Гервяцкі край (літ.: Gervėčių kraštas) — абшар кампактнага пражывання аўтахтоннага літоўскамоўнага насельніцтва на левабярэжжы Віліі ў цяперашнім Астравецкім раёне Беларусі, дзе захоўваецца жывая літоўская мова.

Абазначэнне правіць

У Літве прынятая назва «Гервяцкі край» — дзейнічае афіцыйны «Фонд падтрымкі Гервяцкага краю»[1], а таксама неафіцыйны «Клуб выхадцаў з Гервяцкага краю»[2].

У асяроддзі саміх літоўскамоўных жыхароў Гервяцкага краю для абазначэння сваёй мясціны бытуе слова krūgelis (беларусізм ад «круг», літаральна «кружок»)[3].

У 2013 годзе ў Вільні выдана кніга «Гервяцкая Літва», аўтары — этнограф С. Матулявічэне, гісторык В. Вайткявічус і фатограф А. Бальценас. У кнізе абагульнены вядомыя раней звесткі пра Гервяцкі край, а таксама асветлены вынікі комплекснай экспедыцыі ў 2010—2011 гадах.

Насельніцтва правіць

Знаходзіцца ў ваколіцах Гервят, раней абшар ахопліваў 40 вёсак, цяпер іх налічваюць 14-15 — Гайголі, Гальчуны, Гелюны, Гіры, Гудзянікі, Керплашына, Кністушкі, Міцюны, Мільцеі, Мацкі, Пелягрында, Петрыкі, Рымдзюны, Зарэчча.

Паводле перапісаў 2-й паловы ХХ стагоддзя, у 1970 годзе літоўцамі ў Гервяцкім краі назваліся 2120 чалавек, у 1979 годзе — 1655, у 1985 годзе — 1312 (што складала 63 % ад жыхароў агулам), у 1992 годзе — 1080 чалавек[4].

Старажытная спадчына правіць

 
Святы камень з ямкамі каля Карэйвішак.

Пагорак на правым беразе Ашмянкі каля вёскі Зарэчча, насупраць упадзення Лошы, мясцовыя літоўскамоўныя жыхары называюць «Вяльнё пейліс» (з літоўскай — «Чортаў нож»), запісана, што тут бачылі зданяў. Брод праз рэчку Лошу паміж Гальчунамі і Мацкамі — «Вяльнё цілтас» (з літоўскай — «Чортаў мост»).

 
Гарадзішча «Замак» у Вялікіх Яцынах.

У ельніку каля вёскі Карэйвішкі знаходзіцца сакральны камень з ямкамі, а за паўтара кіламетры ад яго на ўсход, каля вёскі Гайголі — другі святы камень. Археолаг В. Вайткявічус датуе пачатак іх ушанавання часамі бронзавага — ранняга жалезнага веку. Паводле мясцовага падання, пад Карэйвішскім каменем схавана французскае золата. Пра Гайгольскі камень кажуць, што вада, сабраная з яго ямак у Купальскую ноч, мае надзвычайную лекавую сілу.

Часамі культуры штрыхаванай керамікі (ІІ тыс. да н.э. — 3 ст. н.э.) датуецца гарадзішча ў Вялікіх Яцынах на левым беразе Ашмянкі, якое мясцовыя жыхары называюць «Замак»[5].

У Пелегрындзе да 1930-х гадоў жыў вядомы чараўнік, знахар Шымуціс. Падчас этнаграфічных экспедыцый 1970-х гадоў пра яго было сабрана шмат аповедаў. Сваіх ведаў Шымуціс нікому не перадаў[6].

Культура правіць

Найбуйнейшыя экспедыцыі ў Гервяцкі край літоўскіх мовазнаўцаў і этнографаў прайшлі ў 1970 і 1992 годзе[7].

У 1997 годзе ў Вільні выдадзеная кніга «Гервяцкія казкі»[8], а агулам падчас этнаграфічных экспедыцый тут запісана больш за 660 літоўскіх казак.

Асвета правіць

У міжваенны час у 11 вёсках Гервяцкага краю дзейнічалі пачатковыя школы літоўскага асветніцкага таварыства Віленскага краю «Рытас».

 
Літоўскі культурны, асветны і інфармацыйны цэнтр

У 1994 годзе за сродкі Літоўскай Рэспублікі ў Рымдзюнах быў пабудаваны Літоўскі культурны, асветны і інфармацыйны цэнтр. У ім была заснаваная Рымдзюнская літоўская сярэдняя школа, дзейнічаў дзіцячы садок, інтэрнат для навучэнцаў і настаўнікаў (некаторыя настаўнікі ездзілі з Літвы).

Перад 2022/2023 вучэбным годам літоўская школа ў Пелясе закрыта ўладамі, афіцыйна за парушэнне правіл пажарнай бяспекі, а Рымдзюнская школа пераведзена на рускую або беларускую мову выкладання.[9]

Мова правіць

Літоўская гаворка жыхароў Гервяцкага краю з’яўляецца аўкштойцкай усходнядзуцкай. Першым літоўскую гаворку Гервяцкага краю апісаў эстонскі мовазнаўца Петэр Арума ў выдадзенай у Тарту ў 1930 г. кнізе «Litauische mundartliche Texte aus der Wilnaer Gegend» (Літоўскія прастамоўныя тэксты з Віленскага краю). Найбольш вычарпальна гервяцкую гаворку апісала літоўскі мовазнавец Ядвіга Кардзяліце ў кнізе «Гервяцкая гаворка» (літ.: Gervėčių tarmė), выданай у Вільні ў 1975 годзе.

Праз працяглую ізаляцыю ад астатняга літоўскамоўнага масіву тут захавалася багата архаізмаў. Напрыклад, тут ужываюцца чатыры формы меснага склону. У іх ліку два — такія, якія засведчаныя ў літоўскіх пісаных творах XVI—XVII ст., але на сёння зніклі ў астатняй літоўскай мове. Гэта алатыў і адэсіў — адзін паказвае кірунак да аб’екта, другі пазначае знаходжанне каля аб’екта (miškas «лес», miškop «у бок лесу», miškiepi «каля лесу»).

Зноскі

  1. GERVĖČIŲ KRAŠTO RĖMIMO FONDAS - Fondai | LR Valstybė. www.lrvalstybe.lt. Праверана 23 жніўня 2023.
  2. GERVĖČIŲ KRAŠTO IŠEIVIŲ KLUBAS | Facebook . www.facebook.com. Праверана 23 жніўня 2023.
  3. V. Vaitkevičius. Gervėčių sala istorijos tėkmėje // Liaudies kultūra. 2011. Nr. 5 (140). С. 20.
  4. Gervėčių pasakos. Vilnius, 1997. C. 20.
  5. V. Vaitkevičius. Gervėčių sala istorijos tėkmėje // Liaudies kultūra. 2011. Nr. 5 (140). С. 19.
  6. S. Matulevičienė. Lietuviška Gervėčių sala Baltarusijoje: 2011 metų tyrimai // Tautosakos darbai XLII. С. 328.
  7. http://www.gerveciai.lt/index.php?id1=Gerv%C4%97%C4%8Di%C5%B3+kra%C5%A1tas&id2=Kalba
  8. Gervėčių pasakos. Vilnius, 1997. https://www.pasakanepasaka.lt/wp-content/uploads/2018/02/Gerv%C4%97%C4%8Di%C5%B3-Pasakos.pdf
  9. Монополия на знания. Почему в РБ закрывают частные школы? – DW – 29.09.2022 (руск.). dw.com. Праверана 23 жніўня 2023.

Гл. таксама правіць

Спасылкі правіць