Гродзенская гарадская электрастанцыя
Гродзенская гарадская электрастанцыя (Гродзенская ЦЭЦ, ЦЭЦ-1, Цэнтральная кацельная) — цеплавая электрычная станцыя, якая працавала ў Гродне з 1912 да 1986 года. Яе будынак знеслі ў 2009 годзе.
Славутасць | |
Гродзенская гарадская электрастанцыя | |
---|---|
Краіна | |
Месцазнаходжанне | |
Дата заснавання | 12 (25) снежня 1912 |
Электрычнасць у Гродне да запуску гарадской электрастанцыі
правіцьУпершыню электраэнергію ў Гродне выкарысталі на шоўкапрадзільнай фабрыцы Гуга Роднера ў маёнтку Фолюш у 1899 годзе. Там выкарыстоўвалі дынама-машыну пастаяннага току напружаннем 110 вольт з паравым прывадам для асвятлення нагрузкай 73 амперы[1]. У пачатку XX стагоддзя невялікія электрастанцыі пастаяннага току ўсталёўваліся і ў іншых фабрыках у Гродне і Гродзенскай губерні.
Гісторыя
правіцьПланы будаўніцтва
правіцьУ лістападзе 1898 года Гродзенская гарадская дума стварыла камісію па пытанні будаўніцтва першай электрастанцыі ў горадзе. На той момант гарадскія вуліцы асвятлялі каля 200 спіртавых ліхтароў, якія былі цьмянымі і не вельмі эфектыўна асвятлялі начныя вуліцы[2].
У 1901 годзе ўлады Гродна накіравалі прапановы будаўніцтва станцыі ў 17 розных фірм як Расійскай імперыі, так і замежжа. Адна з фірм мела пабудаваць у горадзе першую электрастанцыю. Былі таксама апублікаваны аб’явы пра пошук падрадчыка ў мясцовай газеце «Новое время». Але справа не зрушылася з месца[3].
У 1909 годзе інжынеры В. Бук і А. Дзержаноўскі, а таксама купец В. Іонес намагаліся атрымаць дазвол на будаўніцтва электрастанцыі, але атрымалі адмову. У сакавіку таго ж года кіраўніцтва горада стварыла новую камісію, якая павінна была дакладна даследаваць патрэбы горада ў электрычным току. На той момант жаданне правесці электрычнасць у дом ці на месца працы выказалі 116 чалавек[4].
Першыя гады
правіцьБудаўніцтва пачалося, нягледзячы на невялікі попыт. Электрастанцыю вырашылі размясціць на вуліцы Аляксандраўскай (сёння Будзёнага), побач са скрыжаваннем з вуліцай Новай (сёння Студэнцкай)[5]. Месца выбралі недалёка ад чыгуначнага вакзала, каб зрабіць больш зручнай дастаўку на станцыю паліва[6].
Будаўніцтвам станцыі займаўся падрадчык М. Салавейчык. Працы скончаны ў пачатку ліпеня 1912 года. Першы ток станцыя дала 12 снежня 1912 года. На ёй працавала два дызельныя рухавікі на 80 і 120 конскіх сіл, набытыя ў віленскай фірмы «Гушча і Маліноўскі», якія маглі адначасова сілкаваць 120 вулічных электрычных ліхтароў і 8000 лямпачак абанентаў[7].
Заяў на падключэнне электрычнасці прыйшло нашмат больш, чым магла спачатку забяспечыць станцыя. Некаторым заяўнікам давялося часова адмаўляць. Іншыя, дзякуючы сувязям з работнікамі станцыі, падключаліся да сеткі нелегальна[7]. За год колькасць абанентаў вырасла да 500 і на станцыі трэба было ўсталяваць яшчэ два рухавікі. З’яўленне электрычнасці прывяло да таго, што гарадскія ўлады нават разглядалі магчымасць пабудаваць трамвайную лінію ад блізкага да станцыі чыгуначнага вакзала да параходнай прыстані на Нёмане. Такую магчымасць разглядалі і пазней, у 1928 годзе, але ў выніку адмовіліся ад яе[8].
Станцыя неўзабаве стала месцам, куды пачалі вадзіць экскурсіі для зацікаўленых асоб: студэнтаў Аляксандраўскага рамеснага вучылішча і салдат-тэлеграфістаў сапёрнага батальёна[7].
Станцыя ў Першую сусветную вайну
правіцьНапярэдадні Першай сусветнай вайны электрастанцыя забяспечвала працу 12 000 лямпачак у дамах і 65 вулічны ліхтароў[3]. У час вайны яна была моцна пашкоджана. Расійскія войскі, якія сыходзілі з Гродна восенню 1915 года, узарвалі адзін з рухавікоў. Немцы ў сваю чаргу дэмантавалі ўсе медныя дэталі і так актыўна выкарыстоўвалі станцыю, што праз некалькі гадоў яны была ў стане абслугоўваць толькі вайсковыя аб’екты, а гродзенцам прыйшлося вярнуцца да керасінавых лямпаў[9].
Станцыя ў міжваенны час
правіцьУ 1919 годзе польскія ўлады перанялі электрастанцыю. Бюджэт горада быў яшчэ бедны і толькі ў кастрычніку 1922 года гарадскія ўлады ўзялі крэдыт у памеры 75 450 шведскіх кронаў, за які набылі ў фірме «Атлас Дызель» новы рухавік. У студзені 1923 года скончылася аднаўленне будынка станцыі[9]. У той час да гарадской электрастанцыі былі падключаны 541 жылы дом і 461 вонкавых свяцільнікаў[1].
У 1927 пачалося пашырэнне станцыі: да існуючай машыннай залы прыбудавалі кацельню з двума катламі паводле англійскай тэхналогіі, пабудавалі 17-метровы комін. Палівам быў вугаль з Сілезіі. Яго падавалі ваганеткамі па вузкакалейцы, а качагары загружалі яго далей уручную ў бункеры катлоў. Электрастанцыя мела склад, куды вугаль прывозілі на чыгуначных вагонах. У ім магло змясціцца да 150 тон вугалю — гэтага хапала станцыі на 6-7 дзён працы[6].
Агулам рэканструкцыя электрастанцыі працягвалася ў 1927-32 гадах, у яе ходзе былі ўсталяваныя новыя паравыя турбіны, генератары пераменнага току, у выніку чаго станцыя была ў стане даць у два разы больш энергіі, чым патрабаваў горад. У 1937 годзе горад урачыста адсвяткаваў 25-годдзе станцыі, супрацоўнікам выплацілі прэміі і ўручылі ўзнагароды[9].
Станцыя ў час Другой сусветнай вайны
правіцьУ 1939 годзе гарадскія ўлады падпісалі дамову з фірмай «Bobków-Zieleniewski» з Сасноўца на пастаўку новага катла і з шведскай фірмай «Stal» на пастаўку новай турбіны. Планы па чарговай рэканструкцыі электрастанцыі перакрэсліў пачатак Другой сусветнай вайны. Новая савецкая ўлада таксама бачыла патрэбу рэканструкцыі станцыі, бо электрычнасцю неабходна было забяспечыць шмат дзяржаўных устаноў і прамысловасць. Асноўнымі карыстальнікамі электраэнергіі былі тады тытунёвая, мэблевая, фанерная фабрыкі, піўзавод, малочны камбінат, чыгуначнае дэпо і вакзал, мясакабінат, вайсковыя часткі, кінатэатры, шпіталі. Праект рэканструкцыі быў распрацаваны ў 1940 годзе, але не здзейсніўся праз напад Германіі на СССР. Пакідаючы Гродна, нямецкія войскі моцна знішчылі электрастанцыю. Яе адбудоўвалі ў 1944 годзе ў тым ліку будатрады гродзенскага педінстытута, у тым ліку тагачасны студэнт, будучы знакаміты пісьменнік Аляксей Карпюк[10].
Станцыя ў пасляваенны час
правіцьЭлектрастанцыю ўвялі ў эксплуатацыю пасля дзесяці месяцаў складаных аднаўленчых работ 28 красавіка 1945 года. Рамонт ускладняўся праз тое, што савецкая прамысловасць не выпускала запчастак для імпартнага абсталявання, якое было ўсталявана на станцыі.
У 1949—1958 гадах магутнасць Гродзенскай гарадской электрастанцыі ўзрасла з 5,3 МВт да 14,55 МВт[1].
З 1 ліпеня 1957 года Гродзенская гарадская электрастанцыя была перайменавана ў Гродзенскую ЦЭЦ.[6]
У студзені 1965 года было прынята рашэнне будаваць у Гродне новую ЦЭЦ, магутнасці якой былі патрэбныя перад усім для азотна-тукавага камбіната. Гродзенская ЦЭЦ-2 пачала працу ў жніўні 1970 года[1]. Старая станцыя атрымала тады афіцыйную назву ЦЭЦ-1.
У 1986 годзе з-за фізічнага і маральнага зносу на станцыі дэмантавалі апошнюю цеплафікацыйную турбіну і турбагенератар, пасля чаго перайменавалі Гродзенскую ЦЭЦ-1 у Цэнтральную кацельную. Яе цеплавая магутнасць складала 120 Гкал/гадзіну і заставалася нязменнай да 2000 года[6].
Знішчэнне
правіцьУ 2005 годзе адмыслоўцы з Мінска дэмантавалі комін станцыі вышынёй 60 метраў і індывідуальны металічны комін катла вышынёй 55 метраў. У студзені 2009 года супрацоўнікі МНС перакрылі рух на вуліцы Будзёнага і ўзарвалі будынак электрастанцыі[6].
Адзіным напамінам пра першую гродзенскую электрастанцыю засталася невялікая падстанцыя на левым беразе Нёмана, каля былога басейна «Лазурны»[4].
Будучыня пляцоўкі
правіцьНа месцы зруйнаванай электрастанцыі з 2009 года знаходзіцца пустыр. Пад’езд да яго з 1949 года з боку вуліцы Студэнцкай быў зачынены ў выніку пасляваеннага пашырэння станцыі[11]. Зараз пустыр адкрыты і не агароджаны. У 2016—2017 гадах старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой сцвярджаў, што на месцы станцыі пабудуюць гатэль Ibis французскай сеткі Accor hotels[12]. У 2019 годзе адбываліся грамадскія абмеркаванні па магчымым будаўніцтве на гэтым месцы гандлёвага цэнтра[13].
У жніўні 2023 пляцоўку на месцы былой электрастанцыі запланавалі выставіць на аўкцыён. Гарадскія ўлады плануюць, што інвестар пабудуе там офісны або гандлёвы цэнтр[14].
Крыніцы
правіць- ↑ а б в г Краткая справка по истории развития энергетики на Гродненщине(недаступная спасылка). РУП «Гродноэнерго». Архівавана з першакрыніцы 22 студзеня 2022. Праверана 30 жніўня 2023.
- ↑ Калі і дзе дакладна ўпершыню ў Гродне выкарысталі электрычнасць? . Hrodna 11:27. Праверана 30 жніўня 2023.
- ↑ а б 12 000 лампочек, первая экскурсия на электростанцию и «свет» по расписанию. Как в Гродно появилось электричество? . РУП «Гродноэнерго» (7 ліпеня 2023).(недаступная спасылка)
- ↑ а б Сто гадоў з электрычнай лямпачкай, альбо Як у Гродне хацелi пусцiць трамвай (руск.) . Вечерний Гродно (15 мая 2013). Праверана 30 жніўня 2023.
- ↑ Вуліца Студэнцкая перастане быць тупіковай: чаму гэта вельмі добра для гродзенцаў і турыстаў . Hrodna.life (30 жніўня 2023). Праверана 30 жніўня 2023.
- ↑ а б в г д Не дотянула три года до векового юбилея: история первой Гродненской городской электростанции — Блог Гродно s13 (руск.). s13.ru. Праверана 30 жніўня 2023.
- ↑ а б в Денис Тарасюк. Огни старого города: как в Гродно пришло электричество (руск.) . Вечерний Гродно (6 снежня 2020). Праверана 31 жніўня 2023.
- ↑ Трамваі ў Гродне маглі з’явіцца раней за аўтобусы: як развіваўся гродзенскі грамадскі транспарт . Hrodna.life (30 жніўня 2023). Праверана 30 жніўня 2023.
- ↑ а б в Andrej Waszkiewicz. Smak starego Grodna. — Grodno: JurSaPrint, 2018. — С. 122. — 182 с.
- ↑ Андрэй Вашкевіч. На гродзенскім бруку. — Гродна: ЮрСаПринт, 2012. — С. 63—71. — 100 с.
- ↑ Забытыя мясціны Гродна. Школа павівальных бабак, якую “з’еў” Гроднаэнерга – Твой стыль (21 студзеня 2016). Праверана 30 жніўня 2023.
- ↑ Дзве гасцініцы пачнуць будаваць у цэнтры Гродна ў красавіку . Hrodna.life (25 лютага 2017). Праверана 30 жніўня 2023.
- ↑ На Будзёнага каля Генконсульства пабудуюць новы гандлёвы цэнтр - што там будзе? . Hrodna.life (16 лютага 2019). Праверана 30 жніўня 2023.
- ↑ Паміж Будзёнага і Студэнцкай могуць пабудаваць гандлёвы цэнтр. Раней казалі пра офісы, гасцініцу і інтэрнат . Hrodna.life (30 жніўня 2023). Праверана 30 жніўня 2023.