу ў мінімізацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС на больш як 7 млн еўра// Беларускае тэлеграфнае агенцтва. 30 лістапада 2007
- ↑ Беларускі гістарычны агляд.
- ↑ Сяргей Алейнік назначаны паслом Беларусі пры Святым Прастоле і Суверэнным Ваенным Ордэне Гаспітальераў// Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 11 красавіка 2008
Літаратура
правіць- Беларусь-Бельгія: Грамадска-культурнае ўзаемадзеянне: Матэрыялы міжнар. «круглага стала», Мінск, 2001 / Рэдкал.: А. Мальдзіс і інш. - Мн.:"Беларускі кнігазбор", 2002.- С. 240. ISBN 985-6638-68-2.
Спасылкі
правіць- Афіцыйны сайт Ордэна (італ.) (англ.) (ісп.) (фр.) (ням.)