Геалогія Антарктыды
Большая частка Антарктыды — Антарктычная платформа, астатняя належыць да антарктычнага складкавага пояса, які з’яўляецца працягам Андаў. Антарктыда — тэктанічна спакойны мацярык з малой сейсмічнай актыўнасцю.
Трансантарктычныя горы ўздоўж разломаў ад мора Уэдэла да мора Роса перасякаюць амаль увесь мацярык і падзяляюць Антарктыду на дзве часткі — Усходнюю і Заходнюю, — якія маюць рознае паходжанне і геалагічную будову.
Карысныя выкапні: каменны вугаль, жалезныя, медныя і свінцовыя руды; знойдзены мінералы з утрыманнем брому, волава, марганцу, малібдэну, радовішчы графіту і інш. Ёсць сляды нафты, алмазаў і інш.
Геалагічная будова Усходняй Антарктыды
правіцьУсходняя Антарктыда прадстаўляе сабой старажытную дакембрыйскую кантынентальную Антарктычную платформу (кратон), падобную на платформ Індыі, Бразіліі, Афрыкі і Аўстраліі, якія ўтварыліся пры распадзе суперкантынента Гандваны. Узрост парод крышталічнага фундамента складае 2,5—2,8 млрд гадоў, самыя старажытныя пароды Зямлі Эндэрбі — звыш 3 млрд гадоў.
Фундамент пакрыты больш маладым асадачным чахлом, які сфарміраваўся 350—190 млн гадоў назад, у асноўным марскога паходжання. У слаях з узростам 320—280 млн гадоў прысутнічаюць ледавіковыя адклады, аднак больш маладыя гарызонты ўтрымліваюць рэшткі раслін і жывёл, у тым ліку іхтыязаўраў і дыназаўраў, што сведчыць аб моцным адрозненні клімату таго часу ад сучаснага. Знаходкі цеплалюбівых паўзуноў і папаратнікавай флоры былі зроблены яшчэ першымі даследчыкамі Антарктыды, і паслужылі адным з доказаў маштабных гарызантальных рухаў пліт, што пацвердзіла канцэпцыю тэктонікі пліт.
Геалагічная будова Заходняй Антарктыды
правіцьЗаходняя Антарктыда з’яўляецца больш маладой і расчлененай вобласцю, якая ўтварылася на працягу апошніх 500 млн гадоў дадаваннем да Антарктычнай пліты дробных кантынентальных фрагментаў-мікрапліт.
Заходне-Антарктычная складкавая вобласць — сістэма рознаўзроставых гор, пласкагор’яў і дэпрэсій. Уключае горы Антарктычнага паўвострава і прылеглых прыбярэжных астравоў, горы Элсуэрт, пласкагор’і Зямлі Мэры Бэрд, вулканічны пояс прыбярэжнай часткі і дэпрэсіі мораў Уэдэла і Роса.
Горы Антарктычнага паўвострава даўжынёй каля 1200 км, шырынёй да 200 км, вышынёй да 4191 м (г. Джэксан) складзены з гнейсаў, амфібалітаў, граўвакава-сланцавых і пясчана-аргілітавых парод з праслоямі вулканітаў (магутнасцю больш за 15 км). Усе адклады прарваны інтрузіямі гранітоідаў; выразны уплыў грэнвільскай, байкала-каледонскай, герцынскай, кембрыйскай і альпійскай эпох складовасці.
Горы Элсуэрт даўжынёй больш за 400 км, найбольшай вышынёй 5140 м (масіў Вінсан). Складзены з карбанатна-тэрыгенных і вапняковых парод (магутнасць больш за 12 км); уплыў каледонскай і герцынскай эпох складкавасці.
Паміж гарамі Элсуэрт і морам Роса ляжыць Зямля Мэры Бэрд — пласкагор’е (плошча 500 тыс. км²) з вяршынямі больш за 3000 м і глыбокімі ўпадзінамі, найбольшая глыбіня да 2555 м, дно гэтай упадзіны ніжэй узроўню мора. Прыбярэжны раён Зямлі Мэры Бэрд — вулканічнае плато, укрытае ледзяным панцырам, з конусамі патухлых вулканаў; найбольшая вышыня 4181 м (г. Сіплі). Плато складзена з алівінавых базальтаў, трахітаў і інш. у альпійскую эпоху складкавасці.
Дэпрэсіі мораў Уэдэла і Роса адносяцца да альпійскага перадгорнага прагіну-жолаба. Ва ўпадзіне мора Роса асадкавыя пароды магутнасцю больш за 3 км.
Літаратура
правіць- Р. Р. Паўлавец. Заходне-Антарктычная складкавая вобласць // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).
Геалогія Антарктыды на Вікісховішчы |